banner
Праект “СГ” да Году народнага адзінства: Роднае Народнае. "Білет у бяссмерце"
10:30 03 Мая’21
289
Мільёны савецкіх загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай пахаваны ў брацкіх магілах як «невядомыя». Ляжаць у магілах без імя і прозвішча, без радка на надмагільнай пліце. Іх сем’і пасля вайны атрымлівалі кароценькія паведамленні «Прапаў без вестак»… І такімі безыменнымі салдаты застаюцца і праз 75 гадоў пасля заканчэння баёў. А бывае, рэальныя імёны вяртаюцца з невядомасці. Што дапамагае ім у гэтым? Ну вось хоць бы партыйны білет. Так-так. Для Міхаіла Вахрушава менавіта гэтая маленькая чырвоная кніжачка стала білетам у бяссмерце.



Вось тут вельмі цікавая гісторыя, – раскрывае перада мной папку з пажоўклымі ад часу пісьмамі галоўны захавальнік фондаў Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Трахімік. – Тут фрагменты «пазлаў», што скрупулёзна і настойліва выкладваліся ў канцы 80-х гадоў супрацоўнікамі нашага музея ў цэласную карцінку лёсу загінуўшага на тэрыторыі нашага раёна воіна Чырвонай арміі – Міхаіла Вахрушава. Дайсці да дэталей, напісаць імя салдата на мануменце і расказаць нарэшце праўду родным, што чакалі яго на кастрамской зямлі, – для краяведаў гэта быў не толькі працоўны, але і чалавечы доўг. Які яны і выканалі.


Міхаіл Вахрушаў. 1940 год

Пошукавая праца пачалася з незвычайнай знаходкі. Праз сорак гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, у канцы 80-х, у вёсцы Наркавічы пры разборцы старога хлява быў знойдзены партыйны білет № 3158800, выдадзены Салігалічскім райкамам партыі Вахрушаву Міхаілу Панцеляймонавічу. Захаваўся дакумент добра. Разгарнуў і чытай. Час уступлення ў партыю – верасень 1939 года, выдачы білета – 4 верасня 1939 года. Праглядаюцца адзнакі аб членскіх узносах. Апошні раз яны былі выплачаны ў маі 1941 года, а за чэрвень камуніст выплаціць іх ужо не паспеў: пачалася вайна. Толькі фатаграфіі, на жаль, не было. 

Мясцовыя жыхары расказвалі, што каля вёскі Наркавічы ў адзін чэрвеньскі дзень 1941-га разгарэўся жорсткі бой падраздзялення, у якім знаходзіўся Міхаіл Вахрушаў, з ворагам. Нашы параненыя байцы ў поўным акружэнні ўстойліва трымаліся да апошняга патрона. Частка іх – акрываўленых, беспрытомных – патрапіла да фашыстаў у палон. Пад узмоцненым канвоем іх прывялі ў вёску Наркавічы і пакінулі каля хлява. Загадалі зняць боты. Мабыць, у гэты момант Вахрушаў і схаваў пад дахам свой партбілет, каб не трапіў у рукі ворага (праз сорак гадоў пры разборцы ён і быў знойдзены).

А што наконт далейшага лёсу савецкіх палонных? Да мясцовых жыхароў даходзілі чуткі, што салдаты былі расстраляны па дарозе ў Поразава. Дзе дакладна адбылася трагедыя, устанавіць цяжка. У пасляваенны ж перыяд астанкі нашых воінаў – вядомых і невядомых – з ушанаваннямі пераносілі ў брацкія магілы горада Свіслачы і Поразава. Але да канца 80-х Вахрушаў у спісах загінуўшых воінаў не значыўся. Значыць, ён пахаваны сярод невядомых.

Каб знайсці адказ на пытанне «Дзе ўсё ж такі спачывае Міхаіл Вахрушаў, уладальнік знойдзенага партбілета?», Марыя Гайдучак, у той час навуковы супрацоўнік музея, напісала ліст у горад Салігаліч, пазначаны ў білеце: «Памяць пра загінуўшых у жорсткай барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі прымушае нас звярнуцца да вас з просьбай дапамагчы адшукаць родзічаў ці тых людзей, хто ведаў вашага земляка-камуніста Вахрушава Міхаіла Панцеляймонавіча». 

23 лютага 1988 года ў нумары 24 газеты «Знамя Ильича» г. Салігаліча выйшаў артыкул «Он был коммунистом» (экзэмпляр выдання сёння захоўваецца і ў свіслацкім музеі). Карэспандэнт Дудзін паклаў у аснову свайго матэрыялу аповяд Марыі Гайдучак пра знойдзены ў Наркавічах партбілет. Што цікавага ў ім і новага было для беларускага боку? Напэўна, згадкі пра даваеннае жыццё Міхаіла Вахрушава. 

«У Миши Вахрушева не было особенного детства, – піша аўтар артыкула. – Оно было таким же, как у большинства совежских (д. Совега) ребят. Шли годы... В родную Васильевскую школу Михаил Пантелеймонович Вахрушев вернулся в качестве учителя начальных классов. Любили ученики своего учителя. Михаил Пантелеймонович не ограничивался рамками производственной работы. Он был активным общественником – агитатором. Его мягкий с четкой дикцией голос всегда звучал убедительно. Молодой педагог был непременным участником художественной самодеятельности. Самым важным, волнующим событием для Михаила Пантелеймоновича было вступление в ряды коммунистов. Когда он ехал в райком ВКП (б) за партбилетом, то вспоминал о том, как его отец Пантелеймон Михайлович Вахрушев был в числе первых коммунистов Совеги. В 1939 году молодой коммунист призывается в ряды Красной Армии. За несколько месяцев до начала войны был направлен в одну из воинских частей, находящуюся недалеко от города Бреста в Белоруссии (близ границы с Польшей)».

Жонка Вахрушава – Валянціна Аляксандраўна (Шаўрына) – пасля пачатку вайны ніякіх рэчаў і лістоў ад свайго мужа не атрымлівала, расказвае газета. На яе запыт аб лёсе мужа ўжо пасля вайны быў дасланы афіцыйны адказ, у якім паведамлялася, што ён прапаў без вестак. Далей – увага знаходцы ў Наркавічах. І выснова: нягледзячы на тое, што Вахрушава няма ў спісах загінуўшых, сцвярджаць, што ён прапаў без вестак, нельга. Справа ў тым, адзначаецца, што ў 1952 годзе яго жонка атрымала ліст, адрасаваны на яе імя. У канверт былі ўкладзеныя пісьмо настаўніцы гродзенскай школы і бланк-запіска, напісаная рукой Міхаіла Панцеляймонавіча: хто ён, прозвішча, імя і імя па бацьку жонкі, яе хатні адрас. Маўляў, у час упарадкавання магіл загінуўшых воінаў іх астанкі перанеслі ў брацкую магілу. І пры гэтых абставінах быў выяўлены пластмасавы медальён, у якім апынуўся бланк, запоўнены ў самым пачатку вайны самім Міхаілам. І ў канцы: цела спачывае ў брацкай магіле… горада Гродна.

Карэспандэнт паставіў для сябе кропку ў біяграфіі Вахрушава. А Марыя Гайдучак, прачытаўшы гэта, для сябе паставіла пытальнік. Як – у Гродне? Як там мог апынуцца НАШ Вахрушаў? І зноў пачала пісаць запыты ў ваенныя камісарыяты вобласці: Гродзенскі абласны, раённы, Ленінскі... Адказы амаль не адрозніваліся адзін ад другога: «Не значится».

Свет у патрэбны бок праліў ліст з музея Васільеўскай школы, ад яго кіраўніка Серафімы Марозавай, якая даслала Марыі Гайдучак копію пісьма сястры Міхаіла Вахрушава.

«Было извещение, – гаворыцца там, – что он пропал без вести, а затем в 1952 году прислала письмо одна учительница из Гродненской области и просила узнать, есть ли у него родные, чтоб описать о судьбе его. Ну, мама ответила. Во дворе школы была обнаружена братская могила. Когда раскладывали по гробам, то у брата выпал пистон с домашним адресом…» А далей па памяці прыгадвае адрас: Гродзенская вобласць, Поразаўскі раён, школа Колоная. І імя настаўніцы, ад якой вестка прыйшла ў 1952-м, – Браніслава Паўлаўна Бараноўская.

