banner

На зары юначых дзён

10 Ноября’08
3114

Звыкла крочу па вуліцы Пралетарскай у Свіслачы. У думках спыняюся ля будынка пад нумарам адзінаццаць. Дом пазашкольнай работы. Кожны дзень пасля ўрокаў сюды прыходзяць школьнікі. Іх чакаюць заняткі для душы, а дакладней гурткі і клубы. Што ж прыйшлося даспадобы дзіцячай душы і дапытліваму розуму? Завітаем — спытаем.

З прыемнай усмешкай сустракае дырэктар ДПР Ніна Паўлаўна Пакутнік. Здаецца, яна адчувае сябе на працы добра і ўтульна, бы дома. Хаця адразу заўважаеш: паветра тут некалькі іншае, чым у другіх месцах. Яно, быццам, наліта прыгажосцю і фантазіяй.

— Дом пазашкольнай работы — гэта краіна, дзе побач з дзецьмі надзейны і верны педагог. Ён не толькі правядзе сваіх падапечных па сцежках творчасці, але і зможа выслухаць, дапаможа разабрацца ў самім сабе, стане сапраўдным сябрам. Мы шчыра радуемся, што многія школьнікі праводзяць свой вольны час у нас. З задавальненнем прымем у нашу чароўную краіну дзяцінства навічкоў. Гурткоў у нас працуе шмат і, як кажуць, на любы густ: спартыўна-аздараўленчыя, інтэлектуальныя, эколага-біялагічныя, тэхнічныя, музычныя, мастацкія...

Прыгоды “электронікаў”

На зары юначых дзёнВось за гэтымі дзвярыма зараз ідуць заняткі па тэхнічнаму мадэліраванню. Гаспадарыць тут Яўген Пятровіч Лукінюк, гаспадарыць вось ужо 14 год. Калісь пачынаў кіраўніком авіямадэльнага гуртка. А з часам перайшоў на выраб неабходных у быце канструкцый. Яўген Пятровіч — фанат сваёй справы. Для сваіх вучняў — педагог, сябар і дарадчык. Дарэчы, да яго і зараз часценька заходзяць былыя выпускнікі школ пагаварыць ці параіцца, некаторыя прыводзяць у гурток ужо сваіх дзяцей. Працаваць тут усім лёгка і прыемна. Да сваіх вучняў у Яўгена Пятровіча адносіны бацькоўскія. Таму атмасфера ў гуртку амаль што хатняя.

Цікава, з якога ўзросту прыходзяць сюды хлопчыкі? Аказваецца, "прамудрасці" тэхнікі імкнуцца разведаць ужо трэцякласнікі.

— Усё пачынаецца з тэорыі, — апавядае Яўген Пятровіч. — Пасля бярэм у рукі самыя простыя інструменты: лобзікі, пілачкі, наждачную паперу. Знаёмімся з клеем. А самыя спрытныя ў хуткім часе пачынаюць працаваць і з паяльнікам.

— Чым вас здзіўляюць вашыя вучні? — пытаюся.

— У мінулым годзе з рухавіка пральнай машыны змайстравалі газонакасілку, — з немалой крупіцай гонару згадвае Яўген Пятровіч. — Аснова яе зроблена з дзіцячай каляскі, а рухавік закрываецца корпусам ад пыласоса.

Сярод юных тэхнікаў найбольшай папулярнасцю карыстаўся цір, стрэлы ў якім рабіліся пучком святла. Зразумела: усё, што выкідваецца з дому, становіцца матэрыялам для фантазіі і ў руках юных тэхнікаў і іх настаўніка пераўтвараецца ў практычную, патрэбную рэч. Многія гурткоўцы толькі тут, у ДПР, могуць набыць, а дакладней вырабіць уласнымі рукамі патрэбныя дэталі для мапеда, змайстраваць музычныя калонкі, як гэта зрабіў Уладзімір Малахвей. Многія вырабы сёння выкарыстоўваюцца ў рабоце гуртка як дапаможныя, у прыватнасці, для выточвання неабходных дэталей.

А Дзмітрый Нічыпарук, зараз вучань 11 класа СШ № 2 г. Свіслач, фрэзерны міні-станок уласнага вынаходства ў мінулым навучальным годзе прадставіў у Гродне на сустрэчы «Дорогу осилит идущий». Юны тэхнік узнагароджаны дыпломам.

...І цуд у пер’і

На зары юначых дзёнГурток “Тэхнічнае мадэліраванне” наведваюць толькі хлопчыкі. А вось нізанне бісерам, ручное вышыванне, выраб мяккай цацкі, рэчаў з атласнай стужкі, са скуры (упрыгожванняў, бірулек, рамак для фатаграфій), пано, макрамэ, работа з салёным цестам, бяростай, імхом і іншым матэрыялам — усё гэта з другой вобласці. Прыкладна такі набор спраў прапануецца наведвальніцам гуртка “Мазаіка творчасці”. Тут патрабуюцца ўседлівасць, цярпенне, жаданне ствараць цудоўныя рэчы і трошкі фантазіі. А каму ж, як не дзяўчынкам, уласціва адчуванне прыгожага і імкненне да яго?!

Ды і кіраўнік гуртка, Людміла Валянцінаўна Берагуленка, — чалавек у поўнай ступені творчы. У свой час закончыла Мозырскі дзяржаўны педагагічны інстытут па спецыяльнасці “Абслуговая праца”. Да педагагічнай дзейнасці восем год працавала ў быткамбінаце вышывальшчыцай дываноў. Давялося працаваць педагогам на вучэбна-вытворчым камбінаце, рыхтуючы са старшакласніц хатніх гаспадынь. Адным словам, жыццё вяло Людмілу Валянцінаўну дарогамі прымнажэння ўмельства і вопыту. Дзяўчынкам, што сёння займаюцца ў гуртку, з педагогам проста пашанцавала. Яму ёсць чаму навучыць юнае пакаленне.

...У час адпачынку прагульваючыся ў парку, многія з нас любяць разграбаць нагамі пажоўклае лісце. Зараз яго асабліва многа — такая пара, блізіцца лістапад. Часам мы збіраем афарбаваныя восенню лісты ў букеты... А вось умельцы “Мазаікі творчасці” пайшлі далей радавога прыхільніка прыгажосці. Яны навучыліся ствараць з кляновага лісця... ружы. У гэтым, трэба думаць, і змяшчаецца ўся моц майстэрства — удыхаць у матэрыял новае жыццё.

У бліжэйшай будучыні дзяўчынкі плануюць заняцца вырабам пано і кветак з прыгожага пер’я птушак. Цікава паглядзець на гэты цуд у пер’і...

Наталля КОМАР.

На здымках: Паліна Штоп за вырабам бісернага дрэва; юны тэхнік Дзмітрый Нічыпарук.

Предыдущая статья

Договор предварительный