Як два лёсы, апаленыя вайной, спляліся ў адзін. Кранальная гісторыя Іосіфа Багалейшы і Любові Марчык

11 Мая’26
20
Як дзіўна часам пераплятаюцца чалавечыя лёсы. Здавалася б, нічога не аб’ядноўвае людзей, а яны прыцягваюцца адзін да аднаго нейкім нябачным магнітам і становяцца адным цэлым. Так аднойчы і назаўсёды перапляліся калісьці лёсы Іосіфа Багалейшы 
і Любові Марчык. Іосіф быў на 21 год старэйшы за Любу, і хоць сваталіся да яе маладыя хлопцы, але чамусьці аддала яна сваё дзявочае сэрца чалавеку, які незразумелым чынам закрануў у гэтым сэрцы самыя патаемныя струны. Але перш, чым гэта сталася, 
ім прыйшлося прайсці праз неймаверныя выпрабаванні, паспытаць на смак горкі хлеб няволі і сустрэць Вялікую Перамогу. 



Франтавік Іосіф Багалейша

У сям’і Багалейшаў было шасцёра дзяцей: тры сыны і тры дачкі. Іосіф – старэйшы. Нарадзіўся 7 лістапада 1903 года. Ён вельмі ганарыўся потым, што яго дзень нараджэння супадаў з такой значнай гістарычнай датай – Днём Кастрычніцкай рэвалюцыіі. Бацька Міхаіл Багалейша быў чалавек граматны, служыў валасным пісарам. Стараўся даць адукацыю і дзецям. Але век бацькоў быў нядоўгі, таму Іосіф стаў для малодшых братоў і сясцёр і татам, і мамай. З малых гадоў яго рукі былі прывучаны да працы. А на вячорках Іосіф з’яўляўся галоўным завадатарам, першым танцорам на ўсю акругу. 

Але 22 чэрвеня 1941 года абарвалася мірнае жыццё вяскоўцаў. Іосіф з малодшым братам былі звязаны з партызанамі. Па даносе здрадніка Іосіфа схапілі немцы. Білі, здзекваліся, прымушалі прызнацца. Ён не вымавіў ні слова. Зноў білі, катавалі, калі траціў прытомнасць, аблівалі халоднай вадой. Ён нічога не сказаў і быў адпраўлены  ў канцэнтрацыйны лагер ва Усходняй Прусіі. Адтуль Іосіфа забраў баўэр. Прыходзілася вельмі цяжка працаваць. За любую правіннасць білі… ланцугом. На целе не было жывога месца.
Аднойчы Іосіф вырашыў, што лепш загіне ад кулі, чым ад удараў ланцугом, і спрабаваў збегчы. На дзіва, яму гэта ўдалося. Ён доўга прабіраўся да родных мясцін, і ўрэшце дабраўся да Дабраволі. 

Як толькі вызвалілі Беларусь ад фашысцкай нечысці, Іосіф пайшоў на фронт. Ваяваў на ІІІ Беларускім фронце, быў кулямётчыкам. Удзельнічаў у баях за Кёнігсберг, дзе і сустрэў Перамогу. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За отвагу”, “За взятие Кёнигсберга”, “За Победу над Германией”.

На тым вайна для Іосіфа Багалейшы не скончылася. Яго часць была накіравана ў Маньчжурыю. Там ён атрымаў яшчэ дзве ўзнагароды: другую медаль “За отвагу” і  медаль “За Победу над Японией”. 

Ён вярнуўся дадому. Вёска Малая Каланая ўцалела, але не далічылася многіх сваіх жыхароў. Яны навекі засталіся маладымі, злажылі свае галовы на чужыне. Не стала і малодшага брата Іосіфа…



Матуліна кашуля зберагла Любоў

Люба Марчык з'явілася на свет у жніўні 1924 года. Калі пачалася вайна, дзяўчыне не было і васямнаццаці. А тут немцы пачалі забіраць маладых у Германію. Любе два разы прыходзіла павестка, каб з’явілася ў камендатуру, у Свіслач. А яна адмаўлялася. Нарэшце прыйшлі немцы дахаты з аўтаматамі і выштурхнулі Любу за дзверы. 

Маці са слязьмі глядзела ўслед дачушцы, а потым адкрыла куфар, дастала кавалак выбеленага кужалю, зрабіла выкрайку кашулі і села шыць. Шыла і кожнае шво малітвай загаворвала, слязьмі палівала. Назаўтра раненька панесла маці кашулю дачушцы ў Свіслач. Ледзь угаварыла, каб дазволілі пабачыцца са сваёй крывінкай. “Дачушка, родная, – гаварыла маці, –  я табе кашулю пашыла, яна тваім абярэгам будзе, не здымай, беражы”. Абняла Люба матулю, падзякавала. А праз дзень адправілі яе з іншымі дзяўчатамі-нявольніцамі ў Нямеччыну. 

Іх прывезлі ў горад Бартэнштайн, што ва Усходняй Прусіі. Там усіх пагналі ў нейкі будынак, дзе прымусілі распрануцца. Адзенне кінулі ў абпрацоўку. З аднаго будынка пагналі ў другі, на двары стаялі нямецкія салдаты, насміхаліся. Ужо ў другое памяшкане прынеслі адзенне, кінулі ў адну горбу. Люба кінулася шукаць дарагую сэрцу кашулю. І знайшла!

Забраў Любу і яшчэ некалькіх дзяўчат адзін заможны немец, у яго і працавалі. Калі савецкія войскі наступалі, немцы пачалі ўцякаць. Гаспадары кінуліся да Куршскай касы. Былі страшэнныя бамбёжкі. Адзін снарад упаў недалёка ад павозкі, на якой ехала Люба. Калі дзяўчына прыйшла ў сябе, аказалася, што яна ў варонцы і амаль да грудзей засыпана пяском. Ледзь выбралася. Прабраліся з другімі дзяўчатамі неяк да горада. Там хаваліся ў пакінутых дамах. Аднойчы над грудамі разбітай цэглы ўбачылі салдата ў касцы, а на ёй – чырвоная зорка. Колькі было радасці, колькі шчаслівых слёз! Гэта было 9 красавіка 1945 года. Пасля дзяўчаты нейкі час служылі ў Чырвонай арміі. А дадому Люба вярнулася толькі ў кастрычніку 1945-га. 

Цанілі кожнае імгненне 

Жыццё працягвалася. Неяк знаёмыя папрасілі Любу быць хроснай маці для іх дзіцяці. Дзяўчына згадзілася. А хросным на тых хрэсьбінах быў Іосіф Багалейша. Яны стаялі побач, і нейкая невядомая сіла звязвала іх лёсы. Нават праз шмат гадоў пасля Любоў Канстанцінаўна не магла адказаць сабе, чаму яна дала згоду стаць жонкай чалавека, які быў за яе старэйшы на 21 год. 

Яны пражылі разам 47 гадоў. Далі жыццё пяцярым дзецям, выхавалі іх дастойнымі людзьмі. На працягу амаль пяці дзесяцігоддзяў Іосіф Міхайлавіч цаніў кожны дзень, кожнае імгненне, пражытае са сваёй Любай. Іх каханне было не ў словах, а ва ўчынках, у поглядах, у дробязях. 

Для Іосіфа Міхайлавіча Дзень Перамогі заўсёды быў самым вялікім і важным святам. Ён нават заказаў сабе касцюм спецыяльна для гэтага дня. На ім былі прышпілены ўсе ўзнагароды, а апранаў яго ветэран толькі раз у год – 9 Мая. У ім загадаў і пахаваць яго. Ордэн і медалі ветэрана захоўваюцца ў дачкі Алены. Яна беражэ іх як дарагі скарб. А памяць аб самых родных людзях жыве ш сэрцах дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота архіва "СГ"

Предыдущая статья

9 мая вместе с МЧС