banner

І гладдзю, і крыжыкам...

27 Ноября’19
1765
Сваю першую вышыўку корнадзьская майстрыха Таццяна Наумік памятае добра. Гэта быў маленькі тварык марачка, вышыты крыжыкам яшчэ ў школьныя гады, дакладней, у чацвёртым класе. Тады, успамінае Таццяна Канстанцінаўна, настаўніца з недаверам паглядзела на яе работу, сказаўшы: «Напэўна, табе матуля дапамагла…» Да таго ж гладка ляглі каляровыя ніткі на кавалачку палатна!


Не, дзяўчынка тады пастаралася сама! А вось талент сапраўды пераняла ад маці ды, так сказаць, дапоўніла яго. Бо Яўгенія Іванаўна не захаплялася вышыўкай, больш займалася шыццём, вязаннем ды ткацтвам. Жанчыну, якую ў 1960 годзе напаткаў лёс удавы, цікавіў практычны бок рукадзелля: трэба было апранаць траіх дзяцей…

Нямала вады ўцякло з той пары. Таццяна Канстанцінаўна і сама ўжо выгадавала двух сыноў, мае ўнукаў. Але за доўгія гады цікавасць да вышывання не знікла. Хутчэй, наадварот. Толькі з выхадам на пенсію майстрыха-самавучка змагла цалкам аддацца любімай справе, якая, дарэчы, патрабуе нямала часу. Дзе ж яго ў маладосці браць, калі дзеці малыя і на працу бегчы трэба?!



Тым не менш паспявала і раней з іголкай у руках пасядзець. Хацелася і абрус аздобіць каляровай вышыўкай, і пакрывала на ложак, і навалачкі на падушкі, і ручнік прыгожы на ікону павесіць. Шмат ручнікоў, расказвае Таццяна Канстанцінаўна, давялося ёй вышыць. І сабе, і людзям (як жанілі дзяцей, часта звярталіся за дапамогай). Нямала іх і ў царкву ў Лыскава перадала, а таксама ў школьны музей.



Парадавала майстрыху з’яўленне ў продажы яркіх нітак, што прыйшлі на змену савецкаму мулінэ, з якога яна некалі пачынала. Яе работы сталі яшчэ больш сакавітымі, насычанымі, яркімі. У іх расцвітаюць кветкі, вырастаюць каласкі, загадкава сцелюцца дзіўныя ўзоры. Усю разнастайнасць малюнкаў, прызнаецца рукадзельніца, яна прымячае вакол сябе і пераносіць убачанае на палатно. Калі ж звяртаецца да арнамента – то гэта традыцыйнае спалучэнне чорнага і чырвонага колераў.



Акрамя багацця адценняў нітак, час прынёс вышывальшчыцам і разнастайнасць гатовых схемаў. Не прайшла міма і Таццяна Канстанцінаўна. Вынік – сапраўдная галерэя вышытых карцін, якія сёння ўпрыгожваюць яе кватэру. Зойдзеш – нібы на выстаўку трапіў. Тут і іконы, і пейзажы, і храмы, і партрэты, і жывёльны свет… Адна з найбольшых па памерах работ (44х63 см) – «Раздолле». Гэта пяцьдзясят тры колеры ў васямнаццаці фрагментах! Месяц бяссонных начэй і ранніх пад’ёмаў!

Калі пачну што-небудзь вышываць, – гаворыць умеліца, – не магу супакоіцца, пакуль не давяду да канца. Да ночы магу засядзецца, раней за сонца ўстаць…



Прыемна Таццяне Канстанцінаўне, што яе інтарэс падзяляе нявестка Антаніна, праўда, займаецца яна алмазнай вышыўкай. Унукі Ульяна і Кірыл таксама заглядаюць на каляровыя ніткі. Прыйдуць, просяць: «Бабуля, дай, мы для мамы кветачку вышыем…» І атрымоўваецца – нараджаюцца на кавалку тканіны іх першыя крыжыкі. Словам, традыцыі працягваюцца.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Лжепокупки, мнимые банковские работники и ошибочные кредиты: Нацбанк рассказал о схемах мошенничества