banner

Праект “Свіслацкай газеты” да Году народнага адзінства: Роднае Народнае

19 Февраля’21
1600
Не буду першаадкрывальнікам, калі скажу, што нацыянальны склад насельніцтва Свіслачы гістарычна склаўся даволі стракатым. Беларусы, палякі, яўрэі, рускія, татары… І ўсё гэта – свіслачане, якія вякамі жылі і працавалі на адным кавалку зямлі. Так, амаль 500 гадоў налічвае гісторыя сумеснага жыцця свіслацкіх беларусаў з прадстаўнікамі яўрэйскага народа, лёс якога цесна звязаны з лёсам нашага краю. Беларусы заўсёды мелі славу талерантнага люду, яны заўсёды добразычліва ставіліся да іншых народнасцей, паважалі іх веру і звычаі. А прышлыя ж, асеўшы на беларускіх землях, у сваю чаргу засвойвалі нашу мову і пераймалі нашу культуру. Жылі мірна, уносячы свой уклад у развіццё гаспадаркі і культуры. А ў час, адведзены для духоўнага, звярталі свае малітвы да нябёсаў. Хто да Бога (як хрысціяне), хто да Яхве (як іудзеі), хто да Алаха (як мусульмане)… Але як ні кліч Яго, Ён – адзіны. Значыць, вера яднае людзей, мы ўсе яднаемся ў любові да Усявышняга...

Памяць аб гістарычных каранях мясцовых канфесій, надзвычай даўніх і цікавых, вяртаюць нам экспанаты Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея. Што ж так беражліва захоўваюць яго фонды? Заглядваем у таямніцы разам з іх галоўным захавальнікам Вольгай Трафімік.

Калі ласка – маленькі кішэнны малітоўнік “Вянок Марыі”, выдадзены ў 1939 годзе ў Кракаве. Кніжка невялікага фармату – усяго 5х8 сантыметраў. Разам з тым мае амаль 200 старонак з малітвамі для Ружанца. Эпіграфам да выдання паслужыла давідаўскае “Утешайся Господом, и он исполнит желания сердца твоего”.



Ружанец. Гэта і пэўны спосаб малітвы, паслядоўнасць якой адлічваецца, нібы па пялёстках ружы, і матэрыяльны сімвал каталіцкай веры. Накшталт вянка плятуць вернікі вянок з малітваў, каб прынесці яго Божай Маці. Кожная асобная малітва (паклон) адзначана пацеркай на вяроўцы. Асобае пачуццё авалодвае сэрцам, калі ўяўляеш, як размаўляў з Богам, трымаючы ў руках гэтыя крыжык і пацеркі, наш набожны продак. Па “ўзросту” экспанат – даваенны.



Каран. Свяшчэнная кніга мусульман. Змяшчае ў сабе асноўныя прынцыпы і ідэі веравучэння, якія, згодна з мусульманскай традыцыяй, былі перададзены прароку Мухамеду праз анёла самім Алахам. У кнізе мноства перасячэнняў з іудаізмам і хрысціянствам. А мова Карана лічыцца непераўзыдзеным узорам арабскага красамоўства. Музейны Каран нават мае дароўны надпіс “На память Алине Романовне Роткевич от Романа Яковлевича Байрашевского”. Выданне пачатку ХІХ стагоддзя.



Рарытэты на гэтым не заканчваюцца. 1923 год. Менавіта ім датуецца зборнік-пропаведзь каталіцкага святога Вікенція дэ Поля – заснавальніка кангрэгацый (манаскіх супольнасцей) лазарыстаў і дачок міласэрнасці.



Вялікая кніга з пахам даўніны (ХVІІІ–ХІХ ст.), з драўлянай вокладкай, у скураным пераплёце, на металічных заклёпках – гэта Мінея месячная. Яна змяшчае службы святых на кожны дзень лютага. Напісана на царкоўна-славянскай мове. Можна нават паспрабаваць пачытаць: у таго, хто знаёмы са стараславянскай азбукай, пэўна, атрымаецца.

Тора. Першая частка Бібліі, так званае “Пяцікніжжа Майсеева” – скрутак (сапраўдны пергамент!) з тэкстам на іурыце. Не іначай, у мінулыя часы захоўваўся ў сінагозе як прадмет рэлігійнага культу іудзеяў. Закрываеш вочы і бачыш, як не радзей аднаго разу ў тры дні гэтая Тора публічна чытаецца свіслацкімі яўрэямі на сходах (а як жа – публічнае чытанне святога пісання было адной з асноў жыцця яўрэйскай абшчыны).



Супрацоўнікі музея нямала могуць расказаць і аб іканапісе. У сценах храма гісторыі сёння захоўваецца вялікая колькасць старых абразоў. Як правіла, яны драўляныя, напісаны натуральнымі фарбамі, часта з рызай (альбо акладам – накладным упрыгожаннем, якое пакрывае ўсю дошку паверх пласта краскі, акрамя некалькіх значных элементаў, для якіх зроблены прарэзы). Стварэнне такіх ікон – асобны від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.



І ў завяршэнне – пра вернага спадарожніка пілігрыма.

Так называлі старадаўнія складні-абразы, – патлумачылі ў музеі. – Па сваёй структуры яны падобныя на маленькі іканастас. Складні бываюць розныя, у тым ліку і па колькасці створак. А чаму спадарожнік пілігрыма? Усё проста: нашы продкі заўсёды бралі складзень з сабой у дарогу. Верылі, што гэтыя абразкі валодаюць выратавальнай сілай.   

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Есть план развития!