banner

Бацькаўшчына. Мінулае і сучаснае побач

27 Февраля’23
1400
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына»,  прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Вёска Грынявічы (Вялікая Лапеніца) размешчана на мяжы Ваўкавыскага раёна. Належала яна роду Агінскіх, і самым вядомым уладальнікам быў Ян Агінскі. Амаль усё сваё жыццё ён удзельнічаў у ваенных паходах і шматлікіх бітвах, у тым ліку ў гістарычнай бітве з туркамі пад Венай у 1683 годзе.


Грынявічы. У наш час ад велічнага храма засталіся руіны.

У гонар перамогі ў гэтай бітве і ў падзяку за шчаслівае вяртанне дадому ўладальнік маёнтка ахвяраваў 10 тысяч злотых на будаўніцтва ў Вялікай Лапеніцы каменнага касцёла і кляштара францысканцаў. Праўда, яшчэ да пачатку будаўніцтва Ян Агінскі памёр. А яго намеры ажыццявіў наследнік, сын Рыгор, да якога перайшлі абедзве Лапеніцы, Вялікая і Малая. У 1690 г. пачаліся работы. З-за вялікай колькасці войнаў на ваўкавыскай зямлі будаўніцтва касцёла расцягнулася на доўгія 102 гады. І толькі ў 1792 годзе касцёл і кляштар былі дабудаваны.

Жыццё кляштара аказалася нядоўгім. За тое, што манахі-францысканцы падтрымалі дваранскае паўстанне 1831 года, Мікалай І загадаў закрыць Вяліка-Лапеніцкі кляштар. Касцёл перадалі праваслаўнай царкве, а на яго перабудову ў адпаведнасці з традыцыямі праваслаўнага храма было выдзелена больш за 3 тысячы рублёў срэбрам. Для ўмацавання праваслаўнай веры Аляксандр III падарыў новай царкве тысячапудовы звон. Кажуць, што чулі яго нават у Ваўкавыску.


Вялікая Лапеніца. Праваслаўная царква. Пачатак ХХ стагоддзя.

У 1919 годзе, калі Заходняя Беларусь увайшла ў склад Польшчы, царкву зноў перадалі каталікам. Храм ненадоўга стаў касцёлам. Ненадоўга, таму што ўжо праз 20 гадоў адбылося ўз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі – і касцёл быў перададзены праваслаўным. То царквой, то касцёлам храм праіснаваў амаль 170 гадоў, пакуль у 60-я гады яго не напаткаў лёс шматлікіх культавых збудаванняў. Храм быў спачатку зачынены, а ў 1982 годзе часткова разбураны і перабудаваны пад гараж для сельгастэхнікі.

Гавораць, што першапачаткова касцёл меў дзве вежы, якія былі разабраны, калі храм перабудоўвалі пад царкву. Нават пасля перабудовы ён уражвае прыгажосцю і стылем. Пра кляштар жа вядома, што гэта быў просты, сціплы будынак прамавугольнай формы, з дзвюма драўлянымі прыбудовамі, у адной з якіх знаходзілася парафіяльная школа.

Ад маёнтка Агінскіх засталіся толькі шматвяковыя таполі – сведкі былой велічы. Рыгор Агінскі памёр у Любліне, але па яго завяшчанні пахаваны быў на радзіме, у склепе пад кляштарам. Пасля яго смерці маёнтак перайшоў да яго паплечніка, з якім ён разам ваяваў супраць Сапегаў, Андрэя Крышпіна, а затым да Булгарыных. Пасля адмены прыгоннага права ўладальнікам маёнтка быў генерал у адстаўцы Юзэфовіч і яго спадчыннікі.

У 1886 годзе тут пражывала 475 чалавек, была царква, сінагога, яўрэйскі малітоўны дом, лазня, дзве лаўкі, кузня, вадзяны млын і карчма.

У 1918–1920 гадах у мясцовым касцёле ксяндзом служыў Язэп Германовіч, вядомы як паэт Вінцук Адважны.

Сучасная гісторыя касцёла Святога Міхаіла Архангела ў Поразаве бярэ пачатак у 1825–1828 гадах, калі на месцы згарэлага драўлянага касцёла ўзвялі новы велічны будынак з каменя. У часы войнаў будынак захаваўся і, больш за тое, быў адкрыты нават у савецкія гады.



Закрываўся касцёл у Поразаве толькі адзін раз – у пакаранне за ўдзел мясцовых сялян у паўстанні Кастуся Каліноўскага. Акрамя таго, за гэта ж у 1867 годзе кожны паразаўчанін атрымаў штраф: накладзеная кантрыбуцыя склала 1 430 рублёў (вельмі дорага па тых часах, карову можна было купіць за 20 рублёў). Аднак мясцовыя жыхары аказаліся не толькі смелымі, але і рашучымі. У хуткім часе яны сфарміравалі дэлегацыю і пешшу адправіліся ў Санкт-Пецярбург – прасіць у цара дазволу на адкрыццё касцёла. Місія завяршылася поспехам: у касцёле зноў пачалі праводзіць службы.


Поразава. Касцельны хор. 13 ліпеня 1919 года.

Храм цудоўна захаваўся: тут рэгулярна праводзяцца службы і арганізоўваюцца невялікія канцэрты царкоўнай музыкі. Інтэр’ер каменнага касцёла ўпрыгожваюць тры разныя алтары і драўляныя скульптуры. Знешне будынак стылізаваны пад архітэктуру перыяду класіцызму. Таксама ў касцёле Святога Міхаіла Архангела захаваўся рэдкі старадаўні звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты яшчэ ў 1749 годзе.

Падрыхтавала Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Семенной фонд – основа урожая