banner

Дзяцінства, зруйнаванае вайной. Гісторыя Марыі Арол, якая не дае забыць: раны вайны не гояцца нават праз восем дзесяцігоддзяў

19 Апреля’26
85


Чарговая сустрэча і чарговы аповед пра вайну. Пра тое, што не здолеў загаіць час, хоць мінула больш як восем дзесяцігоддзяў. І ўжо не загоіць, бо ёсць такія раны, якія залечвае толькі смерць. А можа, і там, у іншым вымярэнні, яны будуць балець, бо засталіся не на целе – у душы. А яна, душа, бессмяротная. Гэтая даўно пасівелая бабулька дажывае свой век на казённым ложку. Так сталася, што ў свой час не ўдалося стварыць сям’ю, стаць маці. А старасць падкралася так нечакана, так непрыкметна, а з ёю хваробы, немач, бездапаможнасць. Спачатку Марыю Фёдараўну абслугоўваў сацыяльны работнік, а калі бабулька стала зусім нямоглай, яе прывезлі ў Дабравольскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. І вось ужо другі год яна знаходзіцца ў раённай бальніцы на сацыяльным ложку. Яна ні на што не скардзіцца і вельмі ўдзячная медыцынскаму персаналу за ўвагу і клопат, але… Але амаль кожную ноч сніцца ёй маленькая хатка ў Лідзянах, і рвецца туды душа, і баліць нясцерпна, бо ніколі больш не прайсціся па сваім падворку, не пасядзець на парозе.

“У першы дзень забілі нашага тату”

Марыя Фёдараўна Арол нарадзілася 22 красавіка 1930 года ў вёсцы Лідзяны, роўна за 11 гадоў і два месяцы да вайны. 

– Я была старэйшая ў бацькоў, мне споўнілася адзінаццаць, калі ў нашае мірнае жыццё ўварвалася вайна, – пачынае свой сумны аповед Марыя Фёдараўна. – За дваццаць дзён да гэтага нашага тату забралі на зборы ў Высокае, недалёка ад Брэста. Ён два лісты нам прыслаў. Я іх адпісвала, бо мама была амаль непісьменнай, а я ўжо ўмела пісаць і чытаць. Ён павінен быў адслужыць яшчэ 15 дзён і вярнуцца, але грымнула вайна, і не вярнуўся наш татка. У першы дзень вайны ён загінуў. Маме пахавальная прыйшла. А ў хаце, акрамя мяне, яшчэ трое малодшых: сястра Яўгенія і два браты – Юльян і Косця.  

Бабульцы цяжка гаварыць. Раз-пораз яна ўздыхае і выцірае маршчыністай далонню слёзы. Яны ўсё бягуць і бягуць па шчаках, пакідаючы вільготны след і хаваюцца недзе ў складках халата. Мне да болю шкада Марыю Фёдараўну, бяру яе руку, пагладжваю пальцы, а яна глядзіць на мяне з такой цеплынёю, з такой удзячнасцю, што аж няёмка становіцца. Я яе не прыспешваю, разумею яе такое доўгае маўчанне. Бабулька збірае ў адзін клубок усе успаміны, бо яны з гадамі рассыпаліся па памяці, як пацеркі з парваных караляў.

– Што найбольш урэзалася ў памяць? – больш самой сабе задае пытанне мая суразмоўца. – Самалёты з крыжамі на баках. Іх было так шмат, што не злічыць. Ляцелі, як чорныя крумкачы, і страшэнна гудзелі. Не, не гудзелі, а раўлі,нібы нейкія пачвары. Кроў у жылах стыла ад таго рову. Тут, над вёскай нашай, не бамбілі, ляцелі далей, можа, на Ваўкавыск ці яшчэ куды. Але страшна было вельмі, не перадаць. Я па сёння не магу забыць, як яны раўлі. Па тэлевізары, як пачую, то, здаецца, сэрца зараз біцца перастане ад страху.
Вось так, успамінае Марыя Фёдараўна, да іх прыйшла вайна: 

– Немцы ў вёсцы з’явіліся хутка. Выбралі солтыса. Ён выдаваў людзей, якія дапамагалі партызанам. Але застрэлілі таго солтыса. Тады немцы выбралі другога. І той выдаваў людзей. У нашай школе стаяў карацельны атрад. Звозілі ў Лідзяны лю-зей з усіх навакольных вёсак, заганялі ў хлеў і там мучылі, білі, катавалі. Забралі і хлопчыка аднаго, майго аднагодка, таксама доўга здзекаваліся, білі, але потым той солтыс пашкадаваў хлопца, сказаў немцам, што ён не вінаваты, і адпусцілі. Мы, дзеці, бегалі да таго хлява, заглядвалі, што там робіцца. А забралі многіх нашых сваякоў. Сястра маёй бабулі таксама там была. Мужа яе таксама забралі і сына аднаго. І другіх сваякоў. Білі ўсіх моцна, крычалі яны. А потым усіх на машыну загналі і павезлі. Спачатку ў ваўкавыскую турму, а потым расстралялі ўсіх. Дзе менавіта – і да сёння невядома.

