banner

У адзінай дзяржаве

08 Сентября’21
317


Несумненна, барацьба беларускага народа за сваё сацыяльнае i нацыянальнае вызваленне на працягу амаль 20-гадовага знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы спрыяла набліжэнню доўгачаканага часу, калі адбылося ўз’яднанне абедзвюх частак беларускай нацыі i беларускага народа ў адзінай сям’і. Аднак гэта не магло здзейсніцца без тых ваенна-палітычных абставінаў, якія склаліся ў Цэнтральнай Еўропе ў сувязі з набліжэннем Другой сусветнай вайны.

Па-рознаму сёння можна ўяўляць развіццё падзей, калі б Савецкі Саюз не ўвёў свае войскі ў Заходнюю Беларусь у верасні 1939 года. Відавочна адно: у Еўропе не стала б бяспечней, беларусы засталіся б падзеленымі граніцамі з вялікай верагоднасцю поўнага знікнення. Цікава, што 22 верасня 1939 года англійскім i французскім генштабамі быў падрыхтаваны рапарт, кваліфікаваўшы дзеянні СССР у адносінах да Германіі як папераджальныя i адзначаўшы, што яны былі распачаты толькі тады, калі стала відавочным канчатковае паражэнне Польшчы, з якой гісторыя згуляла злы жарт.Справядлівасці дзеля, нельга не сказаць аб тым, што былі сярод беларусаў i тыя, хто стаяў на антысавецкіх пазіцыях. Яны ў верасні 1939 года спрабавалі нават стварыць ЗБР – Заходне-Беларускую Рэспубліку. Быў нават створаны ценявы ўрад, які ўзначаліў В. Bip (Пінскі). На чужбіне “змагары” i завяршылі свой жыццёвы шлях. Што было, то было. Хай кожны падумае аб ix укладзе ў справу “вызваленчай” барацьбы беларускага народа за сваю будучыню.

Мы ведаем i іншае. Toe, што разам з Савецкай уладай прыйшлі i сталінскія парадкі. Пачаліся масавыя рэпрэсіі супраць “ворагаў народа” з ліку трапіўшых у палон ваеннаслужачых польскай арміі i мясцовых жыхароў заходніх абласцей. З лістапада 1939 года пацягнуліся на Урал, у Ciбip, Казахстан эшалоны з дэпарціруемымі жыхарамі нашага краю. Чырвонай арміяй у верасні 39-га было ўзята ў палон каля 25 тыс. афіцэраў польскай арміі. Лёс ix аказаўся трагічным... Але ўсе кропкі над “i” спадарыня Кліо, муза гісторыі, у гэтым пытанні яшчэ не расставіла.

1 верасня 1939 года фашысцкая Германія інсцэніравала нападзенне быццам бы польскага падраздзялення на нямецкую радыёстанцыю ў мястэчку Глейвіцы. На самой справе гэта зрабілі немцы, перапранутыя ў польскую ваенную форму. Выкарыстаўшы “інцыдэнт”, Германія кінула супраць Польшчы 2 800 танкаў, каля 2 000 самалётаў, больш 100 ваенных караблёў. Гэтым сілам Польша проціпаставіла 36 пяхотных дывізій, 2 матарызаваныя брыгады, 11 кавалерыйскіх брыгад. Польскія войскі налічвалі 860 лёгкіх танкаў, 420 самалётаў i 12 ваенных караблёў. Так пачалася Другая сусветная вайна...

Жыхары Заходняй Беларусі, знаходзячыся ў часцях польскай арміі, у плячо з палякамі, украінцамі, літоўцамі першымі прынялі на сябе вогненны шквал раптоўнага ўдара германскіх войск. Яны гераічна абараняліся, дзясяткі тысяч з ix загінулі, былі параненымі ці трапілі ў нямецкі палон...

У гэтых умовах урад СССР раніцай 17 верасня 1939 года ўручыў польскаму паслу ў Маскве заяву, у якой гаварылася, што польская дзяржава фактычна перастала існаваць, а дагаворы, заключаныя паміж СССР i Польшчай, спынілі сваё дзеянне. 

Нагадаем у гэтай сувязі, што, згодна з дадатковым пратаколам, прыкладзеным да пакта аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 года паміж СССР i Германіяй, Заходняя Беларусь i Заходняя Украіна прызнаваліся сферай інтарэсаў СССР. Пратаколы, як i заключаны праз месяц (28 верасня) Дагавор аб дружбе i граніцы, аб’ектыўна аднаўлялі нацыянальна-тэрытарыяльную цэласнасць беларускага народа, парушаную ўмовамі Рыжскага дагавора 1921 года, аднак пярэчылі агульнапрызнаным нормам міжнароднага права. Адзначым таксама, што ў апублікаваных пастановах ваенных саветаў Беларускага i Украінскага франтоў ставілася задача “положить конец угнетению трудящихся Западной Белоруссии и Западной Украины, предоставить полную безопасность трудящимся этих областей».

Раніцай 17 верасня войскі Чырвонай арміі ў складзе двух франтоў – Беларускага пад камандаваннем М. Кавалёва i Украінскага пад камандаваннем С. Цімашэнкі – перайшлі савецка-польскую граніцу. Польскія правіцелі прызналі, што стану вайны з СССР няма. Савецкі Саюз таксама не аб’яўляў вайны Польшчы. Таму ў загадзе Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ўзброеных сіл Польшчы маршала Э. Рыдз-Сміглы ад 17 верасня 1939 года польскім войскам прадпісвалася не ўступаць у бой з савецкімі воінскімі падраздзяленнямі. Камандзіры польскіх часцей павінны весці перамовы “ў мэтах выхаду гарнізонаў у Румынію ці Венгрыю”. Часцям Чырвонай арміі катэгарычна забаранялася бамбардзіраваць гарады i населеныя пункты авіяцыяй, весці па ix артылерыйскі агонь, парушаць граніцы Літвы, Латвіі i Румыніі. У дырэктывах саветаў франтоў гаварылася аб неабходнасці абароны мясцовага насельніцтва ад жандармаў i асаднікаў, аб лаяльных адносінах да польскіх ваеннаслужачых i дзяржаўных чыноўнікаў, якія не аказваюць узброенага супраціўлення. Вялікая ўвага ўдзялялася растлумачальнай рабоце сярод насельніцтва аб прычынах краху польскай дзяржавы i мэтах вызваленчай мicii Чырвонай арміі. Па словах гісторыка А. Маркава, “ва ўсходніх землях украінцы, беларусы i яўрэі нярэдка арганізоўвалі паўстанцкія атрады... нападалi на адступаўшыя ад немцаў польскія часці... непольскае насельніцтва ператварала польскія сцягі, адрываючы ад ix белыя палосы, у чырвоныя, засыпала кветкамі калоны Чырвонай арміі... падказвала месцы, дзе палякі хавалі зброю, удзельнічала ў абязбройванні невялікіх часцей i г.д. I так было паўсюдна. Гэта “непольскае” насельніцтва складала, па розных крыніцах, ад 67 да 90 працэнтаў!

Усе заходнія даследчыкі канстатуюць, што інцыдэнты ў час наступлення часцей Чырвонай арміі мелі лакальны характар i шырокіх памераў не прымалі. Адзначаецца таксама i той факт, што савецкія войскі прасоўваліся наўмысна марудна, што давала магчымасць польскім часцям адыходзіць да румынскай граніцы. Гітлераўцы, як прызнаваў потым германскі пасол у Бухарэсце Фабрыцыус, былі ў лютасці ад таго, што рускія не пастараліся як мага хутчэй закрыць румынскі калідор для польскіх уладаў i арміі... Большасць гэтых жа даследчыкаў прыходзіяць да вываду, што дзеянні Савецкага Саюза нічога не маглі змяніць, паражэнне Польшчы ў вайне з Германіяй было практычна здзейсненым фактам.

Л. Мослі ў кнізе “Страчаны час” адзначаў: “У 1939 годзе Польшча ўяўляла сабой дзяржаву ў Еўропе, абноўленую па Версальскаму дагавору з абрэзкаў тэрыторый, якія належалі Pacii, Астра-Венгрыі, Пpycii i Германіі... Сапраўды, польская тэрыторыя была значна менш той, на якую прэтэндавалі польскія правіцелі. На ўсходзе яны праніклі яшчэ далей на тэрыторыю Украіны i Беларусі, захапіўшы вялізарныя тэрыторыі, якія ніколі не былі польскімі землямі.

Такім чынам, усе геапалітычныя канструкцыі польскага маршала Пілсудскага аказаліся кpoxкімі i недаўгавечнымі. Рэч Паспалітая так i не адрадзілася. Яе пачаў душыць i дабіў той палітык, з якім Пілсудскі першым у Еуропе ў 1934 годзе заключыў пакт аб ненападзенні, – Гітлер. Пілсудскі сваімі рукамі рыхтаваў пагібель Польшчы, не разглядзеўшы ў Гітлеры i трэцім рэйху геапалітычных сапернікаў.

