Мой аповед сёння пра бацькоўскую хату Аляксандра Янкоўскага з аграгарадка Ханявічы. Яна стаіць у самым пачатку вуліцы Навікі.
Усю тую любоў, якая жыла ў сэрцы сына да бацькоў, Аляксандр аддае сёння таму куточку, дзе пашчасціла з’явіцца на свет. Таму што на ўсім белым свеце няма больш значнага, прыгажэйшага і даражэйшага месца, чым гэтая вясковая хата. Тут засталіся сляды яго дзяцінства, адсюль выпраўлялі яго бацькі ў вялікі свет з наказам жыць сумленна, паважаць людзей, не баяцца працы. Усе гады сын моцна трымаецца за бацькоўскі наказ, годна ідзе па жыцці і такім шляхам вядзе ўжо сваіх дзяцей.
Сыны былі надзеяй і апорай для маці
Васіль и Серафіма Янкоўскія пажаніліся акурат перад вайной. У 1940-м нарадзіўся сынок Пётр, а праз тры гады другі – Аляксандр. Ды нядоўга прыйшлося цешыцца бацьку сваімі сыночкамі і маладой жонкай. Адразу пасля вызвалення, Васілю прыйшла павестка на фронт. Галасіла Серафіма, выпраўляючы любага на вайну, нібы чула душа, што бачыць яго апошні раз. Загінуў яе Васіль у Прусіі, і засталася Серафіма адна з двума дзеткамі. Але не толькі да яе ў той час прыходзілі такія горкія весткі, шмат удоваў парадзіла вайна. Трэба было жыць далей, гадаваць дзяцей, вучыць іх, выводзіць у людзі. Сыночкі дапамагалі матулі, як маглі, падтрымлівалі, шкадавалі. А тут новая бяда прыйшла. Згарэла хата. Усё нажытае з агнём пайшло. На той час старэйшы сын ужо на свой хлеб пайшоў, а малодшы – Аляксандр – застаўся з маці. Пачалі будаваць новы дом. І праз нейкі час ужо мелі дах над галавой. Сын быў вельмі прывязаны да маці. Ва ўсім дапамагаў і вельмі любіў яе.
А тым часам у Ханявіцкі фельчарска-акушэрскі пункт прыехала маладзенькая фельчарка Галя. Прыгожая, стройная, сінявокая, сціплая, яна кінулася ў вочы не аднаму хлопцу, але сэрца сваё аддала яна Аляксандру Янкоўскаму. Прывёў яе хлопец дадому, пазнаёміў з маці, і той таксама спадабалася дзяўчына. “Бяры, сынок, сэрцам чую, што добрай жонкай табе будзе, а мне нявесткай”. І неўзабаве згулялі вяселле. Небагатае, але хіба ад гэтага залежыць сямейнае шчасце? На той час вёска Навікі ўвайшла ў састаў Ханявічаў, а пазней стала вуліцай Навікі і так называецца па сёння.
Бацька ў працы забываўся пра самоту
Адзін за другім у сям’і з’явіліся два сына – Аляксандр і Уладзімір. Раслі добрымі, паслухмянымі, шчырымі. Бацька працаваў шафёрам, а маці – на ФАПе. Вельмі паважаным чалавекам была на сяле Галіна. Людзі прыходзілі да яе і днём, і ноччу. Не было выпадку, каб каму адмовіла, каб не прыйшла на дапамогу. Амаль пятнаццаць гадоў жылі ў вёсцы, а потым пераехалі ў Ваўкавыск. На той час у хаце заставался адна маці – Серафіма Васільеўна. Кожныя выхадныя Аляксандр спяшаўся ў вёску да мамы, разам з ім ехалі і ўнукі, якія вельмі любілі бабулю. Тут ім было раздолле, не тое, што ў горадзе. Сябравалі хлопцы з мясцовымі аднагодкамі, хадзілі па грыбы, ягады. Бацька змалку прывучаў іх да працы. Вучыў усяму таму, што павінен умець чалавек на вёсцы, пры гаспадарцы.
Калі не стала Серафімы Васільеўны, сын па-ранейшаму прыязджаў да дому. Гарадская кватэра з усімі выгодамі не стала для яго тым гняздом, з якога не хочацца вылятаць, тым ачагом, каля якога заўсёды цёпла і ўтульна. Такую цеплыню Аляксандр адчуваў толькі тут, у сваёй хаце. І таму рвалася сюды душа, і ён спяшаўся да роднай хаты. Толькі, пераступіўшы парог, удыхнуўшы на поўныя грудзі такі знаёмы да болю дух, які вітаў у бацькоўскай хаце, станавілася лёгка і спакойна. Асабліва, калі раптам памерла жонка Галіна. Аляксандр Васільевіч прыняў рашэнне застацца жыць ў вёсцы. Ён увесь час нешта майстраваў, стругаў, пілаваў, прыбіваў, перабудоўваў. Так забываўся пра сваю самоту.
– Бацькі нашы дружна жылі, разумелі адзін аднаго часам без слоў, – дзеліцца ўспамінамі Аляксандр Аляксандравіч. – Тата з вялікаю павагаю адносіўся да мамы, шкадаваў яе, любіў. Мы з братам, калі ўжо сталі дарослымі, часта бывалі ў бацькоў. А традыцыяй было – збірацца ўсім разам на Ражство, на Пасху. Мама накрывала багаты стол. Пякла пірагі. Мы змалку любілі гэтыя святы, заўсёды чакалі іх. Але ў 2008 годзе мамы не стала. Раптам захварэла і хутка памерла. Тата вельмі перажываў, мы і за яго жыццё баяліся. А тут яму лягчэй было, ён проста ажываў ў гэтай хаце. Таму, калі тата сказаў, што хоча тут зхастацца, то ніхто не пярэчыў.
