banner

Каму «пад Польшчай» жыць добра?

15 Сентября’22
332
Крыху больш за сто гадоў таму назад, 18 сакавіка 1921 года, быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, якім завяршылася савецка-польская вайна. Але ці ж усе засталіся задаволенымі? Не, і найперш заходнія беларусы, бо дамоўленасці зусім не ўлічвалі іх інтарэсаў. Цэлых васямнаццаць гадоў, да 17 верасня 1939 года, працягвалася барацьба беларусаў, якія апынуліся «пад Польшчай», за права «людзьмі звацца».

Трэба прыгадаць той факт, што польскія палітыкі, ствараючы другую Рэч Паспалітую, першапачаткова разглядалі беларускія землі як свае «odwieczny», чаго асабліва і не ўтойвалі. Аднак частка нацыянальнай інтэлігенцыі спачатку сур’ёзна спадзявалася, што палякі, узнавіўшы сваю дзяржаўнасць, дапамогуць у тым жа і беларусам. Але польскія кіруючыя колы хутка паставілі наіўных беларусаў на месца, вярнуўшы іх у рэальнасць выгадных толькі польскаму боку адносін. Пра становішча беларусаў на землях, якія адышлі да Польшчы, можна даведацца з газет, якія выдаваліся тады беларускімі патрыётамі. Іх было нямала, але гэта не значыць, што рэжым Пілсудскага дазваляў свабоду слова і друку. Практычна ўсе гэтыя выданні падвяргаліся ганенням. Некаторыя знаходзіліся пад прамой забаронай, тыражы іншых канфіскоўваліся, аўтары, што ў іх друкаваліся, падвяргаліся рэпрэсіям.

Пачытаем газеты 1920–1930-х гадоў, якія хадзілі па Заходняй Беларусі. Вось што пісалі яшчэ ў 1921 годзе «Беларускiя ведамасьцi», што выдаваліся ў Вільні: «Вольныя з вольнымi», «Роўныя з роўнымі» – вось харошыя лёзунгi, што несьлi польскiя легiоны выпiсанымi на сваiх штандарах, якiя абвяшчалi заўсёды з перакананьнем прадстаўнiкi Польскага Гаспадарства ў яго барацьбе за ўсходнiя межы, родзячы ў суседнiх народаў пэўныя надзеi на Польшчу як на асвабадзiцельку i абароньнiцу iх нацыянальных правоў… Жыцьцё пярэчыць усiм харошым лёзунгам аб свабодзе, а адмiнiстрацыйная практыка на беларускiх землях iдзе ня толькi процi прынцыпаў канстытуцыi i ўсялякiх памiжнародных трактатаў, але гвалцiць часта самыя элемэнтарныя правы да жыцьця беларускага народу».

Свядомыя беларусы адразу зразумелі, што на сваёй зямлі гаспадары не яны, а ўсё тое, што прапагандавалі польскія ўлады, насамрэч далёка ад рэалій. І гэтае часта непрыкрытае нахабства і самаўпраўства палякаў разыходзілася па беларускім паветам газетным радком.

Вось, напрыклад, «Беларускія ведамасьці» за той жа 1921 году распавядаюць, як выбіралі войта ў Вялейскім павеце: «16 кастрычніка ў гміну былі скліканы ўсе солтысы дзеля выбараў новага войта. «Ну, – думалі солтысы, – абяром войта – якога захочам, які будзе наш чалавек і за нас будзе стаяць. Годзе старому войту п’янстваваць і ня відзець п’янымі вачамі нашай крыўды». Вот нарэшце зьявіўся і начальнік Ільскага раёну ў гміну. Сказаўшы солтысам, каб яны добра глядзелі за вартай, за чыстатой, ён напаследак паказаў солтысам-беларусам новага войта – п. М., тутэйшага шляхцюка. Папрабавалі солтысы выразіць свой голас, дык раённы сказаў: «Ня ваш інтэрас, посьле новага року вы будзеце выбіраць войтаў!» Вот табе і выбары! І за старым царскім ражымам мы старшыню ў воласьці самі выбіралі, а цяпер? Цяпер па волі якогась раённага – «танцуй, уража, як пан кажа»!»

(Працяг будзе.)

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Внимание: эвакуация! Учебная