Тое, што нас яднае. У кожнай сям’і разам з даўно прынятымі традыцыямі існуюць і асабістыя, свае, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і захоўваюцца як дарагі скарб. Некаторымі падзяліліся нашы чытачы

24 Декабря’25
241


Улюбёныя ў Хрысце браты і сёстры! Са святам Нараджэння Хрыстова!

Набліжаецца тое імгненне, калі на аксаміце вечаровага неба з’явіцца першая зорачка і прынясе шчаслівую вестку аб тым, што нарадзіўся Збавіцель. У прадчуванні гэтай жаданай хвіліны мы павінны ў каторы раз пераасэнсаваць сваё жыццё, пераадолець у сабе ганарлівасць і хцівасць, злосць і зайздрасць, якія так перашкаджаюць нам быць вартымі Ласкі Божай. Іначай у нас няма права наблізіцца да яселькаў, дзе знаходзіцца маленькі Езус. Толькі вялікая вера, дабрыня, бескарыслівасць, шчырасць і любоў да бліжняга здолеюць сагрэць Яго ў гэты зімовы вечар. І таму, сабраўшыся за сталом на Вігілійную вячэру і дзелячыся аплаткай, давайце забудзем учарашнія крыўды, шчыра даруем усім, хто нас абразіў, папросім прабачэння ў маці з бацькам, у мужа ці жонкі, у брата ці сястры, у дзяцей, жадаючы адзін аднаму шчасця і дабрабыту, радасці і цяпла. Часам для гэтага патрэбны вялікая духоўная праца над сабой, пераадоленне сябелюбства і пагарды.

Толькі пазбавіўшыся такога цяжару, можна паяднацца з Богам і адчуць спакой у сэрцы. Нованароджаны Езус ёсць сімвал нашага духоўнага адраджэння, перамогі дабра над злом, наша надзея на выратаванне. Шчасця і спагады ўсім, хто імкнецца да паяднання з Сынам Божым, дабрыні і міласэрнасці тым, хто яшчэ не знайшоў дарогі да Хрыста. Няхай далёкае святло Віфлеемскай зоркі заззяе ў кожнай душы, ачысціць яе ад скрухі і сумнення, няхай прынясе надзею і спакой. Няхай Дзіця Божае агорне нашы сем’і цеплынёй і радасцю, удыхне ў кожнага новае жыццё, укажа праўдзівую дарогу жыцця. 

Свае шчырыя віншаванні мы таксама дасылаем і братам праваслаўным. Няхай Божае благаславенне дапаможа вам сустрэць святы ў радасці і спакоі.  Няхай Божым святлом напоўніцца кожны ваш дзень. Няхай ніколі не пакіне нас усіх надзея і вера.

Касцёл Рымска-Каталіцкі 
св. Францішка з Асыжу 
ў Свіслачы  





Аляксандра Канцэвіч, горад Свіслач:

– Калі мы з сёстрамі былі малымі, ездзілі на свята ў вёску Занкі да прабабулі Зосі. Нас там збіралася многа, аж чатырнаццаць чалавек, і заўсёды было адно свабоднае месца. Прабабуля гаварыла, што гэта для самотнага падарожніка. Быў накрыты вялікі стол з вельмі смачнымі стравамі, хоць і поснымі. У цэнтры стаяла куцця з разынкамі, макам, арэхамі і мёдам. Было шмат страў з рыбы, бульбы, агародніны. А яшчэ ніколі не забуду смак прабабуліных пірагоў. Нідзе і ніколі больш такіх не ела. 

Прадзед Генрых запальваў свечку, бабка Зося чытала ўрывак з Евангелля, потым усе маліліся і дзяліліся аплаткай. Гэта было самым цікавым і вельмі кранальным момантам, бо кожны прыдумляў розныя пажаданні адзін аднаму і тады адломваў кавалачак аплаткі. А пасля пачыналася вячэра. Я была самай маленькай сярод сабраных і мала што разумела, але на душы было так хораша, так святочна. Пазней усе ехалі ў касцёл на пастэрку. Там было вельмі шмат людзей, нават у касцёл усе не памяшчаліся. Але дзяцей прапускалі заўсёды наперад, мы стаялі перад самым алтаром. Было цікава і неяк трошкі чароўна. Прабабулька наша, на жаль, памерла і зараз мы збіраемся ў бабулі Ядзі. Але ўсе традыцыі захаваліся, і, я ведаю, будуць захоўвацца заўсёды.



