banner

«Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне» будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Расказваем, як развіваецца гэты від творчасці ў рэгіёне

26 Мая’23
958
«Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне» будзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Расказваем, як развіваецца гэты від творчасці ў рэгіёне

22 мая на пасяджэнні рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны была падтрымана прапанова аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь элементу нематэрыяльнай спадчыны «Культура беларускай дуды на Гродзеншчыне».

Як паведаміла намеснік дырэктара Гродзенскага метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Рамановіч, адпаведная пастанова Міністэрства культуры будзе прынята ў хуткім часе.

– Як вядома, дуда – гэта традыцыйны музычны беларускі народны інструмент, які належыць да тыпу язычковых духавых інструментаў. Дуда выкарыстоўвалася для суправаджэння танцаў, песень і прыпевак, на сямейных і каляндарных абрадавых святах, ігрышчах і кірмашах. Сёння дуда бытуе на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Літвы, Паўночнай Украіны і Беларусі. На тэррыторыі нашай краіны дударская традыцыя развіваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне, – расказала Наталля Рамановіч. – А вось гістарычным арэалам распаўсюджання культуры дуды з’яўляецца менавіта тэрыторыя Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей, дзе сустракаліся аўтэнтычныя віды дударскай традыцыі з XVІ-XVIІ стагоддзяў.

Увогуле, традыцыя дуды на Беларусі мае глыбокія карані. Мастацтва беларускай дуды складалася і развівалася ў русле агульнаеўрапейскай культурнай традыцыі са старажытных часоў. Але ўжо ў сярэдзіне ХХ стагоддзя назіраецца заняпад дударства на тэрыторыі Беларусі. На яго змену прыходзяць скрыпка і гармонік. Цікавасць да інструмента адраджаецца толькі ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя.

Так, у 90-ых гадах адраджэннем беларускай дуды на Гродзеншчыне пачынае займацца Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч, які актыўна працуе як майстар-рэстаўратар і эксперыментатар па вынаходніцтву гукавых якасцяў ў галіне народных інструментаў. А ў 2016 годзе «Творчасць майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча» аграгарадка Адэльск Гродзенскага раёна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага Мар’ян Скрамблевіч з’яўляецца лаўрэатам дзяржаўнай прэміі дзеячоў культуры і мастацтва Беларусі.

Мар’ян Антонавіч выкарыстоўвае дуду як сольны інструмент, не практыкуючы ансамблевае выкананне. У яго рэпертуары – аўтарскія творы, песенныя найгрышы, полькі.

Мар'ян Скрамблевіч.jpg
– Музыкай і вырабам музычных інструментаў я пачаў займацца з дзесяці гадоў. Спачатку сам збіраў гармонікі, а з цягам часу перайшоў і на драўляныя вырабы. Пасля арміі я пайшоў вучыцца і стаў ужо сур’ёзна займацца музыкай, вывучаў тэорыю музыкі ў Маскве, а таксама скончыў вышэйшую прафсаюзную школу. Я займаюся вырабам новых і рэканструкцыяй старых музычных інструментаў, якія трапляюць мне ў рукі, і часам сам на іх іграю. Памятаю, што напачатку з мяне смяяліся, лічачы, што я займаюся несур’ёзнай справай. Канешне, было непрыемна і агідна, але я працягваў працаваць далей і ў рэшце рэшт дасягнуў сваёй мэты. У мяне было шмат выстаў маіх вырабаў, а некаторыя музычныя інструменты сёння нават захоўваюцца ў гістарычным музеі, – расказаў Мар’ян Антонавіч. – Шмат працую над вырабам музычных інструментаў з дрэва, якое я люблю яшчэ з дзяцінства. Памятаю, як пасля вайны да нас прыехаў сталяр, які шмат чаму навучыў мяне, пазнаёміў са сваёй працай, дзякуючы гэтаму я яшчэ больш заахвоціўся займацца гэтай справай. Але ў мяне такі характар, што я проста не мог дазволіць сабе калі-небудзь паўтарыцца пры стварэнні новага інструмента, а таму на працягу ўсяго свайго жыцця я шукаю новыя гукі, перарабляю старыя музычныя інструменты на свой лад.

0-02-05-86e463c6d7aad6c2a5725f23aa6a953ae13b0cb687ccd9e0a13f0b7bd3c5fe84_51e0fde1d3fb50c.jpg

Акрамя Мар’яна Скрамблевіча носьбітамі традыцый беларускай дуды на Гродзеншчыне з’яўляюцца таксама Алена Кавальчук і Артур Чабацько з горада Ліды. Свае навыкі ігры на дудзе яны атрымалі падчас вучобы ў Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Цікава, што дуды, на якіх граюць музыкі, змайстраваў для іх Віктар Кульпін – музыкант, педагог, майстар па вырабе духавых народных інструментаў. Яшчэ адзін носьбіт культуры беларускай дуды – Аляксандр Журо з Гродна, які з сярэдзіны 90-ых гадоў мінулага стагоддзя з'яўляецца пераемнікам творчасці вядомага майстра-дудара Алеся Лася.

На сённяшні дзень Мінскім аблвыканкамам запланавана падрыхтоўка дасье «Культура беларускай дуды» для накіравання ў ЮНЕСКА ў 2024 годзе.

Милана ДУДКО

Предыдущая статья

В Новогрудке скутерист пытался скрыться от сотрудников ГАИ. Мужчине грозит штраф более 2 тысяч рублей и лишение прав
Похожие новости