banner

Надзейныя сябры і мудрыя дарадчыкі

18 Мая’17
1667

Надзейныя сябры і мудрыя дарадчыкі

Няма ў жыцці ніводнага чалавека, які б не быў знаёмы з кнігай. Для адных яна надзейны сябар, а для другіх – проста знаёмая.

 

Для Івана Мітрафанавіча Талканіцы і яго сям’і кнігі сталі неад’емнай часткай жыцця, яны заўсёды вучылі прымаць правільнае рашэнне, давалі добрую параду ў сур’ёзных справах.


– Кнігу ні з чым нельга параўнаць. У ёй свет прадстае перад намі ў розных колерах, – разважае мой суразмоўца. – Кніга – гэта цікавыя вобразы, гісторыя і сучасная шчодрая навука для чалавека любога ўзросту. Яна, як і чалавек, мае свой унутраны свет, які вылучаецца багаццем і разнастайнасцю. Цяжка назваць адну-адзіную кнігу, якая з’яўляецца галоўнай у жыцці, бо кожная прыносіць нешта сваё, застаўляе задумацца.


Дамашняя бібліятэка Івана Мітрафанавіча і Зоі Дзмітрыеўны налічвае каля 500 кніг рознага жанру. Ёсць тут і мастацкая літаратура, і тэхнічныя даведнікі і падручнікі (гаспадар працаваў начальнікам электрасувязі па абслугоўванню станцыйнага абсталявання), і слоўнікі, і літаратура па дамаводству… Апошняя заслугоўвае асаблівай увагі. Іван Мітрафанавіч паказаў нам адну са старэйшых «жыхарак» кніжных паліц – «Дамаводства» 1959 года выпуску. Гэты фаліянт, сапраўдная энцыклапедыя для хатніх гаспадынь, прыналежаў яшчэ яго маці. Самай старэйшай кнігай з’яўляецца «Словарь иностранных слов» (Москва, 1954 год), у якім даецца тлумачэнне 20 000 слоў. А яшчэ гаспадар беражна захоўвае сваю першую кнігу – дзіцячыя казкі «Храбрый Азмун» 1960 года выпуску. Ёсць у яго і аб’ёмныя падшыўкі журналаў па радыётэхніцы.


Сёння Іван Мітрафанавіч і Зоя Дзмітрыеўна з’яўляюцца членамі кніжнага клуба, выпісваюць у асноўным навінкі, якія датычацца вырошчвання садавіны і агародніны, народнай медыцыны.

 

Кацярына ДУДКО. 

Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

 

Предыдущая статья

Посвятить себя службе