
Захаплялася з дзяцінства
Ганна Сямёнаўна Нехайчук жыве ў Свіслачы, але карані яе паходзяць з хутара Клеціска, ад якога даўным-даўно не засталося і следу.
Іх, тых хутароў, было больш за дваццаць. Раскіданыя адзін ад другога на паўкіламетра і болей, але ўсё роўна былі, як адна вялікая сям’я. Навошта і каму прыйшла ў галаву думка знесці тыя хутары, перасяліць людзей, сёння ўжо не даведацца. Але за кароткі час не засталося ніводнага дома, ніводнага двара на тым месцы, дзе калісьці кіпела жыццё, цвілі сады па вясне, будзілі раніцай пеўні гаспадароў, якія спяшаліся да працы.
Дом, дзе жыла сям’я Лінкевічаў, быў перавезены ў Грынкі. Жылі ў хляве, спалі на гарышчы, пакуль можна было ўвайсці хоць у палавіну хаты. Стараліся будавацца хутка, каб да халадоў засяліцца. Засяліліся. Усё трэба было пачынаць занава на новым месцы.
Ганна скончыла Грынкоўскую школу, потым выйшла замуж за хлопца з Нязбодзічаў Мікалая Нехайчука. Нарадзілася дачушка Іра, потым сынок Дзіма. Працавала ў Свіслацкім атэлье, затым у калгасе “Советская Белоруссия”, а апошнія 22 гады – на пошце. І толькі як пайшла на пенсію, усур’ёз узялася за вышыўку.
– Я пачала вышываць, калі яшчэ малою была, – дзеліцца ўспамінамі Ганна Сямёнаўна. – Мы тады ў Клеціску жылі. Залезу, бывала, на печ і вышываю. Не сказаць, каб добра атрымлівалася, але жаданне было. Потым ужо не вельмі часу хапала на такі занятак. Замуж пайшла, дзеці нарадзіліся, працаваць трэба было. А вось як на пенсію пайшла, дык на ўсё часу хапала. Спачатку тупала туды-сюды па хаце, не ведала куды сябе падзець. Вясною ды летам на агародзе прападала, кветкамі сваімі займалася, а вось зімою месца сабе знайсці не магла. Вось тады ўзялася за вышыўку. І як другі раз на свет нарадзілася. Ужо зараз палічыць не магу, колькі рушнікоў вышыла, колькі сурвэтак розных, абрусаў, навалачак на вялікія і маленькія падушкі. А яшчэ вельмі люблю вышываць іконы. Іх у мяне таксама шмат. І карцін з прыродай. Гэта мая аддушына. У хаце шмат вы бачылі, а колькі падарыла і дзецям, і родным, і знаёмым. Дачушка Іра, сын Дзіма падтрымліваюць мяне, унукі таксама. Яны мая радасць і святло маёй душы.
“Гэта мая аддушына”
Сацыяльны работнік, якога застала ў Ганны Сямёнаўны, дастае з палічак роўна складзеныя рушнікі, абрусы, сурвэткі, ад якіх немагчыма адвесці вачэй. І здзіўлення таксама не стрымаць. Колькі ў гэтай жанчыне творчай выдумкі, жадання ствараць нешта прыгожае, ад чаго захапляе дух! І наогул, колькі ў ёй самых розных талентаў і здольнасцяў. Зараз ужо здароўе падводзіць: баляць ногі, сэрца хворае. А яшчэ нядаўна вясельныя сталы накрывала, пірагі выпякала, караваі, іншыя смакоцці. А колькі кветак у яе агародзе! Вясною і летам яны квітнеюць на клумбах, а зімою расцвітаюць на карцінах ды рушніках. Якія ж яны прыгожыя, тыя рушнікі! Каб скласці іх уздоўж адзін да аднаго, то, хіба, на кіламетры працягнуліся б. Уяўляеце сабе такую дарогу? Але хто адважыўся б ступіць на такую “сцежку?”
Яшчэ нядаўна ні адно вяселле не абыходзілася без рушніка. Сватоў імі абвязвалі, хлеб-соль маладым на рушніку падавалі. І дзіцятка, як нараджалася, павітуха прымала на чысты, прыгожа вышыты рушнік. Абразы імі ўпрыгожвалі, наогул у кожнай хаце рушнік займаў пачэснае месца. Як хацелася б, каб і зараз прыдавалася яму такое ж важнае значэнне. Вось вяртаецца ж мода на вышыўку. Можа, і на рушнік вернецца. На гэта спа-дзяецца і таленавітая майстрыха-самародак, добразычлівая, шчырая жанчына Ганна Нехайчук. Таму штодня бярэ яна ў рукі іголку, ніткі мулінэ, і на палосцы белай тканіны з’яўляецца новы ўзор – рамонкі, валошкі, макі і іншыя кветкі. Як гаворыць сама майстрыха, гэты занятак працягвае ёй жыццё. Дык няхай доўгімі-доўгімі будуць каляровыя ніткі і бясконца красуюць кветкі на рушніках.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара