banner
Дакрануцца да мінулага
12:55 08 Сентября’20
181
Тыдзень беларускага пісьменства штогод праходзіць у пачатку верасня. Сёлета супрацоўнікі раённай бібліятэкі запрашаюць на выставу «Кніга Скарыны – шлях праз стагоддзі», якая раскрывае і паказвае чытачам адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. На выставе адлюстраваны гістарычны шлях пісьменства і друку ў Беларусі.



Дзякуючы багатай гісторыі, кніжная выстава прадстаўляе літаратуру па трох разделах: «Асветнікі зямлі беларускай», «Кніжная візітка Беларусі» і «Вечнасць і мудрасць кніжнага свята». У першым раздзеле ўсё аб гісторыі беларускага пісьменства, якая зазнала розныя гістарычныя перыяды ад «залатых» часоў да заняпаду. Але заўжды былі людзі, якія развівалі асветніцтва, адукацыю і культуру на беларускай зямлі: Ефрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі і іншыя. Наступны раздзел знаёміць з гісторыяй узнікнення пісьменнасці і кнігі. Першым чалавекам, надрукаваўшым кнігі для беларусаў, быў Францыск Скарына. Менавіта ён разумеў вялікую ролю друкаванай кнігі як крыніцы ведаў і асветы. Скарына даў магчымасць свайму народу чытаць Біблію на роднай мове. У гэтым раздзеле кожны зможа пазнаёміцца з дакладнай перыядычнасцю ўзнікнення беларускага пісьменства. Да значнай падзеі, стаўшай па-сапраўднаму нацыянальным літаратурным святам, падабраны выданні па гісторыі станаўлення і развіцця беларускай пісьменнасці як унікальнай з’явы сусветнай і славянскай культуры.

Упершыню, у 1994 годзе, святочнае мерапрыемства адбылося ў старажытным горадзе Полацку. Затым сталіцамі свята сталі такія гістарычна значныя культурныя цэнтры краіны, як Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім. А ў гэтым годзе наша краіна святкуе Дзень беларускага пісьменства ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці. Галоўны дзень свята – 6 верасня, але шмат цікавых мерапрыемстваў пройдзе напярэдадні амаль у кожным куточку нашай краіны.



Трэці раздзел знаёміць з унікальным вынаходніцтвам чалавецтва – кнігай. Менавіта яна на працягу доўгіх стагоддзяў змяняла сваю форму ў залежнасці ад узроўню грамадскага развіцця і прызначэння. Мала хто ведае чалавека, які адшукаў спосаб хутка друкаваць мноства кніг. Гэта быў немец Іаган Гутэнберг. Ён вырашыў не перапісваць кнігі, а набіраць тэкст з дапамогай металічных літарак, мазаць іх фарбай і адціскаць на паперы. Так кнігі пачалі друкаваць і тым самым далі новы штуршок развіццю навукі, тэхнікі, грамадскай думкі. У гэтым раздзеле можна прасачыць поўную гісторыю ўзнікнення кнігадрукавання, візуальна дакрануцца да тых першых кніг, якія яшчэ існуюць і да нашага часу. Кніжная спадчына ўвогуле нібы займальная кніга і з кожнай старонкай здзіўляе і ўражвае.

Асобае месца на выставе займаюць кнігі па гісторыі, дзе арганічна пераплятаюцца мінулае і сучаснае. Цікавыя звесткі, многія з якіх публікуюцца ўпершыню, пра першыя кнігі з унікальнымі шрыфтамі і пра іх гісторыю, якая захавалася да нашага часу, можна знайсці на старонках кніг выставы.

Запрашаем на выставу, прысвечаную галоўнаму кніжнаму святу краіны!

Вольга БОТВІЧ 
Фота аўтара

Предыдущая статья

На территории Свислочского района в текущем году зарегистрировано 4 факта мошенничества с использованием сети Интернет