banner

Жыровіцкае Евангелле, “Апостал ” Івана Фёдарава і манастырскі хлеб. Чым здзіўлялі на пляцоўцы духоўнасці ў Слоніме

01 Сентября’19
1566
Пляцоўка духоўнасці на вуліцы В. Крайняга ў Слоніме будзе працаваць да вечару. Але ўжо з першых хвілін адкрыцця на яе завіталі шматлікія наведвальнікі. Адных цікавілі рэдкія праваслаўныя кнігі, другіх — манастырскае печыва і лекавыя зборы, карыстаўся попытам і мёд.




З МІНУЛЫХ СТАГОДДЗЯЎ

Цэнтрам пляцоўкі была мабільная выстава царкоўнага музея Мінскай духоўнай семінарыі. Тут у арыгінале можна было пабачыць унікальныя выданні ажно XV-XIX стагоддзяў — багаслужэбныя Евангеллі, харугвы, а яшчэ — уборы. Самым каштоўным экспанатам было факсімільнае выданне Жыровіцкага Евангелля — беларускі рукапісны помнік XV стагоддзя. На ім захаваўся, дарэчы, запіс канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі.



Яшчэ адзін унікальны кніжны фаліянт — “Апостал” сярэдневечкага друкара Івана Фёдарава. Кніга датуецца 1563 годам.

Шырока была прадстаўлена на выставе праваслаўная кніга на беларускай мове. А сярод ганаровых наведвальнікаў — перакладчык некаторых выданняў з грэцкай мовы, прафесар Іван Чарота.


ЯК НАПІСАЦЬ ІКОНУ?

На майстар-класе па роспісу ікон можна было даведацца аб таямніцы яркіх фарбаў праваслаўнага іканапісу, якія не губляюць сваіх якасцей стагоддзямі. Сыравіна — толькі натуральная: дошкі з ліпы, ільняное масла і трохкампанентныя фарбы. У іх складзе — прыродныя мінеральныя пігменты (звычайна, парашок з камянёў), жаўток курынага яйка і віно. Роспіс ікон — справа вельмі карпатлівая.



МАНАСТЫРСКІЯ ПРЫСМАКІ І МЯДОВЫ ЭКСКЛЮЗІЎ

Спакушалі водарам прылаўкі з манастырскім печывам. Больш за пятнаццаць відаў хлебабулачнай прадукцыі прапанаваў Свята-Благавешчанскі жаночы манастыр. На розны густ кексы, пірагі, некалькі відаў хлеба, печыва.


Багатыя кулінарныя традыцыі ў Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра. Акрамя печыва, па ўласнай рэцэптуры, адобранай і бласлаўлёнай настаяцелем манастыра айцом Яўсевіем, вырабляецца соль, некалькі відаў сыроў, квас. Тэрмін захоўвання ў такой прадукцыі, канешне ж, кароткі, але пакупнікоў гэта зусім не стрымлівала. Да таго ж сярод іх было шмат прыхільнікаў манастырскіх страў.

Больш за дзесяць сартоў мёду прывезлі на выставу пчаляры. Напрыклад, Ніна і Аляксандр Тоўкачы з Ваўкавыскага раёна мядовай справай займаюцца больш за трыццаць год. У іх гаспадарцы амаль дзве сотні вулляў.

Наведвальнікі духоўнай пляцоўкі маглі набыць праваслаўную літаратуру, лекавыя зёлкавыя зборы і настойкі, мазі, манастыркую гарбату.

grodnonews.by

Матэрыял Вольгі ВАРАБ’ЁВАЙ

Фото: аўтара і Алега БЕЛЬСКАГА

Предыдущая статья

Второй день праздника в Слониме. Сегодня День белорусской письменности удивит квест-играми, литературными чтениями, спортивными состязаниями и фейерверком
Похожие новости