Марыя Фёдараўна ўзгадвае, што немцы ўстанавілі жорсткія нормы для ўсіх вяскоўцаў: колькі павінны здаваць малака, мяса, яек, курэй і іншых прадуктаў. Акупанты пастаянна хадзілі па дварах. Ні днём, ні ноччу спакою не было. Ад пастаяннага грукату ў вокны і дзверы людзі проста баяліся класціся спаць, а дзецям як было страшна, не выказаць. 

– Неяк сабралі нас, падлеткаў, і старэйшых дзяўчат, далі ў рукі глячыкі і ў лес пагналі ягады для іх збіраць, – працягвае суразмоўца. – Мы збіралі, а яны стаялі побач з вінтоўкамі ды аўтаматамі і назіралі. Мы стараліся збіраць тыя ягады і баяліся, каб нас не пастралялі. 

Усю вёску спалілі немцы

Вось так у страху людзі і жылі, пакуль не прыйшло вызваленне. Страляніна была страшэнная, людзі ў лес уцякалі, жывёлу з сабою бралі. Людзі паўцякалі, а немцы ўсю вёску спалілі. І ад хаткі Арлоў таксама толькі чорнае вуголле засталося. Што рабілася, як галасілі жанчыны, плакалі дзеці – усе ў адно імгненне без даху над галавой засталіся. Людзі начавалі проста на зямлі. Праўда, некаторыя да сваякоў падаліся, а астатнім не было да каго пайсці, каб прытуліць галаву. А тут яшчэ адна бяда людзей напаткала – напаў сыпны тыф. Хутчэй за ўсё, немцы заразу падкінулі, калі іх гналі. Быў мор. У адной сям’і адразу чацвёра дзяцей памерла. І ў іншых па двое, па трое, амаль штодзень на могілкі завозілі. 

– Мама баялася вельмі, каб і мы не пахварэлі, – працягвае бабулька. – Яна пайшла ў вёску Баравікі.Там сястра нашай бабулі жыла з сынам. Ён быў нежанаты, і яго вось-вось павінны былі забраць у армію. Мы прыйшлі туды, і ён кажа: “Жывіце тут, бо я на фронт пайду і, напэўна, ужо не вярнуся”. Так яно і сталася. Яго ў жніўні забралі, а вясною пахавальная прыйшла. Ужо зусім мала заставалася да Перамогі. Не дачакаўся. Мы ў той бабулі пажылі, можа, год. А потым мама пайшла ў Падароск у ваенкамат. Расказала, што хату спалілі немцы, і нам жыць няма дзе, што чацвёра дзяцей без бацькі засталіся. І тады ваенкам параіў засяліцца ў хату на хутары Мядзвеска. Мы пайшлі на той хутар. Стаяла хатка невялічкая. Вокны і дзверы былі выдраны, але мы і такому жыццю былі рады. Нехта памог маме разабраць тую хатку па бярвёнах, і мы цягалі іх у Лідзяны, на тое месца, дзе раней стаяла наша хатка. У каго мужыкі з вайны вярнуліся, то новыя хаты будавалі, а мы сваю маленькую “зляпілі” і там жылі. У ёй я выгадавалася, сястра з братамі. Рана нам давялося стаць дарослымі, гадаваліся без бацькі, змалку ўсё рабіць умелі. Усе з той хаты на крылы падняліся, вылецелі, свае гнёзды звілі, а я з мамай засталася. Не пашчасціла мне стварыць сям’ю, нарадзіць дзетак.

Не сцерці з памяці вайну

Прабегла жыццё, ды так хутка, што Марыя Фёдараўна заўважыць не паспела. Даўно пасівела галава, па твары пабеглі глыбокія маршчынкі-гады, амаль не бачаць вочы. Яна слаба памятае, што было ўчора, а вось вайну гады не сцерлі з памяці. Нібы нехта нябачнай рукою запісаў на душы ўсё, што тады адбывалася, кожны дзень, кожнае імгненне.

І зараз, праз шмат гадоў, усплываюць тыя “радкі” ў памяці, трывожаць і без таго збалелае сэрца, не даюць заснуць і адгукаюцца нясцерпным болем у кожнай клетачцы. 

– Калісьці глядзела я фільм пра тое, як пачыналася вайна, – зноў згадвае бабуля Марыя. – Ляцелі самалёты,шмат-шмат. Усё неба было ў тых самалётах. І страшна гудзелі. Мне адразу ўспомнілася, як такія ж самыя з чорнымі крыжамі на баках праляталі над нашай вёскай. Мне было страшна, як тады, у дзяцінстве. А яшчэ на экране салдатаў было шмат, і я прыглядалася: а раптам тату ўбачу. Але дзе там… Гэта ж толькі кіно…

Я глядзела ў вочы суразмоўцы і адчувала сябе няёмка ад таго, што лішні раз прымусіла яе адчуць той боль. Даруйце мне, Марыя Фёдараўна. Дзякуй вам вялікі за тое, што падзяліліся са мной сваімі ўспамінамі. Няхай яны нагадаюць аб тым, што давялося перажыць нашым бабулям, дзядулям, прабабулям і прадзядулям у гады вайны, колькі гора і слёз прынесла яна на нашу зямлю. Няхай нагадаюць, каб кожны з нас яшчэ і яшчэ раз зразумеў, што нічога ў свеце няма важнейшага за мірны дзень, за блакіт неба, за птушыны спеў, за шчаслівы смех дзяцей.

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Поработали в Хоневичском сельсовете