banner

На Свіслаччыне пачаўся Тыдзень традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”

02 Июня’23
1400

Народныя святы, рамёствы, мясцовы фальклор, аўтэнтычныя танцы і самабытныя стравы. З 2 па 11 чэрвеня на Свіслаччыне праходзіць Тыдзень традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”, прымеркаваны да Года міра і стварэння.

На ўрачыстым адкрыцці прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кулікоў, загадчык сектара культуры райвыканкама Таццяна Пачэбут, дырэктар раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Мацкевіч.


Прыемна пачынаць гэты тыдзень, тым больш пачынаць з такога душэўнага напеву, такіх прыгожых галасоў калектыву “Спадчына”, – сказаў Юрый Кулікоў. – Рады, што сюды завіталі дзеці, што яны ўбачаць, якія ў нашым раёне ёсць майстры, якімі талентамі яны адораны, з якім прафесіяналізмам і любоўю падыходзяць да творчасці, а галоўнае – як натхнёна захоўваюць, памнажаюць і развіваюць народныя рамёствы. Пакладзены добры пачатак цэламу тыдню. Я ўпэўнены, што ён будзе плённым, цікавым і пакіне ў сэрцы кожнага цёплы след.


Што на працягу гэтых дзён прапаноўваюць жыхарам раёна ўстановы культуры?


Удзельнікі нашых мерапрыемстваў маюць магчымасць дакрануцца да самага цэннага, што ёсць у чалавека, – да нашай агульнай спадчыны, – падкрэсліла загадчык аддзела метадычнай работы раённага цэнтра культуры Таццяна Вярбіцкая. – Можна паглядзець выстаўку вырабаў народнай творчасці, пацешыць свой погляд элементамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, паўдзельнічаць у майстар-класах, паслухаць аўтэнтычныя песні, ад душы патанцаваць, займець правераны часам рэцэпт адмысловых бліноў… Праграма тыдня вельмі насычаная і шматгранная. Усё прадумана так, каб прадэманстраваць шырокай публіцы самыя розныя праявы нашай мясцовай традыцыйнай культуры.









Тыдзень сакавітым рэхам адгукнецца ў розных куточках раёна. Сёння тушамлянскія гаспадыні прадэманстравалі тэхналогію прыгатавання вясельнага каравая. Менавіта такога, што ставіўся ў печ яшчэ нашымі бабулямі і прабабулямі. 3 чэрвеня аматары музыкі і танца паспяшаюцца ў гарадскі парк на адкрыццё летняга песенна-танцавальнага сезона з фальклорным гуртом “Крынічанька”. 4 чэрвеня Ханявічы сустрэнуць гасцей сваімі знакамітымі блінамі. 

6 чэрвеня майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры правядуць майстар-класы па ткацтву, ганчарству, саломапляценні і выцінанцы. Новы Двор запросіць 7 чэрвеня на экскурсію пад назвай “Звычаі і абрады навадворскай зямлі”. Знаёмства з родным краем працягнецца 8-га ў Дабраволі падчас этнаграфічнай гульні-падарожжа. 9 чэрвеня ў Поразаве адбудзецца сустрэча з носьбітамі прыгатавання банкухі, элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Гэта Ганна Шалкевіч і Алена Козюк. 10 чэрвеня ўсе культурныя дарогі раёна вядуць у Грынкі на клубную сустрэчу “Родная вёска, мой родны край”. Завяршыцца тыдзень 11 чэрвеня фестывалем творчасці “Разнастайныя стужкі майстроў” у Корнадзі. На некалькі гадзін аграгарадок ператворыцца ў грандыёзную майстэрню, дзе можна будзе ўбачыць плён працы народных умельцаў, а таксама паспрабаваць уласныя сілы ў вырабе сувеніраў. Як абяцаюць арганізатары, свята запомніцца народнымі гульнямі і забавамі, а таксама прыгожымі беларускімі песнямі.

Наталля ТУРКО

Фота аўтара

Предыдущая статья

Александр Лукашенко подписал распоряжение о повышении эффективности системы здравоохранения