banner

Юнацтва засталося ў зямлянцы.Гісторыя Веры Храбравай, якая ў 18 гадоў змяніла сукенку на салдацкую форму

10 Мая’26
23


Данская казачка Вера Храброва ў юнацтве была на дзіва прыгожай. Высокая, смуглявая,  вочы, як дзве спелыя вішні, тонкі стан. Бывала, пройдзе па вуліцы – у хлопцаў дух захватвае. Але нядоўгім было тое шчаслівае дзявочае юнацтва. Васямнаццаці гадоў не было Веры, калі свет засланілі цёмныя хмары вайны. Смелая, рашучая дзяўчына (нездарма ж насіла такое прозвішча) змяніла лёгкую паркалёвую сукенку на салдацкую форму. Больш як два гады прахадзіла Вера ў салдацкіх ботах, сотні разоў смерць побач была, але Бог ратаваў. Вярнулася з вайны Вера Храброва з ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За отвагу”, “За Победу над Германией”, “За оборону Сталинграда”.  Потым яшчэ была ўзнагароджана медалём “60 лет Сталинградской битвы”, медалём Жукава, юбілейнымі медалямі.

Быць патрэбнай Радзіме

Вера нарадзілася ў сяле Папоў Першы Сталінградскай вобласці. Скончыла восем класаў, а ў дзявяты не пайшла – сяброўка ўгаварыла: сама працаваць пайшла і Веру за сабой пацягнула. Уладкавалася дзяўчына рахункаводам у раённы аддзел народнай адукацыі. Работу сваю выконвала добрасумленна, але справа гэта ёй не вельмі падабалася. Вера марыла стаць тэлефаністкай. Яе проста заварожвалі тэлефонныя трубкі, шнуры, навушнікі. І дабілася-такі свайго. Узялі Веру на пошту тэлефаністкай.

Вельмі хутка навучылася ўсім прымудрасцям тэлефоннай сувязі, і на працу кожны дзень ляцела як на крылах. Ды толькі нядоўгім было  тое шчасце. Уварвалася ў яго вайна праклятая. У сорак першым перавялі Веру касірам, але яна ў такі цяжкі для Радзімы час хацела быць на фронце. Абівала парогі ваенкамата і, нарэшце, атрымала павестку. 

“Развіталася я з роднымі і пайшла з хаты. Неведала тады, ці вярнуся дадому, ці  пабачу яшчэ калі маму, малодшую сястрычку, – дзялілася ўспамінамі Вера Фёдараўна. – Але я не магла сядзець і чакаць, калі вайна скончыцца. Я хацела быць патрэбнай Радзіме. Гэта не высокія словы, гэта тады было такое ўнутранае адчуванне. І не толькі ў мяне. Каля ваенкамата сабраліся і іншыя дзяўчаты. Павезлі нас у Сталінград. Далі абмундзіраванне: спаднічку, гімнасцёрку і боты. Пачалі фарміраваць дзясяты аддзельны батальён  ПНАС (Паветранае назіранне і апавяшчэнне сувязі). Падзялілі дзяўчат па ротах. Я трапіла ў мястэчка Дубоўка на вучобу. Мы павінны былі ведаць усе тыпы самалётаў, вучыліся распазнаваць іх па гуку, іншых прыкметах. Тры месяцы там былі, а потым – на фронт. Акурат пад Сталінградам ішлі страшэнныя баі.Мы былі сувязісткамі ў зенітным палку”.



“Мы не думалі пра смерць”

Так пачаўся адлік ваенных будняў для 18-гадовай Веры Храбровай. 

У зямлянцы іх было пяцёра, такіх, як яна, маладзенькіх дзяўчат. Яны па чарзе стаялі на варце, сачылі за самалётамі і перадавалі інфармацыю на перадавую зенітчыкам.Сувязісткі забяспечвалі тэлефонную і тэлеграфную сувязь паміж батарэямі, камандным пунктам палка і пастамі паветранага  назірання і апавяшчэння сувязі.

“Вы паверыце, столькі гадоў прайшло, а ў мяне ў вушах стаіць роў нямецкіх самалётаў. Ужо ў адным гэтым страшэнным гуле было нешта злавеснае, жахлівае. А што казаць пра бамбёжкі! Недзе зусім побач ірваліся снарады, грымелі выбухі, а мы, дзяўчаткі зусім, не думалі пра смерць. Нам некалі было пра гэта думаць. Выбухі адзін за другім раздаюцца, а мы ў неба ўглядваемся і апавяшчаем зенітчыкаў. Бог мілаваў нас. Снарады міма нашай зямлянкі праляталі. Калі ўсё сціхала, то жартавалі нават, часам песні спявалі. Маладосць, яна і ў зямлянках маладосць!  А вось ад калмыцкіх бандаў, якія арудавалі там, многія дзяўчаты загінулі. Некалькі пастоў такіх, як нашы, бандыты выразалі. Страшна было. Мы тых бандытаў больш як снарадаў баяліся. 

Доўга мы там былі, аж пакуль немцаў ад Сталінінграда не пагналі. Што там рабілася, пакуль ішлі баі! Зямля і неба палалі, а колькі людзей загінула! Зараз фільмы пра вайну страшна глядзець, пра бітву Сталінградскую. А я ж гэта ўсё сваімі вачамі бачыла.  І не дай бог каму-небудзь яшчэ такое ўбачыць. Няма нічога страшнейшага за вайну. 

