banner

Ты песня, ты казка, мой край, мая ласка!

01 Апреля’09
3823

Ты песня, ты казка, мой край, мая ласка!Свіслаччына! Невялічкі беларускі куточак, дзе пашчасціла нарадзіцца і вырасці. Любая сінявокая радзіма ў зялёнай пушчанскай сукенцы, з пшанічнай касой і валошкавым вянком на галаве. Як любы нам твае беластволыя бярозавыя гаі і сасновыя бары, як цешыць душу спеў тваіх жаваранкаў у блакітным небе над залатым морам спелага жыта, як ласкава ты ўсміхаешся да кожнага, хто ідзе да цябе, як шчыра сустракаеш хлебам-соллю на белым ільняным ручніку, як спакойна і радасна жывецца пад тваімі крыламі, як соладка спіцца дзеткам у тваёй калысцы. Якое шчасце, што ты ёсць у нас такая! Як для кожнага дзіцяці няма нікога даражэйшага і прыгажэйшага за маці, так і для нас няма ў свеце мясціны, якая магла б параўнацца з табой, Свіслаччына! І вада ў тваіх крыніцах самая чыстая, і сонца тваё самае гарачае, і людзі твае самыя шчырыя, і песні твае самыя меладычныя. Менавіта ім, песням, якія складаліся і спяваліся тут спрадвеку, а таксама цудоўным і непаўторным казкам і легендам пушчанскага краю прысвячаецца наша першая тэматычная старонка “Ад прадзедаў спакон вякоў...”

 

"Шумяць вербы каля грэблі..."

Напачатку было слова — гэта бясспрэчная ісціна! Менавіта яно, слова, з’яўляецца ядром, зернем, сутнасцю фальклору. Свой настрой, пачуццё, памкненне душы, самыя запаветныя адценні яе стану народ перадаваў, у першую чаргу, песняй. Яна, песня, спявалася і ў горы, і ў радасці, суправаджала кожнага ад калыскі да апошніх хвілін жыцця.

Наш край мае вельмі багатую і своеасаблівую вусную творчасць. Нездарма многія творы ў свой час запісалі вядомыя фалькларысты, якія тут нарадзіліся, жылі і працавалі: Ф. Карпінскі, Ю. Кранцузскі, У. Нікіфароўскі, М. Забейда-Суміцкі. Свіслаччыну часта наведваў Р. Шырма. Дарэчы, у яго чатырохтомны зборнік “Беларускія народныя песні” увайшло нямала песень з паметкай “Запісана ў 1934 годзе ад дзяўчат вёскі Грынкі”. У яго ўвайшлі такія песні, як “Я ў сераду радзілася”, “Шумяць вербы”, “Ой, ты, гаю зялёны”, “Цераз сені ў камору” і іншыя. Не раз гасціў Рыгор Раманавіч у народнай спявачкі з Міхалак Марыі Антонаўны Мялешкі. Гэтай цудоўнай бабулькі, якая ўвасабляла ў сабе ўсё хараство народнай песні, ужо няма на свеце, але песні яе жывуць!

Каліна з малінаю ў садзе расцвіла,

У тую мяне порушку маці радзіла.

Не вучыла розуму, замуж аддала,

На чужу старонушку

Ды й за жаўняра.

Чужая старонушка без ветру шуміць,

Чужы айцец з мацер’ю

Не б’юць, ды баліць...

Варта толькі пачуць — і перад вачамі паўстае вобраз невялічкай хударлявай бабулькі ў квяцістай хустачцы. Яна сядзіць ля калаўрота, пальцы лоўка скручваюць тонкую нітачку, і недзе з самай глыбіні сэрца льецца песня. Яна не змаўкае ні на хвіліну. І нават адразу не пазнаеш, калі канчаецца адна песня і пачынаецца другая. Але гэта не так важна, проста хочацца слухаць і слухаць той меладычны, лагодны голас спявачкі.

Ой, там у лузе

Васіль сена косіць.

Да яго дзяўчына

Дзяціну прыносіць.

— Васілю, Васілю,

На табе дзяціну.

А калі не возьмеш,

На пакосе кіну.

На табе, дзяўчына,

Сто рублёў у хату.

Не кажы нікому,

Што я яе тата...

