Летам 1915 года Гродзенская губерня, у якую ўваходзіла і тэрыторыя цяперашняга Свіслацкага раёна, была акупіравана кайзераўскімі войскамі. Каля 70 працэнтаў насельніцтва Свіслаччыны, каб уратавацца ад нямецкай акупацыі, выехала ўглыб Расіі.
У Свіслач немцы ўвайшлі 14.08.1915 года. На занятай тэрыторыі акупанты ўстанавілі рэжым тэрору, рабункаў і гвалту. Кайзераўцы вывозілі ў Германію ўсё, што мела гаспадарчую каштоўнасць. Асабліва вялікі ўрон быў нанесены Белавежскай пушчы. За час свайго гаспадарання ворагі вывезлі адсюль 5 млрд кубаметраў лесу і 100 тысяч вагонаў чарназёму.
![](/upload/medialibrary/501/501603b7c94a1acfac064b96abaa1124.jpg)
Свіслач. Кайзераўскія салдаты. 1916 год.
Для таго каб настроіць мясцовае насельніцтва супраць Расіі, акупацыйныя ўлады выкарыстоўвалі нацыянальныя пачуцці беларусаў.
На акупіраванай тэрыторыі было дазволена адкрыць нацыянальныя школы. У Свіслачы была створана настаўніцкая семінарыя для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў для беларускіх школ (пра гэта мы пісалі раней).
Сядзіба Багудзенкі ў Поразава была пабудавана ў канцы XIX – пачатку XX стагоддзя Тадэвушам Бутаўт-Анджэйковічам, жанатым на Юзэфе Гельтман (памерла прыкладна ў 1935 г.). Тадэвуш быў адным з найбагацейшых памешчыкаў Гродзеншчыны. Ён першым у гэтых мясцінах набыў аўтамабіль і, кажуць, часам ездзіў абедаць у Варшаву. Апошнім уладальнікам сядзібы стаў іх сын Вітольд (памёр у 1945 г.), заручаны з Антанінай Брадоўскай.
![](/upload/medialibrary/cb1/cb108bba2e1db3ab81fd3e02e043ace8.jpg)
Багудзенкі. Сядзібны дом. 1930-я гады.
Бутаўт-Анджэйковічы – старадаўні шляхецкі род герба “Грыф” у Гродзенскай губерні. Па сямейнай легендзе, род браў свой пачатак ад Вялікага князя Літоўскага – Гедыміна. Асаблівага статусу Бутаўт-Анджэйковічы дасягнулі з 1819 года, калі губернатарам Гродзенскім быў прызначаны Міхаіл Фадзеевіч Бутаўт-Анджэйковіч.
Сядзіба Багудзенкі ўключала ў сябе жылы драўляны дом і парк, які займаў больш за 4 гектары зямлі. У 1937 годзе сядзібу выкупілі жыхары пасёлка для арганізацыі тут бальніцы і жылля для мясцовага ўрача. Далучэнне Заходняй Беларусі да СССР у 1939 годзе крыху скарэктавала планы мясцовых жыхароў, але бальніца ўсё ж была арганізавана. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаліся і лагер для тых, хто мае патрэбу ў жыллі, і нямецкае лясніцтва. У пасляваенныя гады ў сядзібе зноў была арганізавана бальніца, якая дзейнічала да 2002 года.
![](/upload/medialibrary/b1b/b1ba330d3efd8c3c5f28c4d6b3ea0e29.jpg)
Свіслач. Нямецкі шпіталь. 1916 год.
Сам дом уяўляе сабой помнік драўлянай архітэктуры з элементамі барока і класіцызму. Будынак мае складаныя кампазіцыйныя формы – высокі ломаны дах, бакавыя фасады з двухпавярховымі вежамі, якія завяршаюцца шатровымі дахамі. Галоўны фасад мае кантаваны эркер з ламаным дахам і парадны ганак з чатырма слупамі, на якія абапіраецца мансарда.
![](/upload/medialibrary/e7a/e7ac4bd45025a9f167525d1c592206d3.jpg)
Сядзіба Багудзенкі. 1920-я гады.
З дарогі да сядзібы вяла шырокая выязная алея, якая заканчвалася вялікім круглым кветнікам і доўгім радам туй. Таксама дзве алеі вядуць да штучных вадаёмаў, размешчаных у розных канцах парка. Сярод дрэў пераважаюць таполі і ліпы.
У доме абсталявана пячное ацяпленне. У савецкі час побач была прыбудавана ўласная кацельня, але частка печак захавалася. Будынак мае ўсяго адзін паверх. На другім паверсе толькі пакоі ў вежах.
Сёння сядзіба Багудзенкі знаходзіцца на балансе УЗ “Свіслацкая ЦРБ”.
![](/upload/medialibrary/243/24343c101fc756e8ecdc85af0fa95143.jpg)
Падрыхтавала Вольга БУБЕНЧЫК