banner

«Люблю бязмежна прадзедаў зямлю…». Бацькоўская хата сям’і Бабашоў жыве ўжо 80 гадоў

22 Февраля’26
345

Гэтай хаце ў вёсцы Лідзяны больш за восемдзесят гадоў. А выглядае яна так, нібы ўчора тут справілі наваселле. Прыгожая, дагледжаная і звонку, і ў сярэдзіне.

Рукі гаспадара і гаспадыні зрабілі з хаты маленькі палац, дзе адчуваюць сябе шчаслівымі, куды з задавальненнем прыязджаюць іх дзеці, унукі. Дзе кожны куточак такі родны, цёплы, утульны.

Хата ніколі не была пакінутай. Тут усе восем дзесяцігоддзяў па вечарах свяціліся вокны, віўся з коміна дымок, а раніцай звонкім спевам будзіў усіх певень. Тут нават на імгненне не заціхала жыццё. І ўжо чацвёртае пакаленне вылецела з гэтага гнязда ў вялікі свет. Вылецела, але не забылася сцежку да роднага парога. Бо тут чакаюць бацька і маці.

Як бацькі навучылі

У вайну дом Бабашоў згарэў датла. Дарэчы, не толькі ён. Фашысцкія нелюдзі ўсю вёску Лідзяны спалілі. Але вяскоўцы не пакінулі родныя мясціны. На папялішчах адзін за другім вырасталі новыя дамы. Вёска паціху ажывала. Уладзімір Бабаш пасля вайны збудаваў спачатку маленькую хатку, каб толькі было куды галаву прыхіліць. А тым часам будаваўся новы дом: вялікі, прасторны, прыгожы. У сям’і Уладзіміра гадаваліся чатыры сыны і дзве дачушкі. Выраслі і амаль усе падаліся ў Мінск. Засталіся ў вёсцы толькі Іван і Мікола. Апошні ажаніўся і пераехаў у Бераставіцу. А Іван не мог сабе ўявіць, што пакіне родную хату, што знойдзе месца, лепшае за тое, дзе з'явіўся на свет. Ажаніўся яшчэ да арміі. Прывёў маладую жонку да бацькоў. Тут яна верна чакала свайго Івана тры гады. Вярнуўся – і ўжо не разлучаліся. З’явіліся на свет дзеці: дачка Марына і сын Віктар.

З будучай жонкай Віктар сябраваў з дзяцінства. Сем гадоў доўжылася тое сяброўства. У адну школу хадзілі, на вячоркі бегалі і неўзабаве зразумелі, што лёсам наканаваныя адзін аднаму. Пайшоў Віктар у армію. І паляцелі поўныя любові і пяшчоты лісты ад Марыны – Віктару, ад Віктара – да Марыны. Калі вярнуўся, бацькі вырашылі перайсці жыць у старую хату. Бацька яе падрамантаваў, абнавіў трошкі і стала яна ўтульным гняздом. Маладыя засталіся ў новай. Тут адзін за другім нарадзіліся два сыны – Іван і Ігар. Зараз сыны дарослыя, стварылі свае сем’і, пацешылі бацькоў унукамі.

– Тыя гады, што мы пражылі разам, праляцелі так хутка, што і не заўважылі. У згодзе жылі і жывём, – гаворыць Віктар Іванавіч. – Дзеці ў нас добрыя, ніколі за іх не было сорамна. Як нас бацькі гадавалі, так і мы іх. Да працы прывучалі, наказвалі, каб вучыліся добра, каб людзей паважалі, згодна з сумленнем жылі. Бо гэта самае важнае. Тое, што вынесе дзіця з бацькоўскай хаты, потым застаецца з ім назаўсёды. Так спакон веку было. Так і нас бацькі вучылі.

А што датычыць хаты, дык мы да яе душой прыраслі. Як і да вёскі ў цэлым. Тут жа кожная сцяжыначка знаёмая, кожнае дрэўца, тут нават паветра роднае. Я не магу зразумець людзей, якія рвуцца ў горад і забываюць пра сваё роднае гняздо. Як не баліць душа, ведаючы, што ўсё гіне, развальваецца, знішчаецца?! І не што-небудзь чужое, а сваё, найраднейшае. Гэта ж колькі працы было ўкладзена ў кожную тую хату, якія зараз стаяць з пакошанымі платамі, з выбітымі шыбамі, з зарослымі бур’яном дварамі. Часам бацькі не даядалі, не маглі купіць сабе лепшую вопратку, калі будаваліся, калі рубель да рубля складвалі, каб у дзяцей быў свой дах над галавой. Як для тых бацькоў гэта было важна, і як не важна зараз для іх дзяцей, унукаў. Хіба гэта нармальна?

Шчырыя, працавітыя гаспадары

Віктар Іванавіч з задавальненнем расказвае, якія перабудовы яны з жонкай зрабілі ў хаце. А іх вельмі шмат. Былі паменены вокны, замест печаў зараз паравое ацяпленне, з'явіліся нацяжныя столі, устаноўлены санвузел. Шмат і іншых перамен у хаце. Але яна па-ранейшаму застаецца бацькоўскай, той, якую калісьці, восемдзесят гадоў таму, бервяно да бервяна, складваў дзед, а потым укладваў у кожны куточак душу бацька. Зараз ужо шчыруе каля хаты сын.

Зусім побач, амаль на адлегласці выцягнутай рукі, – летняя кухня. У ёй таксама зроблена ўсё як мае быць. Стаіць прыемны водар лясных зёлак, з якіх гаспадынька варыць смачную гарбату. У двары – лазня, зробленая рукамі гаспадара, насупраць, праз дарогу, – невялікі пчальнік. Віктар вельмі любіць гэтых крылатых працаўніц. А яшчэ ён вырошчвае трусоў. Гэта акрамя асноўнай працы. Вось ужо 35 гадоў працуе ў ААТ “Ханявічы” вадзіцелем.

Жонка Марына працуе медыцынскай сястрой у Брэсцскай абласной псіхіятрычнай бальніцы. Работа складаная, але Марына Віктараўна прывыкла. Яна з душой ставіцца да людзей, якім патрэбна дапамога. Ужо амаль 15 гадоў ездзіць за 20 кіламетраў на працу.

А дома яна гаспадыня, якіх пашукаць. У хаце ўсё зіхаціць, прадумана кожная дробязь, зроблена ўсё, каб было прыгожа і ўтульна. Агарод таксама кожны год цешыць гаспадароў ураджаем. Гаспадыня вырошчвае шмат памідораў, перцаў. Яны растуць і ў адкрытым грунце, і ў цяпліцы. Любіць і кветкі. Іх летам каля хаты безліч. Кожная пасаджана з любоўю, і таму клумбы цешаць вочы не толькі гаспадароў, а і ўсіх, хто праходзіць міма.

– Я з вялікім задавальненнем займаюся кветкамі, агародам, – гаворыць Марына Віктараўна. – Муж дапамагае. Наогул, мы ўсё любім рабіць разам. Вось ужо амаль 34 гады мы разам, і нам не надакучыла. Я спачатку хацела ў горад, хоць нарадзілася ў гэтай самай вёсцы. Усе сяброўкі, аднакласніцы ў горад падаліся, і мне хацелася. Вучылася ў Гродна, працавала чатыры гады, мне падабалася. А вось засталася ў вёсцы і ніколькі не шкадую. А муж дык проста ўсёй істотай да вёскі прывязаны. Дзеці нашы ў горадзе жывуць, а сюды з ахвотаю прыязджаюць, унукаў прывозяць. Для іх слова “бацькаўшчына” – таксама не пусты гук, у ім вялікі сэнс. Так і павінна быць.

“Нельга, каб вёска вымерла”

Аглядаючы гэтую хату, я са здзіўленнем убачыла каля акна гукавую калонку, а на ёй мікрафон. Пацікавілася, хто тут канцэрты дае? А Віктар Іванавіч з усмешкаю адказаў:

– Гэта ўнучак Максім, яму нядаўна восем гадкоў споўнілася. Калі прыязджае, песні нам з бабуляю спявае. Ведаеце, якая ў яго любімая песня? Не здагадаецеся – “Не прадаецца хата бацькоў”. А двухгадовы Жэня яму падпявае. Цалюткі дзень можа спяваць яе і не надакучыць. А мы з задавальненнем слухаем нашых маленькіх артыстаў. Якая гэта радасць і шчасце! Вось так і жывём. Добра нам тут. Зіма хутка скончыцца, і зноў будзем агародам займацца, пчолкі вылецяць, буслы вернуцца. Шкада толькі, што ўжо дзетак у вёску не носяць (усміхаецца). У Лідзянах мала хатаў засталося, дзе яшчэ жыццё не згасла. І ўсё ж вёска жыве. Вунь з горада прыехала сям’я ў бацькоўскую хату. Таксама стараюцца, каб прыгожа было, утульна. І гэта правільна. Такіх прыкладаў шмат, і дасць бог, будзе яшчэ больш.  

Напрыканцы Віктар Іванавіч акцэнтуе: нельга, каб вёска вымерла. На ёй жа ўсё трымаецца, яна карміцелька. За яе трэба трымацца, шанаваць.

– А ў нас тут такая прыгажосць, лес зусім побач, а у ім летам столько грыбоў, ягад. І рэчка ёсць таксама. Толькі жыві і радуйся! ­– з усмешкаю кажаНельга, каб вёска вымерла. На ёй жа ўсё трымаецца, яна карміцелька. За яе трэба трымацца, яе шанаваць. А ў нас тут такая прыгажосць, лес зусім побач, а у ім летам столько грыбоў, ягадаў. І рэчка ёсць таксама. Толькі жыві і радуйся.

 

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара


 

Предыдущая статья

Сжигали чучело и угощали блинами: как в Свислочи отметили Масленицу