Пасля Сталінграда нас ў Беларусь адправілі. Днём цягнікі немцы бамбілі,  таму мы толькі ноччу рухаліся. Прыехалі ў Баранавічы, а там усё кругом гарыць, у Ваўкавыску таксама ўвесь горад агнём палаў”. 
Сувязістак зноў размеркавалі па пунктах. Вера з некалькімі дзяўчатамі ў Свіслачы аказалася. Вырылі яны сабе зямлянку недалёка ад Ражкоў, уладкаваліся ў ёй і пачалі весці прывычную службу. Назіралі, распазнавалі, апавяшчалі… І зноў ірваліся снарады, гарэла зямля, неба было чорнае ад дыму, а дзявочыя вочы ўглядваліся ў вышыню. 

Так прыйшла Перамога

Пазней Веру перавялі ў Скідзель. Там у яе быў пост на даху школы ў маленькай будачцы. Але хутка ўжо ў Беларусь прыйшло вызваленне.  

“Я нарадзілася далёка ад Беларусі, а вестка аб тым, што ўжо прагналі фашыстаў з гэтага прыгожага краю, была для нас вельмі шчаслівай. Гэта была такая радасць, што нельга словамі перадаць. Мы ж тады былі адной вялікай сям’ёй, усе – як адзін. У адной зямлянцы, пад адным шынялём спалі рускія, беларусы, таджыкі, украінцы, грузіны, узбекі… Ніхто нікога не дзяліў на нацыянальнасці. Трымаліся ўсе разам, як пальцы ў кулаку.

У хуткім часе мяне дэмабілізавалі, далі торбачку з сухарамі і адпусцілі. Спачатку я хацела дадому вярнуцца. Там мама засталася з сястрой. Але сястра напісала, што вельмі цяжка ім там жывецца, і я вырашыла вярнуцца ў Свіслач. Тут і сяброўка мая была Бася Сушынская. Яна напісала, каб я прыязджала, што работа ёсць для мяне. І я згадзілася. Прыехала і  ўладкавалася бухгалтарам у раённы аддзел аховы здароўя. А потым пазнаёмілася са старшынёй Палонкаўскага сельскага савета Уладзімірам Працкевічам. Ён у вайну партызаніў. Быў камандзірам узвода разведкі. Меў баявыя ордэны, медалі. Бравы такі быў хлопец, прыгожы. Ды яшчэ і вярхом на кані! Мне напомніў нашых казакаў. Мы нават знешне з ім былі падобныя. Ён такі ж кучаравы, як я, вясёлы. Спадабаўся мне, ды і я  яму таксама. Сустракаліся нядоўга і пажаніліся.
Жылі спачатку ў Ражках на кватэры. Там у нас нарадзіўся сынок Барыс. А потым мужа перавялі ў Палонку. З’явіліся на свет нашы двайняткі – Жэня і Людачка. У 1949-м майго Уладзіміра назначылі старшынёй Агародніцкага сельсавета, потым выбіралі старшынёй калгаса. Вось тут, у Агародніках, і маё жыццё прайшло. Тут мае дзеткі выраслі, адсюль у вялікі свет разляцеліся”.



У мірнай працы

Вера Фёдараўна пражыла на свеце 93 гады. Мела чатырох унукаў і пяць праўнукаў. Заўсёды была сціплай, добразычлівай, шчырай. Да яе цягнуліся людзі, яна ахвотна ўсім дапамагала. Працавала спачатку ў Агародніцкай сельскай бібліятэцы, а потым, калі ў вёсцы адкрылі дзіцячы сад-яслі, была яго загадчыцай. Яе вельмі любілі дзеці, і яна ім аддавала ўсю душу. 

Да сёння памятаю ўсмешку Веры Фёдараўны і цеплыню ў вачах. Яна ніколі не расказвала пра сваё гераічнае мінулае, і мала хто ведаў, што гэтая жанчына была на вайне салдатам. Не выхвалялася сваімі ўзнагародамі, надзявала іх толькі ў самых асаблівых выпадках. Але берагла, як дарагі скарб, бо добра ведала цану кожнага медаля, ордэна. 

Я паглядала на яе і сілілася ўявіць гэтую пасівелую бабульку дзяўчынай, амаль падлеткам, у салдацкай гімнасцёрцы і грубых ботах. Гэта ж колькі трэба было мець у сабе адвагі і мужнасці, каб стаяць і назіраць за нямецкімі самалётамі ў той час, калі справа і злева рваліся снарады. Я не магла сабе гэта ўявіць. Ніяк, ну ніяк не сумяшчалася ў мяне адно з другім. І тым не менш, яе самыя цудоўныя гады засталіся ў халодных зямлянках пад Сталінградам, Ражкамі, Скідзелем. 

І да апошніх дзён не сціхаў у яе вушах злавесны гул нямецкіх самалётаў.

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота з архіва “СГ”


Предыдущая статья

Истинные обереги родной земли. День государственных символов в Беларуси отмечают каждое второе воскресенье мая