banner

Два юбілеі ў адной школе

23 Августа’15
1612
Два юбілеі ў адной школе
У гэтым годзе Навадворская сярэдняя школа адзначыла два юбілеі – 155 гадоў з дня адкрыцця народнага вучылішча і 50 гадоў з дня адкрыцця новага будынка сучаснай школы. 
Гісторыя школы пачынаецца ў 1860 годзе, калі ў Новым Двары была адкрыта першая школа – народнае вучылішча. Яно знаходзілася ў памяшканні грамадскага будынка. Матэрыялы кліравай ведамасці Свята-Міхайлаўскай царквы мястэчка Новы Двор Гродзенскай губерніі Ваўкавыскага павета за 1878–1901 гады, якія захаваліся ў Навадворскай царкве, сведчаць: "У 1860 г. было адкрыта народнае вучылішча. У ім настаўнік Осіп Осіпавіч Кучынскі, сын чыноўніка, які закончыў курсы ў Бельскім уездным вучылішчы. Навучалася 30 хлопчыкаў. У 1867 г. – настаўнік Мікалай Міхайлавіч Весялоў – сын свяшчэнніка з Арлоўскай духоўнай семінарыі”.
Будынак, у якім знаходзілася вучылішча, складаўся з аднаго пакоя і кухні. Разлічаны ён быў на 30 вучняў. Вучылішча наведвалі 45 вучняў.
У 1881 годзе настаўнік вучылішча Осіп Сцяпанавіч Грасевіч, з сялян, скончыў курсы навук у Свіслацкай семінарыі. З 1884 па 1885 год настаўнікам быў выхаванец Свіслацкай настаўніцкай семінарыі Фама Грасевіч. У школе займаліся тады 63 хлопчыкі.
З 1919 па 1939 год у вёсцы Новы Двор працавала агульнаадукацыйная школа. У верасні 1939 г. была адкрыта сямігадовая школа. З 1941 па 1944 год на часова акупіраванай тэрыторыі сельскага савета школы не працавалі.
З 1 верасня 1944 года аднавіла работу сямігадовая школа.  А ў 1957 годзе быў першы  выпуск Навадворскай сярэдняй школы (у колькасці 16 чалавек). Дырэктарам школы ў той час працаваў Сцяпан Іванавіч Трафімік. 
У 1959 годзе школа выпусціла са сваіх сцен 15 чалавек. У гэтым годзе пад кіраўніцтвам П. І. Гаўрыліка створана геаграфічная пляцоўка.
У 1965 годзе Навадворская сярэдняя школа адзначыла наваселле: здадзены ў карыстанне новы будынак школы на 320 месцаў. У 1967 годзе пад кіраўніцтвам У. А. Гаўрона і сіламі вучняў і настаўнікаў пабудаваны стадыён.
Калектыў школы неаднаразова мяняўся. Але тут заўсёды працавалі адданыя сваёй прафесіі людзі. Іх дасягненні – сведкі гэтаму. У 1976 годзе вопыт педагагічнага калектыва быў абагулены на пасяджэнні калегіі Міністэрства асветы БССР і бюро ЦК УЛКСМ. На пленуме ЦК УКПБ у дакладзе сакратара ЦК Навадворская школа называлася адной з лепшых у рэспубліцы. Педкалектыву дазвалялася праводзіць рэспубліканскія і абласныя семінары, прымаць у сябе работнікаў Акадэміі навук і Міністэрства асветы СССР.
А ў 1978–1979 гадах вопыт школы па маральнаму выхаванню экспанаваўся на ВДНГ СССР у Маскве. Па выніках выстаўкі дырэктар школы У. А. Гаўрон узнагароджаны сярэбраным медалём ВДНГ, а завуч школы Я. І. Шабат – бронзавым.
У 2007 годзе ў рамках праекта аграгарадкоў вучні пачалі заняткі ў абноўленай школе.
Гонар школы – вядома ж, яе вучні. Школа ганарыцца кандыдатамі, дактарамі фізіка-матэматычных навук і проста таленавітымі выпускнікамі, якія працягваюць добрыя традыцыі.
Людмила БАЛЫШ.

Предыдущая статья

Строгая отчетность в нежных женских руках