Жыві, родны куточак!

31 Января’26
253

У гэтай вёсачцы з прыгожай назвай Верабейкі калісьці кіпела жыццё. Раслі  дзеткі, ва ўсіх гаспадароў была хатняя жывёла. Словам, жыла вёска! Дружна жыла! Нават замкі людзі на дзверы не вешалі, дастаткова было  паставіць кіёк каля ўваходу, каб было бачна, што няма нікога ў хаце. “Здесь держать можно двери открытыми, что надежней любого замка», – так  спяваў Матвей з фільма “Справа была ў Пянькове”. І  гэта была праўда. Хто будзе спрачацца? А потым пачала мяняцца сітуацыя. Адзін за другім на дзвярах у вёсцы пачалі з’яўляцца масіўныя замкі. І вось бяда: ніхто не спяшаўся іх адмыкаць. Старыя гаспадары пайшлі спачываць на пагост, а маладым не было часу думаць пра тое, што родны куточак чакае, што цёмныя вокны, на якіх калісьці ветрык калыхаў бялюткія матуліны фіранкі, бясконца глядзяць і глядзяць на дарогу, адкуль хто прыйдзе і здыме з дзвярэй замок. Але так часта чакалі дарма… 

У такім доўгім чаканні стаяла хата Антона і Юзэфы Багалейшаў. Пакуль аднойчы дачка Аліна з зяцем Анатолем не прыехалі сюды з цвёрдым намерам даць роднаму куточку другое жыццё. Аб тым, што з гэтага атрымалася, пойдзе сёння размова.


Цёплыя ўспаміны

Гэтую хату ў Верабейках будаваў калісьці дзед Адам. Чацвёра дзяцей гадаваліся ў сям’і: тры сына і дачка. Сыны выраслі, раз’ехаліся хто куды. Не стала бацькі. Знайшоў сваю суджаную адзін з сыноў – Антон. Нарадзіўся ў іх сынок Браніслаў, і потым яны вырашылі ехаць на заробкі ў Карэла-Фінскую ССР. Там нарадзіліся яшчэ двое дзетак  – Аліна і Валера. Нядоўга пабылі ў чужых краях. Вабіла Радзіма, родная вёсачка Верабейкі. Да таго ж бяда сталася. Антон выпадкова ўпаў у халодную ваду. Доўга лячылі пнеўманію, а яна перайшла ў сухоты. Калі вярнуліся ў Верабейкі, Аліне было на той час чатыры годзікі.  І дванаццаць споўнілася, калі не стала таты. Сіротамі засталіся старэйшы брат Браніслаў, яна і два малодшыя – Валерый і Часлаў. Была яшчэ сястрычка Стася, але памерла маленькай.

– Тата наш быў такім добрым, мудрым, – дзеліцца ўспамінамі  Аліна Антонаўна. – Я памятаю, як ён нам казкі расказваў. Расказвае, расказвае, дойдзе да самага цікавага – і ўсё. “На сёння, – кажа, – дзеткі,  хопіць, кладзіцеся спаць, працяг заўтра будзе”. А мы просім: “Татачка, ну хоць яшчэ трошачкі”. А ён усміхаецца і не дае сябе ўгаварыць. Ах, як жа мы любілі яго казкі! Адкуль ён іх ведаў столькі, не магу сказаць. А яшчэ ў матэматыцы разбіраўся. Пакуль жывы быў, дапамагаў нам урокі рабіць. Задачкі, прыклады момантам рашаў. Мне і сёння незразумела, адкуль тата меў такія веды? А мама наша была зусім непісьменнай. Чытаць і пісаць вучылася разам з намі. Нават па-польску потым чытала. З малітоўнікам не расставалася. Як толькі вольная хвілінка – яна малітвы чытала і нас вучыла. Колькі мудрасці было ў ёй, колькі дабрыні, шчырасці! Да яе за парадай хадзілі, яе на вёсцы вельмі паважалі. Да ўсяго была здатная, рукі залатыя мела.

Лёсавызначальная сустрэча

Маці падымала дзяцей адна.  Сказаць, што было цяжка, – нічога не сказаць. Але скардзіцца не было каму, ды і не ўмела Юзэфа скардзіцца. Умела толькі працаваць ад зары да зары, каб дзеці не былі галоднымі, каб ніхто не папракаў, што яны апрануты горш за іншых.

З малых лет прывучаны былі дзеці і да работы. Маці вучыла: “Дзеткі мае, не бойцеся працы. Яна – аснова жыцця, крыніца дабрабыту”. І дзеці слухаліся маці. З малога дапамагалі, каб ёй было лягчэй, каб магла хоць трошкі адпачыць.

А час ляцеў. Адзін за другім сыны і дачушка скончылі школу. Кожны выбраў для сябе прафесію. Аліна паступіла ў Гродзенскае СПТВ на маляра-тынкоўшчыка. Працавала нават у Адлеры. Там пансіянаты будаваліся, трэба было аздабляць.

Потым дзяўчына вярнулася ў родны край і вырашыла змяніць прафесію. Вывучылася на прадаўца ў Гродзенскім кааператыўным вучылішчы. Дзяўчыну направілі ў вёску Ізабелін Ваўкавыскага раёна. Працавала Аліна ў гаспадарчым магазіне. І аднойчы там адбылася лёсавызначальная сустрэча. За нейкім таварам зайшоў у магазін хлопец Анатоль. Недалёка ад крамы ён разам з другімі хлопцамі працаваў на будоўлі дзіцячага сада. Прыгожым быў юнак: высокі, чарнабровы, гаваркі. Слова за слова, пазнаёміліся і пачалі сустракацца. На кожнае спатканне Аліна і Анатоль ляцелі, як на крылах, а праз сем месяцаў згулялі вяселле. Распісаліся і павянчаліся ў Мсцібаўскім касцёле. Адбылася гэта незабыўная падзея 1 мая 1976 года. Акурат сёлета пара адзначыць залаты юбілей. Пяць дзесяцігоддзяў, пражытых у згодзе і ўзаемаразуменні. Доўгі шлях, які пройдзены дастойна.


– Мы жылі спачатку ў Ваўкавыску – гаворыць Анатоль, – там нарадзіўся першы сынок Валянцін, а потым пераехалі ў Верабейкі. Жылі з Алінінай мамай. Тут у нас з’явіўся другі сынок – Аляксандр. Перайшлі жыць у інтэрнат на вуліцы Гагарына ў Свіслачы, а пазней далі нам кватэру. Больш як трыццаць гадоў мы там пражылі. Выраслі дзеці, пажаніліся, унукаў нам падарылі. Забралі мы да сябе спачатку Алініну маму – Юзэфу Іванаўну, а потым маю – Леанарду Міхайлаўну. Яна ў нас пяць гадоў жыла. Амаль увесь час ляжала. Аліна даглядала яе, шкадавала, як сваю маму.

– Пакуль у нас былі бабулькі, то часу не было ездзіць у Верабейкі, – дапаўняе мужа Аліна Антонаўна. – Мы і не бачылі, што там рабілася. А калі пакінулі гэты свет нашы матулі, мы прыехалі ў вёску і жахнуліся. Увесь двор хмызняком зарос, пустазелле было вышэй галавы. І так нам шкада стала гэтую хату, такой яна выглядала асірацелай, пакінутай, самотнай, аж плакаць хацелася, гледзячы на яе. І тады прынялі рашэнне ратаваць хату, не даць ёй загінуць, як загінула шмат пакінутых дамоў. Бо гэта грэх – дазволіць роднаму куточку знішчыцца. Муж мой з такой ахвотай ўзяўся даводзіць усё да толку. Пакуль мы жылі ў горадзе, я не ведала, што мой муж такі рукасты, такі здольны да ўсяго. Я проста дзіву давалася, гледзячы на яго.

У хаце сцены намоленыя


Вось так закіпела работа каля хаты. Перш-наперш былі высечаны зараслі. І адразу хата набыла зусім іншы выгляд. А потым развярнулася праца па ўпарадкаванні дома. Уставілі новыя вокны, памянялі падлогу, паклалі ў кухні плітку, у пакоях – лінолеум, уцяплілі сцены. Анатоль прыбудаваў да дома невялічкую веранду. Шмат чаго зрабіў у двары. Неўзабаве “вырасла” летняя кухня, а за ёй і летняя душавая. Куды ні глянь – відаць рукі гаспадара. Гэта мы зімою прыязджалі. А летам тут усё зіхаціць ад мноства кветак. А гэта ўжо заслуга гаспадынькі. Як і агарод, дзе растуць і цешаць ураджаем агуркі, памідоры¸ морква, цыбулька, бурачкі, капуста, перац. Летам спеюць парэчкі, маліна, клубніцы. Ужо пладаносіць пасаджаны малады грэцкі арэх. А калі ўся праца была зроблена, сям’я Чарнецкіх пераехала ў Верабейкі на пастаяннае месца жыхарства. І ні разочку аб гэтым не пашкадавала.

У гэтай маленькай хаце так утульна, так прыгожа. І вакол столькі абразоў, што не злічыць. Гэтыя сцены наскрозь намоленыя. І не толькі цяпер, а з той пары, калі першыя гаспадары пераступілі гэты парог з падзякаю да Бога. А насупраць хаты стаіць крыж з фігуркаю Божай Маці. Аліна Антонаўна даглядае гэтае месца. Тут летам таксама цвітуць жывыя кветкі, а зімою крыж упрыгожваюць штучныя.


– Мы калі задумалі перасяліцца ў вёску, то многія нас не разумелі, – расказвае Аліна Антонаўна. – Смяяліся з нас: “Што вы там не бачылі? Людзі, наадварот, у горад бягуць, а вы – у вёску, ды яшчэ такую забітую. Там ужо амаль ніхто не жыве”. А я ім гаварыла: “Вось пабачыце, паглядзяць людзі на мяне і свае хаты пачнуць уладкоўваць. І, што вы думаеце, я ж як у воду глядзела. Следам за намі і другія некаторыя былыя вяскоўцы сюды прыехалі і робяць парадак каля сваіх пакінутых гнёздаў. Душа цешыцца. Бо нельга, каб вёска памерла, грэх гэта. А нам тут так добра, так лёгка дыхаецца, так радасна на сэрцы. Дзеці прыязджаюць, дапамагаць ва ўсім. Унукі і ўнучкі таксама з задавальненнем да нас спяшаюцца. І, ведаеце, у нас традыцыі сямейныя захоўваюцца па сёння. На Божае Нараджэнне і на Вялікдзень прыязджаюць з сем’ямі нашы браты, сыны, унучаняты. Стол вялікі ставім у пакоі, на Ражство дзелімся аплаткам, жадаем адзін аднаму здароўя, шчасця, дабрабыту. А на Вялікдзень разгаўляемся свянцоным яйкам, другімі асвечанымі стравамі. Гэта ж такая радасць, калі ўсе разам, як калісьці пры маме! Разам з братамі мы аднавілі і помнікі на могілках у бацькоў. Часта там бываем.Мы з мужам вельмі цешымся, што выгадавалі добрых дзяцей. Дружныя нашы хлопцы, ва ўсім падтрымліваюць адзін аднаго. І ўнукі растуць нам на радасць. Прыязджаюць, ахвотна дапамагаюць, на дні нараджэння падарункі нам з дзедам прывозяць. А нам большага шчасця і не трэба. Галоўнае, каб іх Бог бярог, каб яны былі здаровымі, каб нішто не засмучала ім жыццё.

Такая вось сям’я жыве ў маленькай вёсачцы Верабейкі. І так радасна за іх, так прыемна слухаць іх ціхую размову, цешыцца разам з імі тым, што іх родная хата атрымала новае жыццё.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Защитите себя от гололеда: советы МЧС