Даў хаце новае жыццё
Аляксандр скончыў аграрны інстытут, атрымаў добрую спецыяльнасць, ажаніўся, мае сына Мікіту і дачку Стэфанію. Уладкаваўся ў Гродна. У абласным цэнтры жыве і малодшы – Уладзімір.
Але не было тых выхадных, каб Аляксандр не прыехаў у вёску, не наведаў родную хату. Ды не проста прыязджае сюды адпачыць ад гарадской мітусні. Ён закасвае рукавы і бярэцца за справу. А яе ў вёсцы заўсёды хапае, было б толькі жаданне прыкласці рукі. Жонка, дзеці таксама з задавальненнем едуць у вёску, і не толькі, каб падыхаць свежым паветрам, а ахвотна працуюць. Мікіта дапамагае бацьку, а Стэфанія – маме. Таму ў агародзе ў іх – ні зялінкі няма, і ўсё расце, як на дражджах. Стануць дзеці дарослымі, то працавітасць абавязкова дапаможа ім у жыцці.
Аляксандр у хаце зрабіў поўную перапланіроўку, устанавіў шклопакеты, прыдаў хаце новы выгляд, пафарбаваў яе. Насадзіў вакол туяў, якія сталі зялёнай агароджай, паставіў новы плот. Расце ўжо і малады сад, які дорыць спелыя яблыкі восенню.
– Я вельмі люблю вёску, люблю гэтую хату, – гаворыць Аляксандр. – Ды і як можна не любіць сваю Бацькаўшчыну, тое месца, дзе пашчасціла нарадзіцца, вырасці, адкуль мама выпраўляла ў дарогу і дзе сустракала на парозе. А тата. Хіба можна забыць, як ён вучыў мяне ўсім гаспадарскім “хітрасцям”? Як было прыемна слухаць яго ціхую гутарку, наталяць душу яго мудрасцю, яго разважлівасцю. Я стараўся ва ўсім браць з яго прыклад, ён быў для мяне найбольшым аўтарытэтам.
Мы з ім разам сажалку выкапалі, альтанку зрабілі, яшчэ шмат чаго. Рукі меў здольныя да ўсяго і нас з братам вучыў не баяцца ніякай справы.
Ужо пяць гадоў мінула, як таты няма, а мне ўсё здаецца, што прыеду, і ён сустрэне мяне, запытае: “Як справы, сынок? Што новага?” Так шмат хацелася б яму расказаць, так многім хацелася б падзяліцца, але ўжо няма з кім. І каб не сумаваць, не рваць душу болем страты, я, як калісьці тата, аддаюся працы. І такое пачуццё, што тата побач, дапамагае мне, падтрымлівае духоўна.
Жонка і дзеці таксама сюды прыязджаюць. Агарод садзім, усё сваё вырошчваем: і бульбу, і агуркі, і бурачкі з морквай. Вунь цяпліцу ўстанавіў, там памідоры растуць, перац. Кожны год добры ўраджай здымаем. Я люблю важдацца з зямлёю, мне тут кожны куточак дарагі. Не магу зразумець людзй, якія пасля смерці бацькоў рукой махнулі на сваю хату. Гэта здзек над тым куточкам, які так старанліва калісь будавалі бацькі, каб была ў дзяцей апора, каб было куды галаву прыхіліць. А яны пакінулі, занядбалі, здрадзілі. Балюча глядзець на пустыя, нікому не патрэбныя хаты. Няўжо душа не баліць, няўжо могуць спаць спакойна, ведаючы, што родны куток знішчаецца ў адзіноце?
Каб дакрануцца да каранёў
Аляксандр Аляксандравіч з такім захапленнем расказвае пра бацькоў, пра сваё дзяцінтсва, пра добрых суседзяў, наогул пра вяскоўцаў.
Для яго, гэты куточак, акружаны белавежскімі лясамі, з дзяцінства дарагі, і ўвесь свой вольны час ён праводзіць тут. А водпуск тым больш. Прыязджае сюды і дзядзька Пётр з Калінінграда. Для яго гэты дом таксама самы надзейны прычал. Рвецца сюды душа, хоць ужо немалы шлях за спіною, але хочацца хоць зрэдку дакрануцца да сваіх каранёў, наталіць сэрца пахам дзяцінства, юнацтва. І тады гады – не гады, і не хочацца пакідаць гэтыя мясціны. Дзядзька Пётр удзячны пляменніку, за тое, што так дбае пра бацькаву хату, што зрабіў тут такую прыгажосць.
Сапраўды, на хату люба-дорага паглядзець. І ва ўсім адчуваецца рука гаспадара. На будучае таксама ёсць шмат планаў, якімі Аляксандр пакуль не дзеліцца. Але гледзячы на яго, няма сумненняў, што ў хуткім часе тут з’явіцца яшчэ шмат чаго цікавага і прыгожага.
Пажадаем жа яму поспехаў і ажыццяўлення ўсіх планаў і намераў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара і з архіва сям’і Янкоўскіх






