Восемдзесят два гады мінула з той пары, як сціхлі стрэлы на нашай шматпакутнай зямлі. 1116 дзён і начэй стагнала наша Свіслаччына пад фашысцкім прыгнётам. За гэты час загінулі тысячы мірных жыхароў, асірацела шмат дзяцей, не злічыць, колькі пахавальных прынеслі паштальёны мацяркам і жонкам. Ужо вельмі мала засталося тых, хто перажыў жахі вайны, і ўсё ж яшчэ ёсць тыя, хто памятае, у каго нясцерпна баліць тая памяць.
"На маіх вачах усё было”
Хутар Брыкі. Усяго пяць дамоў. У кожным гадаваліся дзеці, і бацькі марылі аб шчаслівай долі для іх. Не багата жылі, але заўсёды быў кавалак хлеба на стале: трымалі сваю жывёлу, мелі свой агарод. Словам, мірна жылі хутаране, згодна, як і павінна быць. Пакуль у чэрвені 1941-га не парушыла гэтае мірнае жыццё вайна. Больш як тры гады неверагодных выпрабаванняў ляглі на плечы жыхароў вялікіх гарадоў і маленькіх вёсак, шумных сёл і ціхіх хутароў. У іх ліку – хутар Брыкі, дзе жыла сям’я Антона і Ганны Рынгайла з трыма дзецьмі. Сёння на тым хутары жаве іх сын Тадэуш. Вось якімі ўспамінамі ён з намі падзяліўся.
– Вы сабе ўявіць не можаце, як нам было страшна. Прыязджалі немцы на матацыклах. Ад аднаго іх выгляду мароз па скуры бег. Заходзілі ў хату, дзверы ботамі адкрывалі, патрабавалі прадукты, забіралі ўсё, што хацелі, – гаворыць Тадэуш Антонавіч, і ў яго дрыжыць голас. – Помню, як нашых гусей валаклі за крылы, яны так страшна гагаталі, нібы дапамогі прасілі. Потым, хіба, галовы ім скручвалі. Мы стаялі і нямелі ад страху. Усім хутаранцам выдалі аўсвайсы нямецкія. Мамін і татаў да сёння захаваўся...
Тадэуш Антонавіч надоўга замаўкае. Я не прыспешваю яго, бо разумею, як цяжка даюцца яму гэтыя ўспаміны.
– Неяк мы з суседскаю дзяўчынкай кароў пасвілі, а тут страляніна пачалася, – працягвае суразмоўца. – Мы ў лес уцяклі, там недалёка жыў паляк адзін, мы да яго пабеглі. Пабылі трошкі там, а есці хочацца, што не вытрываць. Зноў дахаты пайшлі. Па дарозе немца ўбачылі: мала сэрцы ад страху не выскачылі. Ідзём і на кожным кроку баімся стрэл пачуць. Але ён толькі паглядзеў на нас і не чапаў. На нашым хутары нікога не забілі, а вось у суседніх вёсках Міхайлы, Грынявічы шмат людзей пастралялі. І жанчын, і нават дзяцей малых не пашкадавалі. Што там рабілася, жах! Зараз ужо няма каму расказаць пра гэта. Паўміралі людзі, памяць з сабою на той свет панеслі. Застаўся толькі я і жанчына з Грынявічаў Марыя Асмаловіч. Яе маці забілі разам з дзіцём, якое толькі-толькі паспела нарадзіцца.
Тадэуш Антонавіч працягвае:
– Калі нашы ўжо наступалі, тут бой быў страшны. З аднаго боку немцы, з другога – савецкія салдаты, а пасярэдзіне – наша хата. Адно імгненне, і гарыць дом, аж да неба полымя, і дым чорны. У нас было тры каровы, два кані, усіх забілі. А бой не канчаўся доўга-доўга. Мы хаваліся ў склепе, страх было нос высунуць. А калі ўсё сціхла, вылезлі і відовішча перад намі было страшэннае. Два савецкія танкі, падбітыя, стаялі недалёка, а забітых салдатаў – не палічыць. Пачалі тых салдатаў да нас на падворак сцягваць. Звалілі цэлую горбу, прысыпалі трохі і ўсё. Параненых на плашч-палатках на суседні хутар цягалі, а забітых – да нас. Як сёння бачу гэтую карціну, сніцца мне часта. Памятаю аднаго забітага камандзіра разведкі Сасноўскага. Дакумент яго трымаў у руках. Ён асобна ляжаў ад другіх.
