Раённыя бацькоўскія сходы на Свіслаччыне не навіна: яны арганізоўваюцца штогод і звычайна ў першай палове навучальнага года. Іх удзельнікамі становяцца супрацоўнікі МНС, праваахоўных органаў, прадстаўнікі аддзела адукацыі, медыцынскія работнікі, педагогі сацыяльныя, псіхолагі, класныя кіраўнікі, бацькі — адным словам, усе тыя, хто мае дачыненне да вучэбна-выхаваўчага працэса. Сёлета госцем бацькоўскага сходу «Дзеці і бацькі ў люстэрку адносін» стаў старшыня раённага выканаўчага камітэта А. М. Таргонскі.
Алег Мечыслававіч пабудаваў сваё выступленне ў форме дыялога. Сумесна з прысутнымі ён паспрабаваў выявіць недапрацоўкі, упушчэнні як з боку работнікаў адукацыі, так і з боку бацькоў і мясцовай улады. У ходзе гутаркі былі вызначаны праблемныя і хвалюючыя пытанні. У прыватнасці, Алег Мечыслававіч прапанаваў дапамогу ў выдзяленні паліва для аўтатранспарту на паездкі ў аквапарк і іншыя аздараўленчыя комплексы, якія садзейнічаюць умацаванню здароўя і агульнаму развіццю дзяцей.
Памылковае меркаванне многіх бацькоў адносна таго, што менавіта школа павінна выхоўваць дзяцей, абвергла педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра з прытулкам І. І. Пясецкая.
На тэму «Любоў — аснова сям’і» разважала рэдактар аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем рэдакцыі «Свіслацкай газеты» Я. Г. Кобрынец. Ядвіга Генрыхаўна неаднаразова на старонках раённага выдання ўздымала тэму ўзаемаадносін дзяцей і бацькоў. Ад сустрэч з героямі газетнага радка ў яе заставаліся розныя ўражанні. За адных яна шчыра радавалася і ставіла іх сямейныя каштоўнасці ў прыклад, за іншых, наадварот, ёй было вельмі крыўдна і балюча. Журналіст не разумее тых бацькоў, чые дзеці ў мірны час трапляюць у сацыяльныя прытулкі, і цешыцца за тых, хто становіцца на шлях выпраўлення. На бацькоўскім сходзе яна заклікала прысутных яшчэ раз прааналізаваць свае адносіны да дзяцей, каб у будучым выхоўваць іх у любові.
Пастаянна нядбайных бацькоў наведваюць супрацоўнікі міліцыі і раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны не менш за настаўнікаў хвалююцца аб бяспецы і здароўі падрастаючага пакалення. Павучальным для сабраўшыхся стаў прадэманстраваны фільм, зняты аддзелам па надзвычайных сітуацыях на рэальных фактах.
Кропку ў бацькоўскім сходзе паставіла агітбрыгада СШ № 3 г. Свіслач, якая прадставіла выступленне на тэму «Суд над цыгарэтай».
Алена КЕДЗІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.





