banner

Нагадаў даваенны здымак...

20 Мая’08
2387

Усё далей і далей у мінулае адыходзіць вайна. Усё меньш і меньш застаецца тых, каго яна апаліла сваім пякельным полымем. Тыя апёкі і раны ўсё яшчэ крываточаць, нягледзячы на тое, што мінула больш за шэсць дзесяцігоддзяў. Людзі, якія прайшлі праз вайну (няважна, быў гэта фронт ці жыццё пад прыгнётам ворага), могуць не ўспомніць, што было месяц ці тыдзень таму назад, а вайну памятаюць так выразна і яскрава, нібы гэта было ўчора. І могуць расказваць пра яе гадзінамі. І гэта зразумела: чалавек найбольш гаворыць аб тым, што баліць.


Нагадаў даваенны здымак...Не сціхае той боль і ў сэрцы сціплай старэнькай бабулі з Гаркаўшчыны Анастасіі Станіславаўны Турак. Ёй 88 гадоў, нарадзіла і выгадавала сямёра дзяцей, мае адзінаццаць унукаў і восем праўнукаў, пражыла доўгае, нялёгкае жыццё, і сёння прагна дзеліцца ўспамінамі.

— Вайна, дзеткі, — гэта такая бяда, горш за якую нічога няма на свеце. Яе ж калёным жалезам з памяці не высмаліш. Усю маладосць зруйнавала, усё жыццё скалечыла тая вайна праклятая.

Памятаю, яшчэ да вайны ў нас каля школы моладзь збіралася. Дзяўчаты, хлопцы з іншых вёсак прыходзілі, сябравалі. Потым некаторыя жаніліся, сем’ямі абзаводзіліся. А я пазнаёмілася аднойчы з Пашай Васіленка з Дабраволі. Добрая была дзяўчына, вясёлая, прыгожая, бойкая. Спяваць любіла, жартаваць, смяялася так звонка, заразліва. І марыла. У яе такія прыгожыя мары былі. Столькі ў ёй было жыцця, радасці...

 А у 41-м немцы прыйшлі. Мы ўжо перасталі каля школы збірацца. Баяліся, бо немцы лютавалі, свой парадак устанавілі. І з іншых вёсак да нас ужо не прыходзілі юнакі і дзяўчаты. А потым я пачула страшэнную вестку аб тым, што Пашу немцы павесілі. Мне тады падумалася: вось як скончыліся твае мары, сябровачка. Пятлю на іх налажылі... Плакала я, шкадавала яе, у вачах доўга яна стаяла. Здавалася, што смех яе чую.

Мне на памяць толькі фотакартка засталася, дзе мы стаімо з ёю і з Косцяй Раецкім. Пашу павесілі, а Косця загінуў на фронце. А на здымку, гляньце, якія мы маладыя... Нібы ўчора было...

Маю сястру і брата забралі ў Германію. І мяне хацелі, але потым пакінулі ў школе для немцаў гатаваць есці. Я і яшчэ адна дзяўчына з сяла на той кухні працавалі. Страшна было спачатку, а потым нічога, прывыклі. Потым надаела мне і я пайшла ў Ялоўку да нямецкага начальніка. Яго празывалі Кульбай, таму што ён кульбай людзей біў. Я пайшла да яго, сказала, што брат і сястра ў Германіі, што бацькі старыя і трэба ім дапамагаць, і ён дазволіў не працаваць на кухні. Я дома па гаспадарцы ўсё рабіла. Немцам трэба было здаваць малако, мяса, яйкі.

У той дзень, калі ў кар’еры расстрэльвалі людзей, у нас на падворку мужыкі сабраліся, сенакос быў. Адзін чалавек уцёк з таго кар’ера і прыбег да нас на надворак, а немцы — за ім. Дагналі і забілі.

У 43-м я замуж пайшла.. Хоць вайна, а ўсё ж маладыя жаніліся і дзеці нараджаліся. Жыццё ёсць жыццё, яно працягвалася, хоць і страшна было жыць. Мы тры гады сябравалі з маім Андрэем, дык вось восенню я за яго пайшла, а летам у нас ужо дачушка была, Марынка. Ёй пару месячыкаў было, як пайшоў муж на фронт. Плакала, шкадавала, баялася, каб не забілі. Але, дзякуй Богу, вярнуўся праз год, хоць і на кулях. У абедзве нагі паранены, косці былі скалечаны. Усё жыццё потым хварэў, у бальніцах шмат разоў ляжаў. У нас нарадзілася яшчэ шасцёра дзетак. У 46-м — сынок Віктар, а за ім пяць дачок — Ірына, Ліда, Рая, Зіна і Лена. Дзеці паслухмянымі былі, добра вучыліся, раслі працавітымі.

Я ў паляводстве працавала, а муж — пастухом. Добрым быў, сумленным, шчырым. Дзяцей вельмі любіў, і яны яго таксама. 16 гадоў ужо, як няма майго мужа.

Я караваі пякла для ўсёй вёскі, вяселлі строіла. Ніколі ні з кім не пасварылася, нікому ніколі не зайздросціла, так вось і пражыла жыццё...

Анастасія Станіславаўна сумна ўсміхаецца, і ў яе вачах з’яўляюцца іскрынкі. Яна дастае альбомы з фатаграфіямі і ўводзіць мяне ў свет сваёй сям’і. Адну за другой перакладае іх і расказвае пра кожную дачку, пра сына, унукаў, праўнукаў. Цешыцца, што не забываюць старэнькую маці, што звоняць часта, прыязджаюць. Найчасцей сынок Віктар з Ваўкавыска, а дачушкі далей жывуць, але хоць раз на год прыязджаюць, унучанят прывозяць, дапамагаюць ва ўсім. Яна расказвае — і столькі цеплыні, столькі пяшчоты ў яе голасе, столькі любові.

Нагадаў даваенны здымак......А вось і той даваенны здымак. Ля тумбачкі, на якой стаяць у вазачцы “коцікі”, дзве маладыя дзяўчыны і хлопец. Была вясна 41-га. Да вайны заставалася  некалькі месяцаў. Гэта адзіны здымак той пары, кавалачак юнацтва, якое было зруйнавана вайною і таму будзе помніцца да дзён апошніх.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Слава их переживет