Ты песня, ты казка, мой край, мая ласка!Так спявала некалі народная спявачка з Нязбодзічаў Ніна Лявонаўна Зошчык. Добрая, сціплая, таленавітая жанчына, якую таксама ўсё жыццё суправаджала песня. І яе няма ўжо на свеце, а песні пяюць дзеці і ўнукі, таму што яна, песня, як невычэрпная крыніца з чысцюткай вадою.

Людзей, улюбёных у песню, на Свіслаччыне нямала. Амаль у кожнай вёсачцы ёсць такія самабытныя спявачкі. У Грынках шмат гадоў не змаўкаюць песні Яўгеніі Паўлаўны Барэль, Лідзіі Канстанцінаўны Трахімік, Марыі Максімаўны Казлоўскай. А як хораша спявае гурт “Лета маладыя” з Куклічаў. Такія ж цудоўныя гурты ёсць у Міхалках, Пацуях, Ціхаволі, Корнадзі, Нязбодзічах, Дашкавічах, Вялікім Сяле. Да сёння гучаць у памяці песні, якія выконваў мой любы фальклорны калектыў “Крынічанька”. Калядныя, валачобныя, купальскія, абрадныя, колькі ж іх ведаюць гэтыя сціплыя бабулькі!

 Яны пяюць песні, жывуць песняй. І кожная – скарб, якому няма цаны. Гэта даказана жыццём. Вось з’яўляецца новая сучасная песня. Яна гучыць, не сціхаючы, па радыё, яе “круцяць” на дыскатэках, спяваюць на вечарынах. Адным словам – шлягер! А праходзіць час, і “шлягер” той адыходзіць у нябыт, ніхто не памятае аб ім, хіба толькі дзе-нідзе хто выпадкова прыпомніць і заспявае на застоллі. Немагчыма палічыць, колькі такіх песень аджылі свой век і назаўсёды змоўклі. А вось народная жыве стагоддзямі. Мяняюцца час, мода, стыль, густы, і толькі адвечная народная песня, якую яшчэ называюць матчынай, застаецца такой жа жывой і чыстай.

...Вышчыпну я з ружы кветку

І пушчу на воду.

Плыві, плыві з ружы кветка

Аж да майго роду...

Плыла, плыла з ружы кветка,

Пры беражку стала.

Выйшла мама воду браці,

Кветачку пазнала.

Ой, чаго ты, з ружы кветка,

На вадзе збялела?

Неужэлі мая дочка

Тры гады балела?

Ні балела, ні хварэла

Ні дня, ні гадзінкі,

Папалася злому мужу

У няверну радзінку...

Такая вось жаласлівая песня пра нялёгкую жаночую долечку, пра тое, як цяжка жывецца ў чужой староначцы ды з ліхім мужам. А спявае яе Соф’я Аляксандраўна Пузыр з Міхалак. Наогул, у яе рэпертуары такіх песень вельмі шмат. Яна магла б спяваць іх цэлы дзень і не стамілася б. Наадварот, менавіта песня дапамагала ёй не раз пераадольваць жыццёвыя выпрабаванні і заставацца стойкай пры любых акалічнасцях. Ды і не толькі ёй. Спытайце любую народную спявачку, носьбітку аўтэнтычнага фальклору, і яна адкажа, што песня для яе была і застаецца, бадай, найважнейшым жыццёвым стымулам, які заўсёды дапамагаў трымацца на плаву. Вось якую моц мае матчына песня.

І як радасна, што сёння гэтыя песні спяваюць і ў дзіцячых садках, і ў школах.

Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты няпоўная?

Чаму ж ты няпоўная,

З беражком няроўная...

Льюцца-пераліваюцца чыстыя галаскі дзяўчынак у вышытых кашульках і, здаецца, чуваць, як журчыць ручаёк, як бурліць крынічанька. А гэта значыць, што з цягам часу тыя ж песні будуць спяваць іх дачушкі, а потым унучачкі, гэта значыць, што жыць тым песням у вяках.

 

Я вам баечку забаю...

Ты песня, ты казка, мой край, мая ласка!Мая бабуля Марыля называла казкі “баечкамі”. А колькі яна іх ведала! Магла расказваць і расказваць... Яна не ўмела ні чытаць, ні пісаць. І мне здаецца, што яна сама прыдумвала іх прама на хаду. Не магу дараваць сабе зараз, што ніводнай не запісала, што нават думка такая да галавы не прыйшла. Памерла бабуля, і змоўклі казкі. Толькі некалькі ў памяці засталося. Вось адна з іх.

