Калі рукі – залатыя! Галіна Алюшкевіч расказала аб сваім кулінарным захапленні

14 Ноября’25
450

Я шмат разоў бачыла, як выпякаецца каравай, як гатуецца цеста на пірагі. Мая мама выпякала ўсім на дзіва. А колькі румяных яе караваяў  упрыгожвалі вясельныя сталы! У дзяцінстве я, як зачараваная, лавіла кожны рух матуліных рук і вырашыла, што, калі вырасту, буду так, як мама, пячы пірагі і караваі. Дар гэты перадаўся маме ад бабулі, ад мамы – мне. Шчыра кажучы, я  ўжо вельмі рэдка выпякаю пірагі. Часцей што-небудзь дробнае, каб хутчэй было. Але калі сустракаю людзей, якія на “ты” з цестам, якія адносяцца да яго, як да жывой істоты, заўсёды ўспамінаю маму, яе рукі з кавалачкамі прыліпшага да пальцаў духмянага цеста, пах ваніліну і спечаных караваяў. Мама даставала іх з печы і несла на руках асцярожна, як немаўлятка. Такіх “немаўлятак” у нас бывала па 18 штук. Прыгожых, румяных, духмяных. З макам, вішнямі, яблыкамі, абрыкосавым джэмам, тварагом. Непаўторныя гэта былі гады і незваротныя…



Талент у спадчыну ад бабулі

Нядаўна мне пашчасціла пагасціць у гаспадынькі з залатымі рукамі – Галіны Алюшкевіч з Вердамічаў, якой дар выпякаць пірагі і караваі таксама перадаўся ад бабулі і мамы. Калі выпякаліся вясельныя караваі, дзецям дазвалялі ляпіць “гусей” для іх упрыгожвання. А часам такая смаката даставалася і маленькім памочнікам.

Галіна Іванаўна з усмешкай успамінае тыя часы. Але зараз яна лепіць не “гусей”, а стварае сапраўдныя шэдэўры з цеста. І яе нястомная фантазія дапамагае выпякаць такія пірагі і караваі, што можна толькі дзівіцца. Гэта не кажучы пра смак. А ён проста неверагодны! 

Галіна Алюшкевіч прадстаўляла свой каравай на фэсце “Бацькава булка”, адкуль вярнулася з дыпломам пераможцы. А нядаўна была запрошана на абласны фэст “Свята мнынароў”, які штогод праходзіць у аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна. Каравай Галіны Іванаўны быў, як заўсёды, надзвычай прыгожым. І выступленне нашай каравайніцы было яркім і запамінальным. Па выніках – дыплом удзельніка. Гэта трошкі крыўдна, але, калі ўлічваць, што ў адным радзе з каравайніцамі-аматарамі ўдзельнічалі прафесіяналы, якія амаль штодзённа займаюцца такой справай, то Галінін пірог мала ім саступаў. І гэта яшчэ толькі першы раз яна ўдзельнічае ў такім конкурсе. Наперадзе яе яшчэ чакаюць перамогі!



Без сакрэтаў, але з любоўю да справы

Свой першы вясельны каравай Галіна Алюшкевіч спякла, калі ў яе кума жаніўся сын. А вяселле было ў Брэсцкай вобласці. Трохі хвалявалася: усё ж такі далёка трэба везці і каб хоць добра даехаў, не страціўшы ўсіх сваіх упрыгожванняў. Каравай атрымаўся не проста добрым, а цудоўным. На Лунінеччыне вясельным караваям надаецца вельмі вялікае значэнне, і каравайніцы там у асаблівай пашане. Таму і хвалявалася Галіна. Але дарэмна! Яе каравай цудоўна ўпрыгожыў стол, і ўсе былі ад яго ў захапленні. Такі вось быў дэбют у нашай Галіны Алюшкевіч.



Пацікавілася ў Галіны Іванаўны, ці ёсць у яе які сакрэт выпечкі пірагоў.

– Сакрэтаў няма. Проста трэба з любоўю падыходзіць да гэтай справы, – адказвае Галіна Іванаўна. –  Зрэшты, як і да любой другой. Але да цеста ў мяне асаблівыя адносіны. Яму патрэбна цішыня, яно не любіць мітусні. Я з ім магу размаўляць, часам ціхенька спяваю. Вось і атрымоўваецца. Шмат увагі прыдаю ўпрыгожванням. Пірог павінен быць не толькі смачны, але і прыгожы.  

Талент – ва ўсім 

Галіна Іванаўна займаецца выпечкай пірагоў і караваяў толькі ў вольны час. Яна па адукацыі настаўнік. Выкладае ў мясцовай школе хімію і біялогію. Не проста выкладае, а ўлюбляе вучняў у свае прадметы. Стараецца данесці матэрыял да навучэнцаў так, каб ім было цікава, каб у кожнага з’яўляўся інтарэс да гэтых навук. Так, як калісьці з’явіўся ён у Галіны, калі яна сама была вучаніцай.
Наогул, інтарэсы Галіны Алюшкевіч вельмі рознабаковыя. Застаецца толькі здзіўляцца, як яна знаходзіць на ўсё час і жаданне. 

Галіна Іванаўна з дзяцінства сябруе са спортам. Займаецца лёгкай атлетыкай, лыжамі, шахматамі, шашкамі. І не проста ўдзельнічае ў розных спаборніцтвах, а прывозіць з іх дыпломы пераможцы і медалі. Іх сабралася ў яе ўжо шмат, і яна ганарыцца кожнай сваёй перамогай. Акрамя таго, здымае відэа, робіць фота. Быў час, калі яна вязала кручком і вырабы атрымоўваліся шыкоўнымі. 
А да таго ж умее маляваць. І гэты занятак таксама ёй падабаецца.

Галіна Іванаўна – чалавек вельмі пазітыўны і аптымістычны, удзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у школе, мясцовым філіял-клубе. А дома, калі прыязджае ў госці сын, стол заўсёды ўстаўлены рознымі стравамі. Хочацца матулі пацешыць яго смачненькім! Рукі Галіны Іванаўны здольныя стварыць цуды з любых прадуктаў. 

А яшчэ Галіна Алюшкевіч – заўзятая вандроўніца. Не было таго года, каб яна не ўдзельчала ў цікавых паездках. У вандроўным куфэрку – Вялікі Ноўгарад, Казань, Тула, Смаленск, Уладзімір, Суздаль, Твер…  

Предыдущая статья

В гимназии № 1 имени П. Василенко состоялся областной семинар-практикум