banner

Біятлон нараджаецца тут!

15 Января’19
1523
На мінулым тыдні на базе Ханявіцкага ДС СШ прайшоў раённы этап Рэспубліканскіх спаборніцтваў для дзяцей і падлеткаў па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і лыжных гонках «Снежны снайпер». Гэтыя спаборніцтвы праводзяцца з 2007 года пад эгідай Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.



«Снежны снайпер» карыстаецца асаблівай папулярнасцю сярод школьнікаў. За перамогу змагаліся каля ста дзяцей з усіх устаноў адукацыі раёна ў трох узроставых групах. 

Пасля цырымоніі адкрыцця каманды перайшлі ў спартыўную залу школы,  дзе прайшоў першы этап спаборніцтваў. Юныя спартсмены стралялі з палажэння седзячы. Кожнаму давалася па пяць заліковых стрэлаў. Трэба было бачыць, як хлопчыкі і дзяўчынкі рыхтаваліся да стральбы з пнеўматычнай зброі: адны прыкрывалі вока шапкай ці шалікам, другія раіліся з настаўнікамі ці сябрамі. Трэба адзначыць, што настаўнікі фізічнай культуры вельмі хваляваліся за сваіх падапечных: падказвалі, рабілі слушныя заўвагі і ўсяляк падтрымлівалі рабят.





Калі першы этап закончыўся, усе каманды накіраваліся на лыжную дыстанцыю, якая была пракладзена на ўскрайку лесу. І тут хапала эмоцый і прагі да перамогі. Усе лыжнікі, ад старэйшых да самых маленькіх, вельмі стараліся. Яны даганялі, пераганялі адзін аднаго, часам падалі, але з дыстанцыі ніхто не сышоў. 













 Большасць удзельнікаў паказала даволі добрую лыжную падрыхтоўку, чаму, як ніколі, спрыяла сёлетнее снежнае надвор’е.











У асабістым заліку ў сваіх узроставых групах пераможцамі сталі Юлія Лобач і Аляксей Пернач з Дабравольскага ДС СШ, Данііл Пекар з Грынкаўскага ДС СШ і Вікторыя Гайдучэня з Дабравольскага ДС СШ, Любоў Міхальчук і Цімур Піянзін з Дабравольскага ДС СШ. 
У камандным заліку сярод сельскіх школ перамаглі спартсмены з Дабравольскага ДС СШ, другое месца ў грынкаўскіх рабят, трэцяе месца заняла каманда Навадворскай СШ.

Сярод гарадскіх школ лепшымі сталі гімназісты, другое месца ў каманды СШ № 2 імя М. П. Масонава, на трэцім – спартсмены з Поразаўскай СШ.  
Па выніках спаборніцтваў вызначылі склад зборнай раёна, якая будзе прадстаўляць Свіслаччыну на абласным этапе.

Ігар БАЯРКІН.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

Соревнования среди детей и подростков по биатлону «Снежный снайпер»