banner

Незагойнаю ранай успаміны баляць. Алена Янучак расказвае, як бязлітасна вайна абарвала яе дзяцінства

14 Марта’26
231

Алене Антонаўне Янучак з Вялікага Сяла нядаўна споўнілася 90 гадоў. Даўно пасівела галава, разбегліся па твары маршчынкі, і вочы ўжо слаба бачаць. Жыццё не частавала яе мядовым напоем, але жанчына ніколі не скардзілася на лёс, сумленна працавала, нікому не зайздросціла, не шукала выгады і за ўсё дзякавала Богу.


За дзевяць дзесяцігоддзяў шмат чаго сцерлася з памяці, але тое, што прыйшлося перажыць ў далёкім дзяцінстве, назаўсёды засталося балючай ранай у сэрцы. Гады прытупілі той боль, але варта толькі пачуць слова “вайна”, як памяць імгненна вяртае ў тыя далёкія саракавыя, калі бязлітасна было абарвана дзяцінства пяцігадовай Аленкі, яе сястры Марыйкі і двух братоў – Мішы і Сашы.

“Да нас прыходзілі партызаны”

Ці толькі іх дзяцінства скалечыла вайна? Многім не суджана было стаць дарослымі, а тыя, каму пашчасціла выжыць у пякельным агні вайны, нясуць па жыцці цяжар успамінаў, і няма такой сілы, каб тую ношу аблегчыць, каб суцешыць той боль.

– Мы жылі на хутары паміж Агароднікамі і Палонкай. Хатка маленькая была, але месца ўсім хапала. Там нас і напаткала вайна, – дзеліцца ўспамінамі Алена Антонаўна. – Недалёка быў лес, многія мужыкі з навакольных вёсак у партызаны пайшлі. І наш тата, Антон Сяледчык, з імі быў звязаны. Часта і да нас з лесу партызаны прыходзілі, мама іх карміла, з сабою што давала. Праўда, не вельмі чаго было даць, мы бедна жылі, але мама хоць бульбы наварыць, малака налье, некалькі яйкаў пакладзе. Яна разумела, што ім там, у халодных зямлянках, яшчэ цяжэй, яшчэ галадней, таму памагала, як магла. Партызаны дзякавалі і зноў спяшаліся ў лес.

А недалёка ад нашага быў другі хутар. Там жыў сусед, яго называлі Варонай. Не ведаю, прозвішча ў яго такое было ці мянушка, але нядобрым ён быў чалавекам. Сачыў за нашым домам і дакладваў немцам, што партызаны да нас ходзяць. Адзін раз прыехалі тыя паганцы, але народныя мсціўцы паспелі адысці. Потым зноў ноччу прыйшлі. Мама пакарміла, дала тое-сёе з сабою, а яны выпадкова забыліся бінокль на сцяне. А тут адкуль ні вазьміся, немцы на брычцы прыехалі. Мы, дзеці, спалі яшчэ, дык нас паскідалі з ложкаў, нешта гаргіталі, крычалі, лаяліся. Шукалі ўсюды, усё пераварочвалі, але нікога не знайшлі. Ужо меліся адыходзіць, а тут убачылі той бінокль…

Страшныя здзекі

Алена Антонаўна надоўга змаўкае. Яе амаль аслеплыя вочы глядзяць некуды ўдалечыню. І я добра ўяўляю, што яна там бачыць. Разумею, як цяжка даюцца ёй гэтыя ўспаміны, як балюча я закранула яе рану ў сэрцы. Хацелася падысці, прытуліць да сябе яе пасівелую галаву, папрасіць прабачэння.

– Тату схапілі, звязалі рукі, выштурхнулі прыкладамі з хаты, – працягвае бабулька Алена. – І маму таксама з хаты выпіхнулі ўслед, і нас усіх. Мы стаялі, трэсліся ад страху і плакаць баяліся. Проста, як аслупянелыя, стаялі і глядзелі, што робіцца. На двары ўжо холадна было, а тату раздзетага да калодзежа прывялі, білі моцна, а маме загадалі, каб набірала ваду з калодзежа і палівала яго з вядра. Яна адмаўлялася, плакала, а немцы тады пачалі і маму біць гумовымі палкамі. Пагражалі: калі не паслухае, то дзяцей пастраляюць. І мама набірала ваду, плакала і палівала. Старалася на плячо ліць, а немцы зноў яе білі і загадвалі ліць на галаву. Мы пачалі таксама моцна плакаць, а немцы на нас аўтаматы наставілі, загадалі маўчаць. Мы змоўклі, толькі слёзы бясконца цяклі па шчаках. Было вельмі страшна. Немагчыма перадаць, як мы баяліся і як тату з мамай шкадавалі. Доўга працягвалася тое катаванне вадой. А потым маму адштурхнулі прыкладам, яна ўпала, мы да яе кінуліся. А тату гэтыя нелюдзі прывязалі да брычкі і паехалі. Ён бег спачатку, а потым упаў і яго проста па зямлі цягнулі. Старэйшы брат Міша кінуўся ўслед і крычаў: “Тата, татачка!” Немцы стрэльнулі ўгору, рагаталі, седзячы на той брычцы, і тату повалач валаклі, не далі падняцца. Вось як было. Беражы Гасподзь яшчэ каму такое перажыць.

