banner

Вялікая Айчынная ў лічбах (працяг)

25 Марта’19
1351
Больш 1 000 000 партызан змагалася ў тыле з ворагам. Дарэчы, вайна на тэрыторыі Беларусі і была ў многім менавіта партызанскай.

Каля 11 900 000 савецкіх воінаў усяго за ваенныя гады загінуўшых, трапіўшых у палон, прапаўшых без вестак, каля 13 700 000 мірнага насельніцтва (у іншых крыніцах падаецца агульная лічба 26,6 мільёна чалавек ці нават звыш 29 мільёнаў).

8 600 000 чалавек было загублена з боку Германіі. Як бачым, Савецкі Саюз за аднаго акупанта заплаціў трыма суайчыннікамі. 

1 710 гарадоў парушылі за гады вайны акупанты на тэрыторыі Савецкага Саюза, 70 000 вёсак, разграмілі 98 000 калгасаў, 1 876 саўгасаў, 32 000 заводаў і фабрык. Было знішчана 2 000 архітэктурных помнікаў, больш 400 музеяў, 30 000 000 жыллёвых збудаванняў. 

33% савецкага нацыянальнага багацця (па даваенных цэнах каля 128 мільярдаў долараў) склалі страты Савецкага Саюза.   
    
Больш 400 чалавек здзейснілі «матросаўскі» подзвіг. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 11 681 воіну, а 2 532 з’яўляюцца Поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Кожны пяты з савецкіх воінаў за мужнасць быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, многія атрымалі іх пасмяротна.
 
5 піянераў СССР сталі Героямі Савецкага Саюза, звыш 200 дзяцей і падлеткаў атрымалі медаль “Партызану ВАВ”, больш 15 тысяч – за абарону Ленінграда, больш 20 тысяч – за абарону Масквы. 

12 савецкіх гарадоў сталі гарадамі-героямі за самаахвярнасць.

Каля 70 000 мемарыяльных дошак і помнікаў увекавечылі подзвіг савецкага народа. 
У 1954 г. у цэнтры Мінска быў устаноўлены велічны помнік воінам Чырвонай Арміі і партызанам – манумент Перамогі – здзейснены ў граніце абеліск вышынёй амаль 40 метраў. Чатыры грані пастамента абеліска аформлены бронзавымі гарэльефамі, створанымі беларускімі скульптарамі: 9 мая 1945 г. (А. Бембель), Партызаны Беларусі (А. Глебаў), Слава загінуўшым героям (З. Азгур), Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны (С. Селіханаў). Абеліск вянчае выява ордэна Перамогі. 3 ліпеня 1961 г. тут быў запалены Вечны агонь.

Жыхары 628 беларускіх вёсак у Другую сусветную былі спалены жывымі, 186 з іх так і не ўсталі з небыцця. Хатынь стала надзвычай гаваркім сімвалам айчыннай трагедыі. Гітлераўцы пасадзілі ў свіран старых, жанчын, дзяцей, зачынілі і падпалілі. У агні загінулі 149 чалавек, у тым ліку 75 дзяцей. Жывым удалося вырвацца толькі аднаму – 56-гадоваму Іосіфу Камінскаму, які хацеў вынесці і свайго параненага сыночка, аднак не змог… У 1969 г. у памяць аб усіх загінуўшых беларусах на месцы былой вёскі ў Лагойскім раёне быў адкрыты мемарыял як даніна памяці амаль 3 мільёнаў беларусаў. Тут ёсць і могілкі вёсак, куды са 185 спаленых вёсак былі прывезены ўрны з зямлёй… 
     
Восенню 1941 г. на тэрыторыі калгаса імя Карла Маркса быў створаны найбуйнейшы лагер смерці на тэрыторыі Беларусі і акупаваных раёнаў СССР Малы Трасцянец. У ім знішчаліся мірныя жыхары, ваеннапалонныя з СССР, Польшчы, Германіі і Чэхаславакіі. Назва “Трасцянец” аб’ядноўвае некалькі месцаў масавага знішчэння людзей: урочышча Благаўшчына – месца масавых расстрэлаў; уласна лагер – побач з вёскай Малы Трасцянец у 10 км ад Мінска па Магілёўскай шашы; урочышча Шашкаўка – месца масавага спалення людзей.

Канстанцін КАРНЯЛЮК,
г. Віцебск.

Вялікая Айчынная ў лічбах

Предыдущая статья

Распачаўся збор карыснага бярозавага напітку