Таму што яна – Любоў

24 Января’25
511


Дзіцячыя вочкі глядзелі ў душу
Першае яе замужжа аказалася няўдалым. Дзесяць гадоў было проста вырвана з жыцця. І дзіцятка, якое нарадзілася заўчасна, таму што на апошлніх тыднях прыйшлося цяжка працаваць, хутка памерла. Шлюб распаўся. Але жыццё працягвалася.
Неяк на Новы год сяброўка з Поразава Мілання Белава запрасіла Любу да сябе ў госці. Сустрэлі яны тады 1983 год. А на другі дзень усёй дружнай кампаніяй зноў сядзелі за сталом. Гучалі вясёлыя тосты, віншаванні, і настрой ва ўсіх быў цудоўны. І тут Мілання ўбачыла праз акно знаёмага чалавека, Станіслава Каткоўскага, які вёў за руку маленькага хлопчыка. Яны ішлі з ранішніка. Гаспадыня выбегла на вуліцу і паклікала іх святкаваць прыход Новага года разам. Станіслаў згадзіўся, і яны з сыночкам прыйшлі ў хату. Далей было ўсё, як у кіно. Хлопчык раптам вырваў ручку з бацькавай далоні і падбег да Любові. “Ты мая мама?”– запытала дзіця, заглядаючы ёй у вочы. Люба адчула, як уздрыгнула ў грудзях сэрца і цёплая хваля пяшчоты накрыла яе з галавой. Усе, хто сядзеў за сталом, раптам анямелі. А дзіцячыя вочкі глядзелі прама ёй у душу. Люба інстынктыўна прытуліла да сябе хлопчыка, пасадзіла на калені. Вось так і сядзелі за сталом. Потым Люба з Міланняй пайшлі праводзіць Станіслава з маленькім Эдзікам дадому. Вяла яго за руку ўжо Люба. А хлопчык раз-пораз паднімаў галоўку, паглядаў на “маму” і шчасліва ўсміхаўся. 
Люба ўжо ведала, што Станіслаў нядаўна аўдавеў і засталося без мамы трое дзетак: дзве дзяўчынкі і хлопчык. 
На тую пару дзеці Станіслава жылі ў бабуляў. Дачушкі – Марына і Нэла – у яго маці, а сынок – у цешчы. Да бабулі Эдзіка павялі Станіслаў з Любай. Па-іншаму было нельга: хлопчык не адпускаў “маму” ні на хвілінку. Эдзік толькі пераступіў бабулін парог і закрычаў на ўсю хату: “Бабулечка, я маму знайшоў!” Люба гэта пачула, і пяшчота зноў атуліла ўсю яе істоту. 
Станіслаў пачаў прыязджаць да яе ў Свіслач. Месяцы тры наведваўся, але нават намёку не рабіў на замужжа. А тут раптам у пачатку красавіка прыехаў і з парога заявіў: “Заўтра пойдзем распісвацца”. Вось гэта быў сюрпрыз! 
– Вы ведаеце, – успамінае Любоў Іосіфаўна, – усё было, як у тумане. Як бы не са мной. Сябры мае сказалі: “Люба, апамятайся, там жа трое дзяцей! Што ты сабе думаеш?” А я аб тых дзецях найбольш і думала. Бацька мой мяне падтрымаў і сказаў: “Дачушка, ты сама свой лёс выбрала. Глядзі толькі, каб ніколі не пакрыўдзіла гэтых дзетак. Бо сірату пакрыўдзіць лёгка, сірата безабаронная. Ты бярэш за іх адказнасць на ўсё жыццё. Памятай пра гэта”. А ў мяне і думак такіх не было, каб іх пакрыўдзіць. Я іх ужо любіла ўсіх, хоць дзяўчынак яшчэ не бачыла.

Былі і застаюцца роднымі
Як і сказаў Станіслаў, назаўтра яны сталі мужам і жонкай. Пасля роспісу прыехалі ў Поразава. У доме Станіслава ўжо быў накрыты стол і поўная хата гасцей. Іх цёпла сустракалі, віншавалі, жадалі доўгага і шчаслівага жыцця. 
Яно і было шчаслівым. Дзяўчынкі Марына і Нэла таксама з першых дзён пацягнуліся да новай мамы, так і называлі, а яна атуліла іх любоўю і пяшчотай, якія жылі нерастрачанымі ў сэрцы амаль трыццаць гадоў. Не было ні аднаго дзянёчка, ні хвілінкі, каб Любоў Іосіфаўна пашкадавала аб тым, што замяніла ім маму. Усе трое былі і застаюцца для ее самымі роднымі, самымі дарагімі на свеце. 
Трыццаць шэсць гадоў пражылі ў згодзе і ўзаемаразуменні Любоў і Станіслаў. Выгадавалі дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Старэйшая Марына жыве ў Поразава. У яе двое дарослых дзяцей: дачка Анжаліка і сынок Артур, нават унучак ужо ёсць – Арцёмка. 
Эдуард – у Гродна. Яго дачушкі Каця, Ксюша і Віка – яшчэ школьніцы. 
А малодшая Нэла – у Мінску. Яна яшчэ не сустрэла свайго суджанага. 
Шэсць гадоў назад пакінуў гэты свет Станіслаў. Любоў Іосіфаўна жыве зараз адна. Але самотнай сябе не адчувае. І дзеці, і ўнукі пастаянна наведваюць родны дом, усе святы – разам. Нэла з Мінска тэлефануе кожны дзень, Марына прыбягае да мамы таксама штодня, Эдуард з Гродна часта наведвае. І ўнукі  да бабулі цягнуцца, прывозяць рознае смакоцце, падарункі, дапамагаюць ва ўсім. 
Любоў Іосіфаўна лічыць сябе чалавекам шчаслівым. Шчыра верыць у Бога і не сумняваецца, што гэта менавіта ён прывёў тады ў хату да Белаваў Станіслава з маленькім Эдзікам, які назваў яе мамай. Дзіцячае сэрца не падманеш, яно беспамылкова цягнецца да блізкай душы, як сцяблінка да сонейка.



Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва героя

Предыдущая статья

Зарплата «в конвертах» плюс или минус?