Да свята Божага Нараджэння застаўся тыдзень. Разважаем пра традыцыіі і духоўную падрыхтоўку

17 Декабря’25
2801


У кожнай каталіцкай сям’і ідзе падрыхтоўка да ўрачыстасці. Існуе шмат традыцый, якіх прытрымліваюцца ўсе каталікі. А ці ўсе ведаюць іх сэнс?  

“Час, які трэба прысвяціць ачышчэнню душы”

Праз тыдзень закрываецца брамка самага прыгожага часу – Адвэнту. Дні чакання перад Божым нараджэннем – гэта не проста адлік часу, гэта дарога святла, што прабіваецца праз цемру, як свечка ў халодным снежні. 



  Настаяцель Касцёла Рымска-Каталіцкага 

св. Францішка з Асыжу ў Свіслачы айцец Антоній падзяліўся сваімі думкамі наконт таго, як мы павінны рыхтавацца да вялікага цуду – Нараджэння Хрыстова.
– Час Адвэнту – гэта не толькі падрыхтоўка да Божага нараджэння, гэта самае светлае чаканне, якое ўжо само па сабе ёсць свята, – адзначыў святар. –  Кожны па-свойму можа рыхтавацца да гэтай падзеі. Але цэнтрам, асновай гэтага свята павінны быць духоўныя каштоўнасці, нараджэнне Бога ў сэрцы чалавека. Усё астатняе: пакупка новага прыгожага адзення, гірляндаў, выбар падарункаў, прадуктаў на святочны стол і іншая мітусня мірскога жыцця – не павінны стаць прыярытэтнымі ў перадсвяточны перыяд.

Галоўнае – гэта шчырая споведзь, гэта духоўнае адра­джэнне, ачышчэнне душы ад грахоў, ад таго, што так часта перашкаджае жыць у міры, у любові да бліжняга, да родных. Што точыць душу і не дае спакою. А спакой толькі ў Божай любові, толькі ў Яго міласэрнасці. 

Да споведзі можна прыйсці кожны вечар у буднія дні і ў нядзельку. А заўтра, 18 снежня, адбудзецца асаблівы дзень споведзі. У наш касцёл прыедуць іншыя святары, і можна будзе паспавядацца ў іх. Калі ласка, запрашаем! 

Што датычыць астатніх мітуслівых спраў перад святамі, то яны могуць быць, Чаму не? Але не на першым месцы,  не першапрычынай свята. Дзеткі, зразумела, заўсёды чакаюць падарункаў, і яны павінны быць. Езусу таксама прынеслі свае падарункі пастушкі, а потым Тры Каралі. Адтуль і існуе такая традыцыя. Але галоўным з’яўляецца тое, каб дзіця з малога разумела сэнс усяго, што адбываецца ў чаканні Божага нараджэння. Каб дзеці разам з бацькамі ішлі ў касцёл, прымалі ўдзел ў імшы. 



  У час адвэнту існуе  адна з самых прыгожых  традыцый –  раратная імша. Гэта такое асаблівае богаслужэнне ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. У такіх імшах з задавальненнем прымаюць удзел дзеці. Яны іх называюць “рараткі”. Дзіцячыя сэрцы, яны чыстыя, і душы іх найбольш адкрытыя для таго, каб да іх дакрануўся маленькі Езус.

 Такая імша правіцца, як звыкла, у цёмны час сутак, а перад тым, як яна пачнецца, у храме гасне святло, людзі запальваюць свечкі, і адбываецца працэсія. Міргацяць агеньчыкі, асвятляючы твары прыхажан, і тое святло пранікае ў самае сэрца кожнага чалавека. Так прыемна бачыць у той працэсіі дзетак. Яны, бадай, самыя ўдумлівыя, засяроджаныя. А пасля імшы ніхто не разыходзіцца. Дзеці збіраюцца разам і прыносяць святару маленькія каляровыя сэрцайкі, на якіх запісалі добрыя ўчынкі, зробленыя за дзень. Зачытваюць іх у мікрафон. Як жа прыемна гэта бачыць, чуць! Кожны такі дзіцячы ўчынак – гэта набліжэнне да ясляў, дзе будзе ляжаць нованароджаны Езус. Гэта Яму дзеці ахвяруюць свае добрыя справы, гэта Яму належыць кожнае такое сэрцайка – і папяровае, і жывое, трапяткое дзіцячае сэрцайка. Яшчэ ёсць час, прыводзьце сваіх дзетак на “рараткі”, няхай яны паўдзельнічаюць у такіх імшах, няхай ахвяруюць Маці Марыі свае добрыя ўчынкі. Не сумняваюся, што іх шмат, бо дзеці ўсё робяць шчыра і адкрыта, з любоўю і дабрынёю. 

Праз тыдзень вечарам, калі на небе заззяе першая зорачка, у кожным доме каталікоў таксама запаляцца свечкі. І перад тым, як падзяліцца аплаткам і сесці за стол, да Бога паляцяць шчырыя малітвы. Малітвы з падзякаю за кожны падораны Ім дзень, за дзетак, за ўнукаў і гарачыя просьбы аб тым, каб мір панаваў і ў кожный сям’і, і на цэлым свеце. 

А пакуль мы жывём у чаканні цуду. 

Вігілія

Вігілія – гэта святочная вячэра перад Божым нараджэннем. Звычайна ў бацькоўскі дом зблізку і здалёку з’язджаюцца дзеці з унукамі, адчуваецца святочная атмасфера. Па традыцыі Вігілія пачынаецца са з’яўленнем першай зоркі на небе, як напамінанне Віфліемскай зоркі, якая прывяла Трох Каралёў да месца, дзе нарадзіўся Езус. 
Стравы на стале – толькі посныя, і іх павінна быць дванаццаць, па колькасці апосталаў, а па другой версіі – колькасці месяцаў у годзе. Як правіла, за святочным сталом адно месца застаецца пустым для выпадковага падарожніка. Лічыцца, што Бог можа прыйсці да нас у любым вобліку. Часам за стол запрашаецца хто-небудзь з самотных суседзяў, каб у такі святочны вечар чалавек не заставаўся адзін. 

Аплаткі

Аплатак – гэта сімвал Хрыста, які, прыняўшы чалавечае цела, аддаў сябе самога за жыццё свету, і да сканчэння вякоў прабывае з намі ў Хлебе еўхарыстычным.
Дзелячыся аплаткам, мы ахвяруем блізкаму чалавеку ўдзячнасць, прабачэнне, дзелімся з ім цеплынёй сваёй душы, жадаем дабра, здароўя, шчасця, ажыццяўлення ўсіх мар. Дзяленне аплаткам адбываецца заўсёды пасля зачытання ўрыўка з Евангелля, дзе гаворыцца пра нара­джэнне Езуса, і малітвы. Гэта з’яўляецца найважнейшым момантам Вігілійнай вячэры.

Белы абрус

Бель вігілійнага абруса нагадвае нам пра бездакорную чысціню алтара, а таксама пра чысціню нашых сэрцаў, думак і памкненняў у гэты цудоўны вечар. Гэта як абяцанне трымаць ў чысціні душу, не заплямляць яе нядобрымі ўчынкамі і грахамі.



Сена пад абрусам

Жменя сена пад белым абрусам сімвалізуе яслі, у якія Маці Марыя паклала маленькага Езуса. Над ім нахіліліся тады ўсе жывёлы, якія былі на той час у стайні і сагравалі маленькага сваім дыханнем. Таму існуе традыцыя, асабліва на вёсцы, пасля Вігіліі сабраць усё сена і занесці ў хлеў, каб з’ела хатняя жывёла.

Падарункі

Езус, які нарадзіўся ў Віфлееме, – гэта вялікі дар людзям ад Бога Айца, які так палюбіў свет, што паслаў Сына свайго адзінароднага да людзей. Дзіцятка Езус таксама атрымаў падарункі ад пастушкоў і Трох Каралёў, якіх прывяла на тое месца ясная зорка ў небе. Вось адтуль і бярэ пачатак звычай дарыць адзін аднаму падарункі ў ноч Божага Нараджэння.

Святочная елка

Звычай прыбіраць елку на свята Божага Нараджэння нарадзіўся не ў нас, але яго так палюбілі дзеці і дарослыя, што ён вельмі хутка распаўсюдзіўся па ўсім свеце.
На Беларусі елкі пачалі ўпрыгожваць у ХVІІІ стагоддзі. Існуе шмат легендаў аб тым, чаму менавіта елка стала адным з сімвалаў гэтага свята, а потым і Новага года, але мы не паглыбляемся ў думках пра гэта. Проста яна ўпрыгожвае дом, і пад ёй дзеці  і дарослыя знаходзяць для сябе падарункі. 

Калядкі

Як цудоўна гучаць у гэтыя дні вясёлыя калядныя песні! Дома каля ёлкі, у касцёле пры яслях, дзе ляжыць Дзіцятка Езус, гэтыя песні проста неабходныя. Калядкі з задавальненнем спяваюць дзеці і дарослыя. Яны гучаць як гімн Нованароджанаму Хрысту, як калыханка маленькаму Езусу, як падзяка Богу за такі неацэнны дар.

Пастэрка  

Так называецца імша, якая адбываецца ў касцёле з надыходам ночы. Пастэрка – ад лацінскага pastor (пастух),  бо першымі, хто абвясціў цудоўную навіну пра нараджэнне Езуса, былі пастушкі, якія ў тую ноч пасвілі свой статак непадалёк. Менавіта яны першымі прыйшлі і пакланіліся нованароджанаму Збаўцу. Гэтую памятную сцэну можна ўбачыць у кожным касцёле ў час Божага Нараджэння: перад алтаром – падрыхтаваныя яслі, у якіх Дзіцятка Езус, а над ім з пяшчотаю і любоўю схіляюцца Маці Марыя і Юзаф, і тут жа побач – вол з ослікам, а крыху наводдаль з пашанаю кленчаць сціпла апранутыя пастушкі.

 

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з адкрытых інтэрнэт-крыніц


Предыдущая статья

"Ваша миссия - служение во имя будущего Беларуси". Каким достижением национальной демократии Лукашенко гордится больше всего?