
Нарадзілася – і заспявала
Бабка Люба добра памятае сваё дзяцінства. Бясконцыя зялёныя палеткі, лясы, у якіх мноства ягад, грыбоў, празрыстыя рэчкі з драўлянымі масточкамі. Як прыгожа квітнелі сланечнікі, а як спявалі птушкі! І маленькай Любачцы таксама ўвесь час хацелася спяваць. Яна спявала і ў хаце, і на двары, і ў полі, калі гусей пасвіла. Вось дзе раздолле было для песень. Голас дзяўчынкі так звінеў на ўсю акругу, што ў вёсцы чутно было.
“Чуеш, Параска, як твая Любка спявае, – гаварылі суседкі маці. – Артысткай будзе, не іначай. Мусіць, як нарадзілася, так і заспявала”. “Якая там артыстка, – смяялася мама, – замуж пойдзе, будзе не да спеваў”.
Любка расла-падрастала, а спяваць яшчэ больш хацелася. Праполвае агарод – спявае, у лес ідзе па дарозе – спявае. А ўжо ў лесе так спявалася дзяўчыне, што здавалася, усе дрэвы ёй падпявалі хорам. А да таго ж яшчэ і танчыць любіла. Ніхто з дзяўчат у вёсцы не мог з ёю паспаборнічаць у танцах. Хлопцы каля яе віліся, як пчолкі каля кветкі. Але “кветачка” тая другому была суджана.
“Я яго песнямі прычаравала”
– Я нарадзілася ў Запарожскай вобласці. Раённым цэнтрам быў Мелітопаль, – пачынае гаворку Любоў Міхайлаўна. – У нас такая вялікая прыгожая вёска была, такая дружная. А мама мая караваі на вяселлі выпякала, пірагі, хлеб пякла, коржыкі смачныя, піражкі, варэнікі рабіла такія, што смак іх да сёння памятаю. Вось як! А я ў яе, вядома, усяму вучылася. Нас у мамы сямёра было. Я – пятая. Падрасла, пайшла вучыцца на прадаўца. Вывучылася і ўжо працаваць пачала. А тут стрыечны брат на вяселле паклікаў.
Паехала. Шумна было, моладзі многа, музыка. А я ж таксама вясёлая, маладая, 19 толькі споўнілася! Калі яшчэ весяліцца, як ні ў гэты час?! Пачала спяваць – людзі заслухаліся, пайшла танчыць – усе захапляліся. І адзін хлопец проста прыліп да мяне. Вачэй не зводзіў, два дні не адыходзіўся. І мне ён спадабаўся. Толькі з ім і танчыла. А ён таксама да танцаў быў здольны. Вось на нас абодвух госці любаваліся! Аляксандрам яго звалі, і быў ён з Беларусі.
Скончылася тое вяселле, паехала я дадому. А Аляксандр пачаў прасіць майго дзядзьку, каб паехаў з ім у сваты да мяне. Дзядзька згадзіўся, і прыехалі мяне сватаць. “Прыспявала” ты мяне, – казаў Саша, – не магу без цябе цяпер”. А я смяялася, рада была і не адмовіла. У лістападзе адгулялі вяселле. Праз год дачушка ў нас нарадзілася – Волечка, а за ёю – сынок Васілёк. Жылі спачатку ў таго дзядзькі, які ў сваты прывозіў майго Сашу. Ён там працу меў. А я зацяжарала трэцім дзіцяткам, і мы пераехалі да маіх бацькоў. Але нядоўга жылі там – муж захацеў вярнуцца ў Беларусь.
Тут пусцілі карані
Любоў Міхайлаўна міла ўсміхаецца, успамінаючы свае юнацкія гады. А потым расказвае мне, як яны прыехалі ў Сабалькі, на вотчыну мужа. Як тут паціху наладжвалі жыццё.
– Спачатку мы жылі ў мужавых бацькоў, – кажа Любоў Міхайлаўна. – Там і сыночак наш трэці нарадзіўся, Віктар. Муж хацеў знайсці працу ў Бераставіцкім раёне, але старшыня калгаса імя Чкалава Васіль Кудлаш прапанаваў працу і мне, і мужу ў Ханявічах. Далі нам дом: вялікі, прасторны. Ах, як мы цешыліся! У дзяцей былі свае пакоі, усім хапала месца. У школу тут пайшлі, а я працавала спачатку на цялятніку, а потым, калі свінакомплекс пабудавалі, перайшла туды. Амаль дваццаць гадоў там адпрацавала. Тут мы карані пусцілі, і няма нідзе лепшага месца на свеце. Дзеці павырасталі, дачушка ў Ваўкавыску жыве, двое дзетак мае. Сыны абодва ў Ружанах.
Дзесяць унукаў маю. Яны мая радасць і шчасце. Большага мне і не трэба. Муж ужо памёр. Дзевяць гадоў мінула, як я заўдавела. Але не губляю прагу да жыцця. Хаджу ў мясцовы клуб, спяваю, удзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах. Іначай не ўмею. Пакуль чалавек жыве, ён павінен цешыцца кожным пражытым днём і дзякаваць за яго Богу.
Піражкі па рэцэпце прабабулі
– Любоў Міхайлаўна, а рэцэптам сваіх піражкоў знакамітых падзеліцеся са мной? – пытаюся ў жанчынкі.
– А чаму не? Падзялюся. Так яшчэ мая прабабуля смажыла іх. Я адразу шмат раблю, бо хутка з’ядаюцца. У міску выліваю 1 літар кефіру, сыплю трошкі солі, трошкі цукру і дадаю прасеяную муку. Вымешваю спачатку лыжкай. Калі ўжо цяжка становічцца мяшаць, прысыпаю стол мукою і выкладваю ўсё на стол. Вымешваю ўжо рукамі на стале і пасыпаю цеста содай, патрэбна 1 сталовая лыжка. І зноў мяшу цеста. Доўга, пакуль не стане эластычным і перастане ліпнуць да рук. Выкладваю ў міску ці каструлю, накрываю сурвэткаю альбо ручніком і пакідаю на 40-50 хвілін. Яно павінна падыйсці. Ну а потым адрываю па кусочку, фармую шарык, раскачваю на стале і дадаю начынку. Любую. Можна капусту, павідла, яблыкі, мяса. Гэта ўжо, хто як хоча. На стале яны таксама павінны трохі паляжаць, толькі накрыць, каб не скарэлі. А потым на патэльню выліваю алей, і калі ён добра нагрэецца, выкладваю туды піражкі. Смажу з аднаго боку, потым пераварочваю. Усё. Можна падаваць на стол! Як бачыце, няма сакрэту ніякага. І лёгка, і хутка!
Я згаджаюся з бабуляй Любай і дадаю: “А яшчэ і смачна!”
Ядвіга Кобрынец
Фота аўтара