Бацьку апазнавалі па чаравіках

На другі дзень васьмігадовы Міша вырашыў ісці ў Свіслач, каб даведацца што-небудзь пра тату. Маці не пускала, казала, што гэта вельмі небяспечна, што могуць і яго схапіць. Але Міша ўпарта стаяў на сваім. Ён узяў з сабою стрыечнага брата, і яны рушылі ў дарогу. Хлопцы доўга шукалі, пыталіся ў людзей, куды маглі прывезці бацьку, і нарэшце хтосьці сказаў ім, дзе немцы трымаюць зняволеных. Прыйшлі і вельмі прасілі, каб дазволілі ім пабачыць арыштаванага. На дзіва, хлопцам такі дазвол далі. Вывелі бацьку. Ён быў увесь чорны ад пабояў, адзенне парванае ад таго, што па зямлі цягнулі. Хлопцы вярнуліся дадому і расказалі маці аб усім, што давялося бачыць.

Праз некалькі дзён хлопцы зноў пайшлі ў Свіслач, але іх больш не пусцілі. Прагналі, сказалі, як яшэ раз прыйдуць, то і іх будзе чакаць расправа. А потым стала вядома, што бацьку і яшчэ чатырох чалавек расстралялі. Пазней, калі можна было перазахаваць забітых, маці магла пазнаць бацьку толькі па чаравіках і рэмені.

Так вось чацвёра дзяцей засталіся сіротамі. Маці ўзваліла на свае слабыя плечы ўсе нягоды, падымала дзяцей, як магла. Пазней яшчэ раз выйшла замуж і нарадзіла дзяўчынку. З гаспадаром у хаце жылося трошкі лягчэй, ды і дзеці ўжо падраслі, дапамагалі, вось так і жылі. Айчым быў добрым чалавекам, не крыўдзіў, шкадаваў.

Алена скончыла школу, пайшла працаваць у Велікасельскую школу піянерважатай. Потым была загадчыцай клуба. У яе маленькай установе культуры праходзілі цікавыя мерапрыемствы, ладзіліся канцэрты, вечары танцаў. У Вялікае сяло прыязджалі хлопцы і дзяўчаты з навакольных вёскак, ды і ў сваёй было шмат моладзі. Пазней і да выхаду на пенсію Алена Антонаўна працавала кінамеханікам. Не раз даводзілася ёй “круціць” кінастужкі і пра вайну. Тады кожны кадр аб ваенным ліхалецці адгукаўся пякучым болем у сэрцы. Зноў і зноў перад вачыма стала страшэнная карціна: паўраздзеты бацька каля калодзежа, нямецкая лаянка і маці, якая, душачыся слязамі, палівала бацьку халоднай вадой, і брат, які з плачам і крыкам: “Татка, татачка” бег за той брычкай. Ці ж гэта забудзецца? А з гадамі ўсё часцей вяртае памяць у тыя гады, у ваеннае дзяцінства…

Дваццаць тры адданыя сэрцы

Калі яно прабегла, тое жыццё? Калі праляцела?

Алена Антонаўна выгадавала траіх сыноў, мае сем унукаў і столькі ж праўнукаў. Шостага студзеня бабулька Алена адзначыла 90-гадовы юбілей. З такой прыемнай нагоды ў яе хаце сабраліся ўсе самыя родныя людзі. Не многа не мала – дваццаць тры чалавекі. Хуценька на стол лёг белы абрус і быў застаўлены рознымі смакоццямі. У гэты дзень імянінніца пачула так шмат добрых і шчырых пажаданняў, атрымала мноства падарункаў. Яшчэ доўга радаваў прыгожы букет руж. Гэта таму, што падораны быў ад усёй душы, дакладней, ад 23-х самых родных, каб яе добрае, шчырае сэрца білася яшчэ доўга-доўга ўсiм на радасць.

Ядвiга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Депутаты Палаты представителей 16-22 марта будут работать в избирательных округах