banner

Любімыя мясціны малой радзімы

11 Августа’18
1727

Любімыя мясціны  малой радзімы

Я лiчу, што мне вельмi пашанцавала, бо нарадзiлася я ў цудоўным куточку нашай краiны. З усiх бакоў нашу вёску Дабраволю акружае цудоўны лес.

 

Гэта Белавежская пушча, пра якую ведаюць далёка за межамi Беларусi. Сюды едуць турысты з iншых краiн. А нам нiкуды не трэба ехаць. Выйдзеш за вёску – i апынiшся ў цудоўным лесе, дзе растуць прыгожыя гонкiя сосны, елкi, бярозы, дубы... Пушча стала домам для жывёл i птушак. Тут можна сустрэць зайцаў, вавёрак, лiсаў, аленяў, казуль, дзiкоў, зуброў... Не дай бог сустрэчы з ваўком, хоць кажуць, што ён цяпер для чалавека не страшны.


Зараз мой родны куточак завецца аграгарадок Дабраволя, самым галоўным багаццем якога з’яўляюцца яго жыхары. Такiя добрыя, працавiтыя, шчырыя, таленавiтыя, яны працуюць на розных аб’ектах, размешчаных у вёсцы: на ферме, пошце, у амбулаторыi, доме-iнтэрнаце для састарэлых i iнвалiдаў, філіяле-клубе, ляснiцтве, магазiне, школе.


Кожны дзень знаёмай сцяжынкай я iду ў школу, якая чакае нас, сваiх вучняў. Мае настаўнiкi! Гэта яны з дня ў дзень, з году ў год вучаць нас разумнаму, добраму, вечнаму.


У маёй вёсцы шмат вулiц, але самая дарагая для мяне – вулiца Мiхаiла Урбановiча, тут мой родны дом, дзе я жыву разам з роднымi.


Я вельмi люблю свой прыгожы, утульны дом, каля якога з вясны да глыбокай восенi цвiце мноства кветак. Яны кожную ранiцу праводзяць мяне ў школу, а потым сустракаюць. Я ўпэўнена, што яны радуюцца маім поспехам i хвалююцца, калi ў мяне нешта не атрымлiваецца.


Я яшчэ не ведаю, кiм буду, куды закiне мяне мой лёс, але ўпэўнена, што свой родны куточак, сваю Дабраволю памятаць буду заўсёды. Хiба можна забыць свой дом, сям’ю, школу, сяброў?!


Дзе б я нi была, а часцiнка майго сэрца назаўсёды застанецца ў родным куточку, у маёй любай Дабраволi.

 

Цiхая вёска ля пушчы,
Родны бацькоўскi мой кут,
Цёплым лiпеньскiм ранкам
Я нарадзiлася тут.
Шчодрае сонейка ўлетку
Дарыла сваё мне цяпло.
Ночкаю зоркi свяцiлi,
Месяц глядзеў у акно.
Песнi матуля спявала,
Каб лепей спалася мне.
Казкi бабуля казала,
Якiх больш не чула нiдзе.
Вёска мая каля пушчы,
Яе Дабраволяй завуць
Пэўна таму, што
спрадвеку
Тут добрыя людзi жывуць.
Жывi, прыгажэй, мая вёска,
Красуй i не ведай вайны.
Хай кружыць над пушчай
высока
Белы бусел як сiмвал
вясны.
Няхай жа так будзе
заўсёды:
I бусел, i вёска мая.
Квітней жа ты вечна,
Радзiма,
Не ведай ты слова «вайна».

 

Ксенія Урбановіч,
вучаніца 9 класа, аг. Дабраволя.

Предыдущая статья

Собираем портфель вместе