banner

Адважны сувязны Пётр Бабаш

05 Декабря’19
2143
Прыемна, калі на артыкулы адгукаюцца чытачы, асабліва са словамі падзякі. Менавіта адзін з такіх зваротаў паспрыяў таму, што гісторыя шматгадовай даўнасці атрымала працяг.



Пра бацьку дачка Марыя Пятроўна можа расказваць вельмі доўга. Эпізоды засталіся ў яе памяці. 

Мы жылі ў Навасадах. Я добра памятаю сваю хату. Абстаўлена яна была небагата. Стаяла шафа з кнігамі, да якой нам, дзецям, забаранялася падыходзіць. Тата быў граматным і адукаваным чалавекам. Скончыў царскую гімназію. А яшчэ меў вельмі прыгожы почырк, які перадаўся майму брату-мастаку, – успамінае Марыя Пятроўна. – Памятаю, як тата ездзіў на працу і прывозіў нам цукеркі, яны былі вельмі пахучыя. Зараз цукеркі так не пахнуць. Да таты часта прыходзілі сябры-настаўнікі. Дзіўна, але я памятаю першы дзень вайны. Далей ад нашай вёскі, каля Харашэвічаў, быў аэрадром. Немцам гэта было вядома, і іх самалёты ляцелі сюды бамбіць. Мы з суседзямі сабраліся ў нас пад паветкай і глядзелі, як у небе ляталі гэтыя самалёты, а мне здавалася, быццам бы чорныя такія страшныя птушкі. Мы чулі выбухі – гэта бамбілі той аэрадром. 

Памятае Марыя Пятроўна, як немцы заехалі ў вёску на матацыклах. Было страшна. Людзі баяліся і ў вішнёвым садзе, які быў далей за вёскай, павыкопвалі зямлянкі, калі бачылі немцаў – хаваліся там. Доўга сядзелі ў гэтых акопах. Там таксама людзі захоўвалі прыпасы і каштоўныя рэчы. Бо ведалі, што вёску ў любы момант могуць бамбіць ці спаліць.

Аднойчы, калі Пётр Іванавіч вярнуўся з працы, прыйшлі немцы з паліцаямі ў бліскучых чорных плашчах, нямецкіх шапках і арыштавалі яго. Яны ведалі, куды ісці, арыштоўвалі тых, хто быў пры савецкай уладзе настаўнікам альбо работнікам сельсавета. Бацьку забралі і павязлі ў Ваўкавыск у канцлагер.

Потым мама насіла яму ежу, яна бачыла, як страшна выглядалі палонныя, яны цяжка працавалі на чыгунцы, іх там білі. Але яе вельмі ўразіла тое, што наглядчыкі былі з савецкіх ваенных, яны бізунамі білі сваіх таварышаў, – расказвае дачка Пятра Іванавіча.

Праз некаторы час яго забралі працаваць на чыгунку з дакументамі, бо ведалі, што Пётр Іванавіч быў вельмі граматным. У гэты час ён таксама з’яўляўся сувязным партызанскага атрада, перадаваў звесткі, якія саставы куды ідуць і што вязуць. Вядома ж, за ім сачылі, але гэта не вельмі палохала патрыёта сваёй Радзімы. Рэдка яго адпускалі дадому да сям’і. 

Аднойчы ў такі момант, калі бацька быў дома, да нас прыйшлі паліцаі, каб яго арыштаваць, але яго папярэдзілі, і ён уцёк. Гэта былі страшныя людзі ў чорным адзенні. Замест яго яны забралі маці і павезлі ў Лідзяны, дзе трымалі ў нейкім хлеўчыку. Маці катавалі. Калі бацька даведаўся, ён вярнуўся дадому. Адразу ж да нас прыехалі немцы, тата прасіў, каб адпусцілі маму. Хутка яна вярнулася. Тату таксама адпусцілі і накіравалі працаваць зноў на чыгунку, – успамінае Марыя Пятроўна. – Памятаю, як у лютым 1944 года, калі бацьку адпусцілі дадому на некалькі дзён, да нас у двор заехалі немцы, схапілі тату і павялі. Потым да маці прыбеглі аднавяскоўцы і сказалі, што ўсіх, каго забралі, будуць расстрэльваць. Запомнілася яшчэ, як паліцаі вялі нашых суседзяў, жонку камандзіра Тасю з дачкой Ларыскай. Мы сядзелі з братам каля акна і бачылі ўсё. У панскім двары каля Навасадоў размяшчалася ваенная танкавая часць, таму ў вёсцы кватэраваліся камандзіры з сем’ямі. Я сябравала з Ларыскай. Доўгі час у мяне захоўвалася сукеначка, на якой цётка Тася мне вышыла матылька.

Як расказала Марыя Пятроўна, забіралі ўсіх, хто меў сувязь з партызанамі, хто адносіўся да прадстаўнікоў мясцовай улады або настаўнікаў. Казалі, што Пётр Іванавіч мог уцячы, аднак ён не зрабіў гэтага, бо ведаў, што заб’юць і сям’ю. Іх расстрэльвалі за домам, дзе выкапалі вялізную яму, а закапваць давялося сваякам забітых, якія прыбеглі з надзеяй, што іх адпусцяць. 

Мой дзядзька Нікіфар быў там. Потым казалі, што зямля яшчэ доўга варушылася там, дзе былі пахаваныя бацька і іншыя людзі, а снег быў увесь чырвоны. Толькі ў ліпені, калі наш раён вызвалілі, дазволілі перапахаваць сваіх родных. Шмат каго пахавалі ў Поразаве. А тату і старасту вёскі Жука з сынам пахавалі ў агульнай магіле ў Гарнастаевічах і паставілі тры крыжа, – працягвае дачка старшыні сельсавета. – Маці расказвала пасля, што калі бацьку забіралі на расстрэл, апошнімі яго словамі сталі: “Калі застанешся жывая, вучы дзяцей!” І мы вучыліся. Вайна доўга яшчэ адгукалася, адзець і абуць не было чаго. Выратоўвала тое, што маці добра шыла. Цяжка прыйшлося нам.

На жаль, на сённяшні дзень застаўся толькі адзін фотаздымак Пятра Іванавіча, дзе яму 16 гадоў. Усе рэчы і здымкі згарэлі разам з хатай, дзе жыла сям’я. Толькі з цягам часу дарослыя дзеці зрабілі партрэт бацькоў, аднак маці Марыі Іванаўне на ім 26 гадоў, а бацька Петр Іванавіч атрымаўся маладзейшым на 10 гадоў. Хаця на самой справе ён быў старэйшы за жонку на пяць гадоў. 

Аднак у гэтай гісторыі галоўнае тое, што памяць пра адважнага сувязнога Пятра Бабаша засталася і жыве разам з намі і будзе жыць далей з нашымі нашчадкамі, бо мы памятаем сваіх герояў, якія змагаліся за незалежнасць і мірнае неба.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Учащаяся Свислочской ДШИ награждена дипломом лауреата ІІ степени в I Международном конкурсе исполнительских искусств