Замкнуць круг у гэтай гісторыі дапамагла публікацыя ў свіслацкай раёнцы ў чэрвені 1989 года Марыі Гайдучак «За наш светлы дзень» з просьбай дапамагчы ўстанавіць месца захаранення воіна Чырвонай арміі, палітрука Міхаіла Вахрушава. Жыхары раёна адгукнуліся. Першым прыйшоў у музей Вацлаў Іосіфавіч Бальтар, ураджэнец вёскі Вялікая Каланая. Ён у 1952 годзе вучыўся ў Каланянскай школе, настаўніцай у яго была Браніслава Паўлаўна Бараноўская. Вацлаў Іосіфавіч, хоць і быў тады яшчэ школьнікам, добра запомніў, што на тэрыторыі школы была брацкая магіла, і нават быў відавочцам перапахавання астанкаў загінуўшых у пачатку вайны воінаў Чырвонай арміі. Праз два дні пасля выхаду публікацыі патэлефанавала ў музей настаўніца Каланянскай васьмігодкі Любоў Сямёнаўна Бабіч.

Прачытаўшы матэрыял у газеце, яна была глыбока ўсхвалявана трагічным лёсам былога настаўніка, палітрука Міхаіла Вахрушава. Яна тут жа пачала апытваць мясцовых жыхароў і даведалася, што ў вёсцы пражываюць відавочцы пахавання 1941 года і перапахавання 1952-га воінаў Чырвонай арміі ў Каланой. Хутка музей ведаў прозвішчы гэтых людзей. Так, стала вядома, што ў 1952 годзе асабіста ўдзельнічаў у перапахаванні астанкаў 12 загінуўшых Іосіф Іванавіч Багалейша. Ён укладваў у труны астанкі краснаармейцаў, і дапамагала яму ў гэтым сястра Ядвіга Іванаўна Несцер. Пры гэтым у двух салдат былі знойдзены медальёны з іх прозвішчамі і адрасамі родных. Гэтыя адрасы аддалі настаўніцы мясцовай школы Браніславе Паўлаўне  Бараноўскай, каб яна паведаміла маці і жонкам, дзе пакоіцца прах іх сыноў і мужаў. Акрамя таго, Іосіф Іванавіч расказаў, што труны з астанкамі 12 воінаў з брацкай магілы ў Каланой былі перапахаваны ў брацкую магілу, што знаходзіцца недалёка ад Поразава, справа па дарозе на Новы Двор. Па чыёйсьці нядбайнасці вядомыя прозвішчы двух салдат не былі адразу занесены на мемарыяльную дошку помніка.



Брацкая магіла бліз Поразава сёння

Так нарэшце было ўстаноўлена месца, дзе пахаваны Міхаіл Вахрушаў, лёс якога прывёў з Кастрамской вобласці на нашу зямлю і тут затрымаў назаўсёды. Дзякуючы партбілету, настойлівасці Марыі Гайдучак і неабыякавасці людзей прозвішча безыменнага да гэтага палітрука з’явілася на помніку. Не стала яшчэ аднаго невядомага салдата. Аб гэтым свіслацкі краявед адразу ж напісала на радзіму героя, у музей Васільеўскай школы, даслала туды здымкі адноўленай мемарыяльнай таблічкі брацкай магілы.

«Дарэчы, – напрыканцы адзначала яна, – у Каланой, на месцы, дзе раней была брацкая магіла, вучні пасадзілі вярбу. На верхаліне дрэва змайстравала гняздо самая мірная птушка – бусел. Гэта нібыта сімвал міру на нашай зямлі. І няхай не будзе болей брацкіх магіл, каб не слеплі ад слёз мацярынскія вочы».

Гады ідуць. А жаданне мірнага неба над галавой заўжды з намі. Праўда?

Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Дайджест. Самое читаемое на нашем сайте за прошлую неделю