У вёсцы Лубянка, схаванай сярод пушчанскіх дубоў і соснаў, калісьці кіпела жыццё. Тут было 25 дамоў, у якіх жылі каля 140 жыхароў. Сёння вёска амаль уся апусцела. Засталося ўсяго два жылых дамы, і ў іх – дзве ўдавіцы. Да адной з іх, Алены Дарагой, мы і завіталі ў госці, выпадкова даведаўшыся, што гэтая жанчына – чалавек з неверагодна творчай натурай. Яна з дапамогай іголкі і ніткі стварае цудоўныя карціны. Займаецца гэтай справай Алена Васільеўна ўжо больш за шэсцьдзясят гадоў, і майстэрства яе проста здзіўляе. Прычым, свае карціны яна вышывае не толькі па гатовых схемах, а і сама прыдумляе малюнкі. Адкуль прыйшло гэтае захапленне? З дзяцінства. Сем гадкоў было дзяўчынцы, калі яна стварыла сваю першую карціну.
Талент – з маленства
У Новым Двары, дзе нарадзілася і расла Алена, па суседству жыла сям’я Грыцкевічаў. Была ў іх дачушка Кацярына, якая вельмі любіла вышываць. Як толькі выдавалася вольная хвілінка, дзяўчына брала ў рукі іголку з каляровай ніткай, і на белым ільняным палатне з’яўляліся прыгожыя ўзоры. Алена са старэйшай сястрой Зояй часта бывалі ў суседзяў і з цікавасцю назіралі за работай Кацярыны. І тая аднойчы запытала: “Дзяўчаткі, а хочаце, я вас навучу вышываць?” Сёстры ахвотна згадзіліся.
У тыя часы канву не прадавалі, трэба было рабіць яе самастойна. І гэтай справе дзяўчаты хутка навучыліся А потым на тую канву ляглі першыя шыўкі будучай карціны. Неўзабаве з’явіліся вышытыя малюнкі. У Алены гэта быў вобраз прыгожай дзяўчынкі з кветкай у валасах. Але ж і радасці было! Яна любавалася сваёй першай вышыўкай і вельмі цешылася, што так спраўна ў яе ўсё атрымалася.
Сказаць, што часта дзяўчаткі бралі ў рукі іголку з ніткай, – не. Абедзве хадзілі ў школу, дапамагалі бацькам у хатніх справах, ды і вышыўка неяк пачала выходзіць з моды. Зоя дык наогул кінула гэты занятак, а Алена ўсё ж такі пра яго не забывалася. Вышывала прыгожыя рушнікі, сурвэткі, накідкі на падушкі, карціны з кветкамі, прыродай, птушкамі.
Дзяцінства праляцела. Дзяўчына скончыла дзесяцігодку і паехала ў Гродна. Працавала на прадзільна-нітачным камбінаце. Але нядоўга. Сястра Зоя, якая на той час ужо была прадаўцом у магазіне, прапанавала Алене асвоіць такую ж прафесію. І яна, скончыўшы школу прадаўцоў, пачала працаваць у магазіне ў Куклічах.
У вёсцы тады было шмат моладзі, вечарамі збіраліся ў клубе, танцавалі, спявалі, ездзілі з канцэртамі. Весела было, што там казаць! Неўзабаве Алена сустрэла суджанага – ім стаў Іван Дарагі. Хутка ў пары нарадзіліся двое дзяцей.
“Свой боль я вышыўкай лячыла”
Алена пайшла працаваць у магазін, які знаходзіўся амаль побач з іх домам. Муж уладкаваўся ў лясніцтва.
– У нас была вельмі добрая сям’я, Іван аказаўся клапатлівым і ўважлівым мужам, цудоўным бацькам. Мы з ім пражылі 37 гадоў у згодзе, узаемаразуменні. А ў 2015 годзе майго Івана не стала. Гэтая страта стала для мяне такім ударам, што я і па сённяшні дзень не магу дайсці да сябе. Як толькі маё сэрца тады вытрымала? – дзеліцца ўспамінамі Алена Васільеўна. – Свой боль я вышыўкай лячыла. Амаль не выпускала з рук іголку. І днём і ноччу вышывала, вышывала… Я не толькі па схемах вышываю, а і сама прыдумляю ўзоры, малюнкі. Поўнасцю аддалася гэтай справе. За тыдзень атрымліваецца карціна, а часам і хутчэй. Іх у мяне ўжо больш за пяцьдзясят. Найбольш люблю вышываць кветкі, прыроду, іконы.
Жыццё працягваецца
Алена Васільеўна дастае з шафы свае работы. Іх вельмі шмат. Раскладвае па адной на канапе, на стале, і я любуюся імі. Чорныя лебедзі – як жывыя, а клубніцы ў кошыку выглядаюць так апетытна, што хочацца ўзяць у рукі ягадку і паспрабаваць на смак, кветкі – проста цуд! Для сваіх унучак вышыла вясельныя рушнікі. На стале засланы абрус з малюнкам па краі, які прыдумала сама гаспадынька. Цешаць вока тры іконы, якія вышыла бабуля сваім унукам. Іх у Алены Васільеўны трое. Яны – асалода яе сэрца, яе гонар і надзея.
Дзеці, унукі часта наведваюць Алену Васільеўну, дапамагаюць ва ўсім. Прыязджаюць часта ў Лубянку былыя сябры мужа, якіх было шмат. І праз гады яны памятаюць свайго вернага сябра, наведваюць удаву. Два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. А яшчэ частымі “гасцямі” ў Лубянцы бываюць алені, ласі, казулі. Бывае, па сорак і больш іх прыходзіць у вёску. Асабліва, калі пакінутыя сады багата пладаносяць і ўсё ўсыпана яблыкамі.
Алена Васільеўна часта наведвае сваю суседку Валянціну Канюк. Яны зараз – адзіныя жыхары Лубянкі. І толькі ў іх хатах па вечарах свецяцца вокны.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара






