banner

У свет чароўны запрашаюць кнігі

01 Сентября’12
3844

У бібліятэкі раёна з пачатку бягучага года паступіла каля 6 тысяч новых выданняў, з іх 3 тысячы – газеты і часопісы. Прыемна адзначыць актыўнасць чытачоў, якія прынялі ўдзел у раённай бібліятэчнай акцыі “Жыві, кніга!”. Імі было падаравана каля 3 тысяч экзэмпляраў кніг.
Бібліятэкі актыўна папулярызуюць айчынную літаратуру, далучаюць падлеткаў да лепшых літаратурных твораў, выяўляюць творчыя здольнасці сваіх чытачоў праз мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках раённага бібліятэчнага конкурсу “Кніга ў маім жыцці”.
Кніжныя выставы з’яўля-юцца візітнай карткай бібліятэк. У апошні час карыстаюцца папулярнасцю выставы-парады, выставы-знаёмствы, выставы-разважанні: “2012 год – Год кнігі”, “Кніга за кнігай”, “У краіне кніжнай мудрасці”. Пры паступленні новай літаратуры бібліятэкары ладзяць адкрытыя прагляды “З кнігай праз стагоддзі і краіны”, “Свет ведаў адкрывае кніга”, “Чытаем беларускую кнігу”. Знаёмства з новымі выданнямі разнастайнай тэматыкі праходзіць на днях новай кнігі “Да нас прыйшла новая кніга”.
Вельмі насычаным на падзеі быў тыдзень дзіцячай кнігі “Падарожжа ў краіну яе вялікасці Кнігі”. У рамках тыдня ў бібліятэках прайшлі тэатралізаваная дзея “Жил да был дед Корней, писал сказки для детей” (да 130-годдзя з дня нараджэння К. Чукоўскага), прэзентацыя беларускай кнігі У. Ліпскага “Вясёлка над Нёманам”, мульт-шоу “Чараўнік – камп’ютар мой, выткаў казачны сувой”, дзень ветлівасці “Жила-была девочка Динка, или День волшебных слов” (да 110-годдзя з дня нараджэння В. Асеевай), дзень казкі “Добры свет чароўнай казкі” (па творах казачнікаў-юбіляраў К. Чукоўскага і С. Маршака).
Цікава праходзілі ў сельскіх бібліятэках конкурсы чытальнікаў, сямейныя чытанні, паэтычныя гадзіны. Вердаміцкая сельская бібліятэка запрасіла чытачоў на сямейнае чытанне “Чытаем разам з дзецьмі”, якое праходзіла з абаронай чытацкіх фармуляраў. Чарговы паэтычны чацвер “Кніга ў люстэрку паэзіі” у Корнадзьскай бібліятэцы-цэнтры эстэтычнага выхавання быў прысвечаны аднаму з галоўных тварэнняў чалавецтва – кнізе. Гучалі вершы як вядомых аўтараў, так і ўласнага складання.
У час летніх канікул дзеці мелі магчымасць не толькі адпачыць, але і ўдзяліць час любімым кнігам і часопісам. Супрацоўнікі бібліятэк заўсёды рады юным чытачам і ўпэўнены, што насычанае падзеямі і цікавымі сустрэчамі лета спрыяла рабятам лепей пазнаць навакольны свет. Сёлетні літаратурны конкурс летняга чытання “Хочам мы, каб наша лета было кнігамі сагрэта” быў акцэнтаваны на значэнні кнігі ў жыцці чалавека, на знаёмства з лепшымі творамі класікаў і сучасных аўтараў. Карысталіся папулярнасцю тэматычныя выставы, прэзентацыі фонду пазакласнага чытання “Кніжны востраў у акіяне лета”, “Летні клуб чытання запрашае…”, “Летняе сонца на кніжнай старонцы”. Па традыцыі напрыканцы лета ў кожнай бібліятэцы раёна былі падведзены вынікі літаратурнага конкурсу і ўзнагароджаны самыя актыўныя чытачы.
Вырашэнне асноўных задач Года кнігі ўскладзена менавіта на бібліятэкі. Зроблена многае, але спыняцца на дасягнутым бібліятэкары не збіраюцца і надалей будуць садзейнічаць папулярызацыі кнігі, захоўванню і развіццю культурна-гістарычнай спадчыны краіны, выкарыстоўваючы традыцыйныя і інавацыйныя формы работы.

Алена ШПАК,
загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай цэнтральнай
раённай бібліятэкі

Предыдущая статья

Расписание богослужений храма Воздвижения Креста Господня на сентябрь 2012 года