“Жыла-была адна багатая пані. І не ведала яна, што такое бяда. Усё хадзіла і людзей пытала: “Скажыце мне, людочкі, а што такое бяда? Вось і той, і той бядуе, а я не ведаю, што ж гэта за бяда такая”. А людзі з яе смяяліся, казалі: “Пачакай, пачакай, панечка, даведаешся калісь і ты, што яна за бяда такая”. Аднойчы пайшла яна ў лес ды заблудзілася. Вечар настаў, а яна дадому дарогі не ведае. Тут бачыць, хатка стаіць. Пайшла да той хаткі, пастукала ў дзверы, а ніхто не ідзе. Бачыць — дзверы адчынены. Вось зайшла яна ў хатку і на лаве прылягла. Тут ужо і сцямнела. Чуе нейкі шум. Яна пад печчу схавалася і паглядае. А ў гэтай хаце бандыты жылі. Яны людзей рабавалі і забівалі. Пачалі яны дабро сваё дзяліць і хваліцца адзін перад другім, хто каго забіў, што адабраў. А потым есці селі, а як паелі, то паснулі. Страшна было той пані, бо яны ж маглі і яе забіць. Пачакала яна яшчэ трошкі, а потым ціхенька вылезла з-пад печы і пабегла. Бяжыць і крычыць: “Бяда-бяда-бядуленька, бяда-бяда-бядуленька...” Бегла, бегла і ад страху прама да сваёй хаты прыбегла. З той пары яна ўжо нікога не пыталася, што такое бяда”.

 

Там жыла прыгожая Кінгі

А легенды! Якія цудоўныя легенды складзены пра нашы мясціны. Вось толькі адна з іх, якая запісана ў цэнтры Белавежскай пушчы, у вёсцы Ціхаволя.

“Даўней, калі панавалі каралі, паблізу Нарвы шумелі дрымучыя лясы. А на беразе ракі, акружаны лясамі і садамі, стаяў палац, і жыла ў ім каралева Кінгі. Цэлымі днямі гуляла яна ў садзе і ў лесе. Збірала грыбы, ягады і слухала, як спяваюць птушкі. Яна заўсёды карміла іх, і птушкі яе вельмі любілі. Але аднаго разу, калі пайшла яна ў сад, раптам затрэслася зямля, вакол пацямнела, і палац разам з людзьмі праваліўся пад зямлю. А на тым месцы — толькі невялікая горка.

Але Кінгі не забылася пра сваіх птушак. У поўнач яна выходзіла з зямлі, распальвала агонь і садзілася на камень. Многія бачылі, што свеціцца на гары агеньчык, але падыходзіць баяліся. А Кінгі ўсё сядзела і чакала, што хто-небудзь прыйдзе і нарве ёй кветак.

Аднойчы тут праязджаў адзін разбойнік. Убачыў ён агеньчык на гары і падумаў, што там свеціцца кавалак золата. Пайшоў туды і ўбачыў красуню-дзяўчыну. Перад ёю стаяў куфар з золатам, і яна перасыпала яго рукамі. Кінгі павярнулася да разбойніка і кажа: “Ідзі, добры чалавек, нарві мне кветак, і я табе аддам гэтае золата”.

Але разбойнік, як дзікі звер, накінуўся на Кінгі і хацеў яе забіць. Але што за дзіва? На тым месцы, дзе стаяла дзяўчына, нікога не стала, а дзе стаяў разбойнік, аказаўся вялікі камень. Ён і зараз ляжыць на гары. І калі хто-небудзь убачыць яго, то няхай успомніць, што некалі тут стаяў вялікі палац і жыла ў ім прыгажуня Кінгі”.

Пра песні, казкі, легенды, паданні можна расказваць бясконца і не надакучыць. Бо гэта скарбы душы народа, якім няма і не будзе цаны. Вельмі хацелася б сабраць іх разам. А, можа, паспрабаваць? Калі ласка, паважаныя чытачы, дасылайце нам цікавыя легенды, казкі, паданні, якія вы чулі ад сваіх бабуль і дзядуль. Бо гэта павінна застацца для нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

На снимках: народны фальклорны калектыў "Крынічанька"; С. А. Пузыр; М. А. Мялешка.

Предыдущая статья

Здесь встречают людей радушно