 Эмілія Саўко, вёска Навасёлкі:

– Нас у мамы было шасцёра, і мы кожны год вельмі чакалі свята Божага Нараджэння. Заўсёды хадзілі ў касцёл да споведзі, прыбіралі хату. Тата напярэдадні прыносіў елачку, а мы ўсе яе ўпрагожвалі.  А мама рыхтавала стравы на вігілію і на святочны стол. У хаце пахла пірагамі. У нас, дзяцей, было чаканне нечага цудоўнага, неверагоднага. За сталом было восем чалавек, а часта і болей. 

Вечарам мы сядзелі каля акна і глядзелі на неба: чакалі, калі з’явіцца першая зорка. Стол на той час быў ужо накрыты белым абрусам, пад якім ляжала сена. Пасярэдзіне стаяла свечка і побач куцця. Як толькі заміргаціць зорачка на небе, беглі сказаць пра гэта бацькам. І ўсе збіраліся да стала. Тата запальваў свечку, мы маліліся, дзяліліся аплаткай. Перш-наперш трэба было паспрабаваць куццю, а ўжо потым іншыя стравы. Але самае цікавае для нас было потым, пасля вячэры. Мы выцягвалі з-пад абруса па адной травінцы сена і стараліся, каб яна была чым даўжэйшай. Гэта азначала, што на другі год будзе добры ўраджай усяго, што будзе паса­джана. Цешыліся, смяяліся, радаваліся. Цудоўны гэта быў час. Пакуль бацькі былі жывыя, мы з’язджаліся да сваёй хаты, да роднага гнязда. А цяпер ужо кожны ў сваёй сям’і святкуе. 



Данута Якута, гарадскі пасёлак Поразава:

– Рыхтаваліся да свята заўсёды загадзя. Перш- наперш рабілі поўны парадак у хаце. Потым, вядома, спяшаліся ў касцёл, каб ачысціць душу шчырай споведдзю. Хадзілі на раратныя імшы. У кожнага была свая свечка, як сімвал чакання  нараджэння Езуса. Гасла святло, а ўсе маліліся і падымалі запаленыя свечкі ўверх. Потым ужо на вігілійнай вячэры тая свечка стаяла ў цэнтры стала.

Мама на вігілію заўсёды гатавала мучныя “ўшкі” з макам, капустай, грыбамі. Яны толькі на Божае нараджэнне гатаваліся. Бліны дражджавыя, селядзец, рыба, з бульбы розныя стравы. 

Стол засцілалі абавязкова льняным абрусам. А пад ім – сена. Перад тым, як сесці за стол, мы маліліся, дзяліліся аплаткай. Першы браў у рукі аплатку бацька. Затым ён працягваў яе жонцы, а яна ў сваю чаргу адломвала кавалачак і цалавала яму руку. Потым тое ж самае рабілі ўсе мы.   

Куццю трэба было браць лыжкай, і каб яна поўнай была. Гэта сімвалізавала поўны дастатак у хаце. Ну а потым ужо бралі хто што хацеў. 

А яшчэ прыходзілі калядоўнікі, у асноўным дзеці. Лічылася, што разам з імі прыйдуць у хату поспех, шчасце. Таму ўсе чакалі такіх калядоўнікаў, частавалі іх. Нашы дзеці таксама хадзілі. Адразу пасля вігілійнай вячэры пераапраналіся і ішлі калядаваць. Песні спявалі, пажаданні добрыя гаварылі ў кожнай хаце, куды заходзілі.

А позна вечарам спяшаліся ў касцёл на пастэрку. Пасля дома ўсіх чакалі неспадзяванкі пад елачкай. Падарункі атрымлівалі ўсе: і малыя, і дарослыя. Радасна было ўсім, весела.  Сёння ўжо шмат  чаго змянілася, але мы захавалі тыя традыцыі. А белы абрус, яшчэ бабулін, кожны год засцілаем на вігілійны стол. 

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Запісала Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва “СГ” 
і адкрытых інтэрнэт-крыніц


Предыдущая статья

«Люди – наш приоритет». Каким был этот год для профсоюзов аграрной сферы Свислоччины