banner

Мы – беларусы!

08 Декабря’20
1217
Беларусь – сучасная і незалежная краіна, якая мае сваю сімволіку – гімн, герб і сцяг. Яны з’яўляюцца сімваламі дзяржаўнага суверэнітэту рэспублікі. Цікава, а ці ведаюць нашы дзеці сімволіку краіны, у якой яны жывуць, вучацца, дзе працуюць іх бацькі. З такой думкай я і прыйшла да навучэнцаў Вердаміцкага ДС СШ. 


Вучні шостага класа Вердаміцкага ДС СШ: М. Цірскіх, С. Чэрній, Р. Вадап’янаў, М. Воранаў, В. Дырында, П. Пацэнка, Д. Лаўрэнцік, С. Салавей.

Герб лічыцца адным з галоўных сімвалаў дзяржавы. А ці памятаюць шасцікласнікі, як ён выглядае? Пытанне не выклікала ні разгубленнасці, ні засмучэння. Адказы навучэнцаў мяне вельмі ўзрадавалі. Я заўважыла, што рабяты ставяцца да такіх ведаў сур’ёзна, а некаторыя з іх праяўляюць глыбінную зацікаўленнасць.

Саша Чэрній – адзін з тых, каму вельмі хочацца ўсё ведаць пра гісторыю сваёй краіны. Вось як адказаў хлопчык на пытанне: “У першаю чаргу, на што я звяртаю ўвагу, – гэта зялёны колер тэрыторыі маёй Радзімы. Так яна абазначана на геаграфічнай карце. Гэта тэрыторыя асвечана ззяннем залатых сонечных прамянёў, якія ўзыходзяць над блакітнай і зялёнай зямлёй. Менавіта такой яе ўбачылі з космасу нашы касманаўты Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак”.

Адказ Сашын аднакласнікам спадабаўся, і размова ў класе пайшла хутчэй, дзеці з задавальненнем дапаўнялі адзін аднаго.

Максім Цірскіх: “Выява зямнога шара на гербе нагадвае, што Рэспубліка Беларусь – адна з дзяржаў свету. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. Гэтыя выявы на гербе адлюстроўваюць традыцыі нашых продкаў. Яны пакланяліся багіні-маці Зямлі і ўзыходзячаму Сонцу. Сімвалы Зямлі і Сонца азначаюць надзею сучасных людзей на росквіт краіны”.

Даша Лаўрэнцік: “Ёсць на гербе і зорка. Яна пяціканцовая. Гэта знак мужнасці. Прысутнасць зоркі азначае гатоўнасць кожнага жыхара да абароны сваёй Радзімы. Абрамляе наш герб вянок са спелых каласоў жыта”. 

Мікіта Воранаў:Вянок на гербе абвіты чырвона-зялёнай стужкай з надпісам “Рэспубліка Беларусь”. З правага боку ён пераплецены ружовымі кветкамі канюшыны, а з левага – блакітнымі кветкамі ільну. Вянок спрадвеку выкарыстоўваўся як узнагарода пераможцу”.

Пачуўшы дакладныя дзіцячыя адказы, Ала Аляксандраўна Скібіцкая, класны кіраўнік, з задавальненнем прыйшла да значнай высновы: “Вось і атрымліваецца, што герб нашай краіны – гэта запамінальная кніга-летапіс, якая апавядае пра беларускі народ і яго гісторыю”.

Потым настаўніца прапанавала дзяцем успомніць і пра сцяг краіны. Яна растлумачыла вучням, што ў розных краінах – розныя сцягі. Іх гісторыя пачынаецца ў глыбокай старажытнасці. На працягу ўсёй нашай гісторыі паступова змяняўся і выгляд дзяржаўнага сцяга. Пасля ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі стаў чырвоны сцяг са скарочаным надпісам назвы самой дзяржавы. Надпіс быў размешчаны ўверсе. Пазней да яго дабавілася выява сярпа і молата. У 1945 годзе БССР стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Таму яе сцяг узняўся разам са сцягамі іншых краін у амерыканскім горадзе Нью-Ёрку. У 1951 годзе на сцягу з’явіліся ніжняя зялёная паласа, а таксама вертыкальная паласа з белым арнаментам на чырвоным фоне.

А што дзеці ведаюць пра сцяг нашай краіны?

Саша Чэрній: “Сучасны сцяг Рэспублікі Беларусь мае тры колеры – чырвоны, зялёны і белы. Чырвоны колер звязаны з барацьбой за свабоду і справядлівасць. Гэта колер перамогі. Зялёны колер – колер добра і міру. Колер прыроды, зялёнай расліннасці палёў, лугоў, лясоў. Гэта колер абуджэння прыроды вясной пасля доўгага зімовага сну. Белы колер – гэта колер свабоды. Ён і ў назве нашай краіны – Белая Русь. Белы колер яшчэ сімвалізуе духоўную чысціню і мудрасць нашага народа”.

Руслан Вадап’янаў: “Дзяржаўны сцяг таксама мае адну важную дэталь – арнамент: узор чырвонага колеру на белым фоне. У яго аснове – народны ўзор. Гэты арнамент гаворыць пра любоў да працы нашага народа”.

Саша Чэрній: У цэнтры арнамента знаходзіцца ромб з “кручкамі”, якія сімвалізуюць рух і вечнасць. Ромб азначае засеянае поле. Больш дробныя ромбы размешчаны ўверсе і ўнізе арнамента. Яны сімвалізуюць ідэю вечнага жыцця”.

Валерый Дырында: “Сучасны дзяржаўны сцяг уздымаецца ў розныя святочныя дні. Напрыклад, у Дзень Перамогі 9 мая, у Дзень Незалежнасці 3 ліпеня, у час першага школьнага званка і апошняга. Кожную другую нядзелю мая ў нашай краіне святкуюць Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга. Дзяржаўны сцяг сустракае нас, калі мы прыходзім на ўрокі. Ён лунае над нашай школай”.

Паліна Пацэнка:Кожны грамадзянін нашай краіны павінен з павагай ставіцца да дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Па-першае, таму, што ён тут жыве, што ён беларус”.

А гімн. Што гэта?

Саша Салавей:Урачыстая песня краіны. Слухаюць яе стоячы, хлапчукі без галаўных убораў. Калі ў піянера павязаны гальштук, то ён абавязкова ўздымае руку ў знак пашаны і гонару”.

Размаўляць з дзецьмі, слухаць дзяцей – адно задавальненне. Яны шмат чаго ведаюць. Напрыклад, расказалі пра сцяг бела-чырвона-белы і герб “Пагоня”, пра тое, што васілёк – нацыянальная кветка Беларусі і сімвал надзейнасці. Пра бусла – белую пералётную птушку з чорнымі крыламі. Гэта сімвал любві да Радзімы. Пра нацыянальнае адзенне белага колеру з чырвоным арнаментам.  

Напрыканцы ўсёй нашай размовы захацелася пачуць, што думаюць дзеці наконт патрыятызму. Хачу адразу адзначыць, што яны добра разумеюць і гэта. На іх агульную думку, патрыятызм – гэта адказнасць за свае ўчынкі і паводзіны. І калі дарослым трэба добра працаваць, то школьнікі павінны вельмі старанна вучыцца, каб потым паступіць у вуз ці каледж. Толькі тады яны змогуць атрымаць неабходную прафесію. А трэба ўсё гэта для таго, каб не лайдаком пражыць, а карысць сваёй краіне прынесці.

Валянціна ХАМЧУК

Предыдущая статья

Объявлен районный смотр-конкурс на лучшее новогоднее оформление