Пасля вызвалення маіх братоў і ўсіх маладых забралі ў армію, засталіся толькі старыя, падлеткі і дзеці. Дык вось нам, падлеткам, сказалі, каб дапамагалі тых пабітых даставаць для перазахоўвання на могілках. Пачалі раскопваць, а там страх, што рабілася. Толькі некалькі целаў дасталі, а астатнія так і засталіся тут ляжаць. Я потым побач з тым месцам вішню пасадзіў. Недалёка калодзеж стаіць. Калі не падыду, то ўсплыве ў памяці тая карціна. Як такое забыць?! Вам вунь, бачу, слухаць пра гэта страшна, а яно ж на маіх вачах усё было, і я з гэтай памяццю больш як восемдзесят гадоў жыву. Нікуды ад яе не схаваешься і ніколі яна не загаіцца.
Нам, беларусам, хочацца толькі міру”
Марыі Фёдараўне Насевіч дзевяноста тры гады. Даўно збялела яе галава, але памяць па-ранейшаму засталася светлай і выразнай. І асабліва памятаецца тое, што адбывалася даўно, калі яна была яшчэ маленькай дзяўчынкай Марыйкай з тонкімі коскамі і сінімі вочкамі. А завецца тая памяць вайною. Бабуля пачынае:
– Мы добра жылі да вайны. Нас у бацькоў было пяцёра: тры дзяўчынкі – я, сёстры Ліда і Зіна, і два браты – Аляксандр і Іосіф. Тата наш добрым майстрам быў, вазы рабіў. Мама ткала прыгожыя дываны, вязала, рушнікі вышывала. Мы, дзяўчаткі, каля яе шмат чаму вучыліся. А тут – вайна. Праз некалькі дзён немцы ўжо ў вёсцы былі. Адразу свае парадкі ўстанавілі. Вёска наша Лідзяны вялікая была, хлопцы маладыя ўсе ў партызаны падаліся. А брат мой не паспеў, дык яго ў Германію забралі. Мама столькі слёз выплакала!
Перад самым вызваленнем усе жыхары ў лес пабеглі. А тата наш застаўся. Немцы па хатах стралялі, адну за другой полымя абдымала. А тата нашу хату мамінымі дыванамі і посцілкамі мокрымі ўкрываў, каб уцалела. І Бог убярог! Засталася наша хатка амаль адна на ўсё сяло.
Вярнуліся людзі, а жылля няма. Куды падзецца? Каля нашай хаты прама на зямлі жылі многія, некаторыя падаліся да сваякоў, але нямногія. А тут пачалася другая бяда. Тыф людзей касіў. У некаторых сем’ях па трое, чацвёра, пяцёра чалавек памірала. Асабліва дзеці. Я памятаю той страшэнны голад.
Брат з Германіі вярнуўся. І ўсе мы выжылі. Можа, таму што хата ўцалела, можа, яе сцены нас бераглі. А што было рабіць тым, хто застаўся без даху над галавой?
Вось ужо колькі гадоў мінула, а я забыць не магу.
Што магу сказаць, дзеткі? Нічога страшнейшага за вайну няма. А сёння нашчадкі тых недабітых фашыстаў бразгаюць зброяй, хочуць новай вайны. Няймецца ім. Гісторыю хочуць па-свойму перапісаць, Перамогу нашу зняважыць.
А нам, беларусам, хочацца толькі міру, толькі спакою. Бо ніхто не пацярпеў столькі бяды і гора, як Беларусь. Кожны трэці стаў ахвяраю вайны. Такое магчыма забыць? Такое магчыма дараваць? Не! Трэба берагчы мір, каб нашы дзеці, унукі, праўнукі ніколі не бачылі такой бяды, каб матулі не баяліся нараджаць дзетак і былі ўпэўнены, што будуць яны расці пад мірным небам.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара





