Дванаццаць загубленых лёсаў. Горкія ўспаміны нашых землякоў аб тым, як лютаваў вораг на Свіслацкай зямлі

22 Июня’26
198
Гэтая трагедыя здарылася 22 чэрвеня 1942 года. Роўна праз год ад пачатку вайны. Прайшло 84 гады, зямля залячыла раны, на месцы трагедыі кожнай вясной зацвітаюць пралескі, а летам рыжымі плямкамі з’яўляюцца грыбы лісічкі. Але чамусьці людзі абыходзяць бокам гэтую палянку. Вельмі шмат горкіх успамінаў тоіць яна ў сабе. 

Як прыйшла бяда

У тую раніцу нішто не прадвяшчала бяды. Раніца як раніца, сонейка ўстала з-за гарызонту, птушкі спяваюць. Антаніна Балюк выгнала на пашу кароў з цэлай вёскі. Была акурат яе чарга. Пагнала статак за вёску пад самы лес, на сакавітую траву. Неўзабаве з лесу выйшлі людзі. Былі яны апранутыя па-вясковаму, і нішто не насцярожыла жанчыну.

– Мы, даражэнькая, партызаны, вось тут, у лесе, хаваемся, – завялі яны гутарку. – Але голадна ў нас, холадна. Можа, вы параіце да каго нам зайсці, каб пакармілі, з сабой чаго паклалі ці якое адзенне цяплейшае далі. Падкажыце, калі ласка. Будзем вельмі ўдзячны. 

Жанчына паглядала на тых мужыкоў, слухала, і не закралася ёй у душу нават кропелька сумнення, што гэта могуць быць ворагі, што яе адкрытасць і шчырасць наклічуць бяду на ўсю вёску і на ўласную хату.
– А ў нас усе будуць вам рады, – сказала жанчына. – Вось і да нас можаце зайсці, там муж, сын, яны сабяруць вам чаго ў дарогу. Ды і іншыя вяскоўцы гасцінна вас сустрэнуць, куды ні зойдзеце. 

 Яна назвала некалькі прозвішчаў, сказала, дзе менавіта жывуць людзі, якія ахвотна дапамогуць народным мсціўцам.

Мужыкі падзякавалі пастушцы і накіраваліся ў вёску. 

А назаўтра раніцай, як толькі ўстала сонейка, на веласіпедах прыехалі немцы. Павыганялі з хатаў усіх, каго назвала жанчына, у тым ліку яе мужа і сына. На падворку білі, цкавалі сабакамі, беспрытомных аблівалі вадой з калодзежа і зноў білі. Потым пагналі да лесу каля вёскі Наркавічы. Паставілі ў радок, сказалі, што ўсе, хто звязаны з партызанамі, павінны быць расстраляны. Застракаталі аўтаматы і, як падкошаныя, мужчыны пападалі на зямлю. Толькі аднаму нейкім цудам удалося ўцячы. Немцы па ім стралялі, але не трапілі.

Потым фашысты селі на веласіпеды і паехалі, а жанчыны – жонкі, маці, сёстры – кінуліся да забітых. Немагчыма выказаць, што там рабілася! 

У спадчыну – памяць

Сёння не засталося ніводнага чалавека, хто мог бы расказаць пра гэтую трагедыю. Але нам удалося знайсці людзей, якім перадалася памяць у спадчыну. Гэта Аляксандр Пяткевіч з Вялікай Каланой, Павел Турак з Наркавічаў і Часлаў Паўлючэня са Свіслачы. 



22 чэрвеня 1942 года быў расстраляны першы муж маці Аляксандра Пяткевіча – Уладзімір Клапацюк. Ён быў міліцыянерам у Поразаве. Маці часта расказвала пра той страшэнны дзень, калі немцы ўчынілі расправу над мірнымі жыхарамі.

– Мама вадзіла мяне з братам на тое месца, дзе склаў сваю галаву яе першы муж, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Потым, ужо пасля вайны, перазахавалі тых людзей у Поразаве, у брацкай магіле. А на тым месцы, дзе расстрэл быў, кожны год лісічкі растуць. 



Павел Турак нарадзіўся ў 1942 годзе. Ён не памятае, як у яго роднай вёсцы гаспадарылі фашысты, у якім страху трымалі ўсіх жыхароў. Але таксама шмат разоў чуў пра гэта ад матулі. Яна была адна з тых, хто бег услед за той “працэсіяй”, праводзячы ў апошні шлях аднавяскоўцаў. Яна бачыла, як падалі, падкошаныя нямецкімі кулямі, маладыя мужчыны, чыесьці сыны, бацькі, браты. 

Часлаў Паўлючэня нарадзіўся ў Вялікай Каланой таксама пасля вайны. Не чуў выбухаў, страляніны, не жыў у страху, не галадаў. Але рэхам з ваеннага ліхалецця да сёння гучаць у яго душы ўспаміны вяскоўцаў, тых, хто ўсё чуў і бачыў...



– Я ў дзяцінстве часта кароў пасвіў з дарослымі аднавяскоўцамі. І кожны раз яны расказвалі мне пра той дзень, – дзеліцца Часлаў Станіслававіч. – Можа, таму, што менавіта з выпасам кароў было гэта звязана. Я не прасіў, каб расказвалі, але ў іх, мусіць, была якаясьці патрэба аб гэтым гаварыць. Хтосьці з іх страціў бацьку, брата, кагосьці роднага, блізкага ці суседа. Дарэчы, для ўсёй вёскі той дзень назаўсёды застаўся чорным. 

Такія вось сумныя аповеды людзей, тых, хто не мог быць сведкамі той расправы, але ў іх сэрцах адлюстравалася памяць продкаў, і яна, тая памяць, пастаянна круціцца ў галаве, як шматсерыйны фільм пра вайну, якому няма канца. Дванаццаць чалавек паляглі 22 чэрвеня 1942 года на ўскрайку лесу каля вёскі Наркавічы. Самаму старэйшаму было сорак восем гадоў, а самаму малодшаму – усяго дваццаць. 

О важном и интересном в районе, области и стране в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Наказ ад дзіцяці вайны Ганны Гінч: «Людзі, беражыце мір!»