Гучаць, пераліваюцца галасы цудоўнага ансамбля песні “Пушчанскія напевы” Пацуеўскага сектара культуры і вольнага часу – і заміраюць гледачы ў зале. Хто хоць раз пачуў той спеў, будзе заварожаны песнямі ансамбля. Таму што песні тыя льюцца з самых сэрцаў спявачак, як крынічная вада, з самых недраў зямлі.
Гэты цудоўны калектыў адзначыў 25 гадоў з дня заснавання. Цудоўны юбілей цудоўнага калектыву! У Свіслацкім цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся творчы вечар народнага ансамбля. Павіншаваць любімых артыстаў з такой значнай датай прыйшлі паклоннікі “Пушчанскіх напеваў”, прыехалі калегі з другіх устаноў культуры і, вядома ж, ганаровыя госці, якія таксама з вялікім задавальненнем адрасавалі свае віншаванні знакамітаму творчаму калектыву.
Самыя шчырыя пажаданні прагучалі ад старшыні Свіслацкага раённага Савета дэпутаў Віктара Суботкі.
– Дазвольце павіншаваць вас ад імя раённай улады, таксама ўсіх прысутных у зале і шматлікіх паклоннікаў, – выказаў словы прывітання Віктра Аляксеевіч.– Не памылюся, калі скажу, што за шлях даўжынёю ў 25 гадоў, вы далі больш за тысячу канцэртаў. Вас прымалі на самых розных пляцоўках: як раённых, так абласных і рэспубліканскіх. Ваш талент бясспрэчны! Вы дорыце гледачам цудоўныя хвіліны радасці і захаплення. Дзякуй вам за гэта. Я ўпэўнены, што наступная чвэрць стагоддзя будзе для вас такой жа плённай і паспяховай. Чаго вам ад усяго сэрца жадаю.
Віктар Суботка ўручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў.
Загадчык сектара культуры райвыканкама Ірына Гутар таксама выказала свае пажаданні калектыву, адзначыўшы, што 2025 год вельмі багаты на значныя падзеі.
– Сёлета ўжо трэці калектыў адзначае свой юбілей, – сказала Ірына Сцяпанаўна. – Гэта значыць, што наша свіслацкая зямля багата на таленты, а такое не можа не цешыць. Нам ёсць чым ганарыцца! Вам, дарагія, сёння дваццаць пяць гадоў. Гэта палова шляху да залатога юбілею. І няхай яна будзе многа-многа разоў адзначана вашымі новымі творчымі перамогамі. Вы не проста дорыце песні, вы спяваеце іх душой, і гэта нельга не адчуць. Вас любяць не толькі ў Свіслачы, а і далёка за яе межамі.
Таленавіты ансамбль прыняў цёплыя віншаванні ад старшыні Свіслацкага сельскага Савета Алены Каліноўскай.
– Мне так прыемна павіншаваць вас сёння з такім цудоўным юбілеем. Вы мой любімы калектыў, я заўсёды захапляюся вамі, вашымі талентамі. Дзякуючы вам многія знаёмыя нам песні гучаць па-новаму, і хочацца слухаць бясконца. Дзякуй вам за кожнае ваша выступленне, за кожную песню.
На пряцягу многіх гадоў калектыў вёў актыўную канцэртную дзейнасць у час, калі ўзначальвала аддзел культуры Ірына Паўлючэня. Ансамбль выступаў не толькі ў раёне, вобласці, рэспубліцы. Таленавітым спявачкам апладыравалі ў Польшчы, Латвіі.
Ірына Эдуардаўна выказала знакамітаму калектыву словы ўдзячнасці за талент, за ўнікальнасць і любоў да песні.
“Пушчанскія напевы” прымалі цёплыя пажаданні ад старшыні раённага савета ветэранаў Алены Пракопік і сакратара раённай арганізацыі КПБ Анатолія Крэўчыка. Не маглі не раздзяліць радасць падзеі і былыя ўдзельнікі ансамбля, якія рабілі першыя крокі на яго творчым шляху – Святлана Лукашэвіч і Святлана Аніська. Яны ад шчырага сэрца павіншавалі сваіх калег, а Святлана Лукашэвіч нават праспявала песню”Каліна-рабіна”, якую гледачы прынялі на “біс”.
Нечаканым і вельмі прыемным сюрпрызам для ансамбля стала віншаванне праз інтэрнэт вядомай беларускай групы “Добрыя людзі” з горада Мінска. А яшчэ больш нечаканай неспадзянкай было прывітанне з горада Холмска, што на востраве Сахалін. Адтуль праз тысячы кіламетраў прыляцелі добрыя пажаданні ад былой калегі Вольгі Смольскай, якая на “другім канцы зямлі” стварыла свой пявучы ангсамбль песні. І рускую народную песню “Раскудрявый синеглазый» два таленавітых ансамбля заспявалі разам.
Букет хрызантэмаў уручыла калегам загадчык Поразаўскім сектарам культуры і вольнага часу Алена Андрушка, а падарункі ад Свіслацкага цэнтра культуры і народнай творчасці – яго дырэктар Дзмітрый Салдаценкаў.
Свой творчы падарунак атрымалі юбіляры ад танцавальнага калектыву “Усмешка”. Вясёлыя ноткі ў праграму свята ўнеслі мясцовыя блогеры Люда з Ваняй і артысткі народнага тэатра эстрадных мініяцюр “СуперСтар” Марына Мацкевіч і Таццяна Вярбіцкая.
Гэта пра гасцей. А галоўнейшымі героямі свята быў, зразумела, віноўнік урачыстасці – ансамбль песні “Пушчанскія напевы”. Са сцэны гучалі цудоўныя песні, ад якіх захоплівала дух. Звінелі галасы пацуеўскіх салоўкаў, чаравалі гледачоў, заварожвалі. Лунала песня ў зале, адгукалася ў кожным сэрцы паклоннікаў, і будзе гучаць яна бясконца. З юбілеем, “Пушчанскія напевы”!
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара












