banner

Вучыць Радзіму абараняць

23 Февраля’24
744
Князев.jpgНе так даўно ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з'явілася новая пасада – кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. У гімназіі №1 ім. П. Васіленкі г. Свіслачы за патрыятычную работу з юнымі сэрцамі і розумамі адказвае падпалкоўнік у адстаўцы Андрэй Князеў.

На асабістым вопыце
 
Служба ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь нездарма з'яўляецца важным крытэрыем пры выбары кандыдатаў на пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, бо толькі маючы асабісты вопыт, насычаныя вайсковыя ўспаміны, выкладчык зможа зацікавіць навучэнцаў, «запаліць» у іх іскрынку,  паслужыць прыкладам.

Андрэй Князеў – чалавек, які добра ведае аб усіх тонкасцях ваеннай службы, і як вынік, –  аб абавязку сапраўднага патрыёта. Бо найперш на асабістым прыкладзе ведае адказ на пытанне: «Што такое абараняць Радзіму?».

Тэрміновую ваенную службу Андрэй Валер'евіч праходзіў у групе савецкіх войск у Германіі. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі пайшоў служыць у пагранічныя войскі. Ён – чалавек, цалкам паглынуты воінскай службай. З 2009 года па 2019 год узначальваў АПК «Свіслач». Амаль тры дзясяткі гадоў аддаў службе ў пагранічных войсках. А потым – новая справа. 

– Пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні з'явілася ў школах для фарміравання ў вучняў патрыятычнай свядомасці. Андрэй Валер'евіч, як чалавек адказны, насцярожана паставіўся да настаўніцтва. Аднак хутка ўліўся ў калектыў, заваяваў аўтарытэт і павагу сярод калег, вучняў, бацькоў, – характарызуе педагога дырэктар гімназіі №1 ім. П. Васіленкі Святлана Гірэй.

У педагогаў па ваенна-патрыятычным выхаванні ёсць права насіць форму. Але гэта не абавязкова. Аднак, як адзначыла дырэктар гімназіі, адна прысутнасць чалавека ў форме ва ўстанове адукацыі дысцыплінуе, прывучае да парадку.

Задачы ваенрука

Праца па выхаванні ў вучняў патрыятызму шырокая і разнапланавая. І, несумненна, уключае ў сябе захаванне гістарычнай памяці, трапяткое стаўленне да гісторыі роднага краю, шанаванне традыцый. Сярод іншых задач ваенрука – дапрызыўная падрыхтоўка, правядзенне мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіра-ванасці, урокаў мужнасці, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі воінскіх часцей, навучальных устаноў, арганізацыя экскурсій, прафарыентацыйная работа.

Жыццёвы і афіцэрскі вопыт Андрэя Князева дазваляе захапіць юнакоў ваеннай справай, выхаваць у падрастаючага пакалення пачуццё гонару і адданасці да сваёй Айчыны, яе гісторыі, традыцый. Прафесія афіцэра – годны выбар у жыцці. Гэта тэма аўтарытэтна раскрываецца Андрэем Валер'евічам не толькі старшакласнікам, але і іх бацькам.

Што такое патрыятызм?

Асноўная задача кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні – выгадаваць сапраўдных патрыётаў.

Патрыятызм пачынаецца з любові да сваіх бацькоў, свайго дома, роднага горада ці вёскі, – лічыць педагог. – Сапраўдны патрыятызм – гэта не толькі веданне і шанаванне гісторыі, дзяржаўных сімвалаў,  гэта яшчэ любоў да сваёй зямлі і сям'і, жаданне і імкненне быць карысным грамадству, сваёй краіне. Незалежна ад таго, чым нашы выпускнікі будуць займацца ў будучыні, галоўнае, каб іх справы ішлі толькі на карысць нашай Радзіме. Гэтаму іх навучыць і ёсць наша задача.

Галіна КАРПАВА
Фота аўтара

Предыдущая статья

Узнали, какая культурная программа ожидает избирателей на участках в единый день голосования 25 февраля