З непадробнай радасцю i энтузіязмам сустракалі Чырвоную армію працоўныя гарадоў i вёсак Заходняй Беларусі. Нават у адступаючых польскіх салдат з’явілася некаторая надзея на выратаванне Польшчы. Асобныя польскія камандзіры заўлялі, што сумесна з Чырвонай Арміяй яны “ўчыняць тэўтонам другі Грунвальд”. Да 25 верасня Чырвоная армія вызваліла поўнасцю Заходнюю Беларусь, пазбавіўшы яе жыхароў ад прыгнёту памешчыкаў i капіталістаў. Гэта быў акт гістарычнай справядлівасці. У выйшаўшай у 1956 годзе ў ЗША кнізе “Беларусь. Станаўленне нацыі” Н. Вакар пicaў: “Для беларусаў гэта значыла аднаўленне яе тэрытарыяльнага адзінства, доўгі час парушанага войнамі i рэвалюцыямі”.

Для ўстанаўлення i падтрымання рэвалюцыйнага парадку ў гарадах i мястэчках стваралася рабочая гвардыя, а ў вёсках атрады добраахвотнай міліцыі, паслужыўшыя надзейнай апорай новай уладзе. Вялікую ролю ў гэтай справе, як ужо гаварылася, сыгралі былыя члены КПЗБ i КСМЗБ.

На шматлікіх мітынгах i сходах рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя адзінадушна патрабавалі ўстанаўлення Савецкай улады i ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. 22 кастрычніка 1939 года прайшлі выбары ў Народны сход. 929 дэпутатаў па нацыянальнаму складу размеркаваліся наступным чынам: беларусаў – 621, палякаў – 127, украінцаў – 53, pycкix – 43, яўрэяў – 72, іншых нацыянальнасцей – 10.

Народны сход Заходняй Беларусі адбыўся 28–30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. З дакладам аб форме дзяржаўнай улады выступіў С. В. Прытыцкі. Па яго дакладу Народны сход прыняў дэкларацыю, у якой было заяўлена: “Беларускі Народны сход, выказваючы волю i жаданне народаў Заходняй Беларусі, абвяшчае на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі ўстанаўленне Савецкай улады. З гэтага часу ўся ўлада на тэрыторыі Заходняй Беларусі належыць працоўным горада i вёскі ў твары Саветаў дэпутатаў працоўных”. Разам з тым былі прыняты дэкларацыі “Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”, “Аб нацыяналізацыі банкаў i буйной прамысловасці”, “Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель”. Народны сход звярнуўся ў Вярхоўныя Саветы СССР i БССР з просьбай прыняць Заходнюю Беларусь у склад Савецкага Саюза i Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі i аб уз’яднанні беларускага народа ў адзінай сацыялістычнай дзяржаве.

У адпаведнасці з рашэннем Народнага сходу памешчыцкія i манастырскія землі, сядзібы з yciм інвентаром i пабудовамі на ўсёй тэрыторыі Заходняй Беларусі былі канфіскаваны без усялякага выкупа, а банкі i буйныя прамысловасці – нацыяналізаваны.

Амаль дваццацігадовая барацьба працоўных Заходняй Беларусі, якую яны самаахвярна вялі пад кіраўніцтвам КПЗБ супраць палітычнага, сацыяльнага i нацыянальнага прыгнёту польскай буржуазіі i памешчыкаў, завяршылася ўстанаўленнем Савецкай улады. На тэрыторыі былой Заходняй Беларусі ў пачатку снежня 1939 года было ліквідавана папярэдняе адміністрацыйнае дзяленне i ўтворана пяць абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская, Пінская. У 1944 годзе па пагадненню СССР i Польшчы горад Беласток i прылягаючыя да яго раёны былі перададзены народнай Польшчы. Ліквідацыя польскай сістэмы кіравання суправаджалася высылкай без уліку ix палітычных поглядаў служачых былога дзяржапарата, органаў суда, пракуратуры, паліцыі, арміі, гандляроў, рамеснікаў з сем’ямі. Дэпартацыя матывавалася неабходнасцю ачысціць тэрыторыю ад буржуазных элементаў, “ворагаў народа”, сталінскім лозунгам абвастрэння класавай барацьбы. У ходзе дэпартацыі былі пераселены з Заходняй Беларусі i Заходняй Украіны ўглыб СССР – Паволжа, Ciбip, Комі АССР, Казахстан – сотні тысяч чалавек. Мясцовыя кадры скрупулёзна правяраліся на “палітычную спеласць”. Як правіла, на кіруючыя пасады прызначаліся работнікі, прыбыўшыя з усходніх абласцей Беларусі. Актыўна разгортвалася праца па сацыяльна-эканамічным пераўтварэнні на савецкай аснове...

Сёння беларускі народ упэўнена ідзе па выбранаму шляху. Гістарычныя падзеі 80-гадовай даўнасці ўсяляюць упэўненасць у тым, што мы здолеем дабіцца новых перамог на сучасным этапе развіцця Беларусі.

Предыдущая статья

Вакцинироваться? Советую!