Леанід і Данута Якуты ў праекце "СГ" "Скарб сямейнага шчасця"

01 Октября’25
473


Праўду кажучы, да Якутаў у Поразава я ехала, каб пазнаёміцца са старастам, які ўжо больш за дзесяць гадоў стаіць на варце парадку і дабрабыту на даручанай яму тэрыторыі. Каб за ўсе тыя добрыя справы, які робіць для людзей Леанід Іванавіч, назапашваць балы, іх немажліва было б палічыць. Гэты чалавек ніколі не лічыўся з асабістым часам і адгукаецца на любую просьбу. Пра гэта мне сказалі, калі я яшчэ толькі збіралася пазнаёміцца з Леанідам Іванавічам, пагаварыць з ім, каб расказаць потым нашым чытачам пра добрага, сумленнага чалавека, якому неабыякавы чужыя праблемы, які не ведае слоў “не магу” ці “не хачу”.Але варта было пераступіць парог яго кватэры, як у мяне проста заняло дух. Гэта не кватэра, а сапраўдны музей! Такі маленькі “эрмітаж”,  у якім сабраны ўнікальныя рэчы, прадметы мастацтва і хатняга побыту. Словам, ёсць на што паглядзець, ёсць чым уразіцца і пра што расказаць. 



Галоўным сведкам быў Гасподзь

У чэрвені мінулага года Леанід Якута з жонкай Данутай адзначылі рубінавае вяселле. 40-гадовы юбілей сімвалізуе моцны і надзейны саюз, параўнальны з каштоўным каменем – рубінам, які асацыіруецца з вечнай любоўю, вернасцю і адданасцю. Гэта ўсё пра іх, пра Якутаў. 

А пачыналася іх гісторыя кахання ў вёсцы Целякі, адкуль родам Дана. Прыехалі неяк туды ў клуб на танцы трое неразлучных сяброў – Леанід, Антон і Віктар. І трэба было ж так здарыцца, што ў той вечар пазнаёміліся яны з такімі ж неразлучнымі сяброўкамі – Данай, Тамарай і Жаннай. І сустрэча гэта стала для ўсіх шасцярых лёсавызначальнай. Вельмі хутка стварыліся тры сям’і. Леанід ажаніўся з Данай, Антон – з Тамарай, а  Віктар – з Жаннай. Так вось бывае! Забягаючы наперад, хачу сказаць, што ўсе пары атрымаліся моцныя і сяброўства не згасла паміж сем’ямі да сёння.

Ясным чэрвеньскім днём 1984 года прыгажуня Дана і хлопец з васільковымі вачамі Лёня стаялі перад алтаром у Поразаўскім касцёле і давалі адзін аднаму зарок вернасці і адданасці на ўсё жыццё. Акрамя тых сведкаў, якія былі запрошаны на вяселле, быў яшчэ адзін, самы галоўны – Гасподзь! Ён не пакінуў свой подпіс у касцельнай кнізе, Ён распісаўся прама на іх маладых сэрцах. І гэты святы “аўтограф” Леанід з Данутай захоўваюць як самую каштоўную рэліквію, не забываючы кожны дзень дзякаваць Богу за тое, што яны не размінуліся ў жыцці, за добрых дзетак, унучанят, за шчасце быць разам, дзяліць трывогі і радасці, з надзеяй глядзець у заўтрашні дзень. Ва ўсіх пакоях Якутаў вісяць абразы, яны – абярэг дома і ўсіх, хто ў ім жыве. Ёсць у Якутаў і асаблівае месца, дзе ў цэнтры фігурка Маці Божай Фацімскай, вакол стаяць кандэлябры з высокімі прыгожымі свечкамі. Гэтае месца ў сям’і называюць “алтажыкам”. Перад ім узносяцца малітвы да Бога кожнай раніцай і вечарам. А галоўнай дарогай у гэтай сям’і лічыцца дарога да Дома Божага. Не было той нядзелькі ці свята, каб Леанід і Данута не прыйшлі да касцёла. Калі былі малымі дзеці, то заўсёды бралі іх з сабою. Зараз старэйшы сын мае сваю сям’ю, жыве ў Пінску, гадуе чатырох дзетак. Малодшая Марыйка скончыла Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў, працуе ў Свіслацкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Без гэтай галасістай прыгажунькі не абыходзіцца ні адно мерапрыемства. І чаго здзіўляцца – па маміных слядах пайшла дачушка. 



Трорчая натура

Дана расла ў шматдзетнай сям’і, да працы прывучана з дзяцінства. З малых гадоў у ёй была творчая іскрынка. Хаця, якая там іскрынка, у ёй бушуе вулкан творчасці! Складваецца такое ўражанне, што недзе ў кішэні ў яе схованы вечны рухавік. А які яна кулінар! Ні адно свята ва ўстанове культуры не абыходзіцца без салодкай выпечкі Дануты Іванаўны. Яна магла б паспаборнічаць у гэтым з прафесійнымі майстрамі. Ды што там паспаборнічаць – яна перамагла б іх, без усякіх сумненняў. Адна харызма Дануты Іванаўны пакарыла б любое журы, не гаворачы ўжо пра здольнасці яе ўмелых рук.

Працуе Данута Іванаўна ў Поразаўскім сектары культуры і вольнага часу амаль дзесяць гадоў. Але звязана з культурай хіба з дзяцінства. Колькі памятае сябе, столькі спявае. Голас такі звонкі, прыгожы, чысты. Не хочаш, а заслухаешся! А якая яна гаспадыня! Як умее яна зрабіць утульнай хату, колькі ў яе фантазіі і творчай выдумкі! 



Чалавек справы

Леанід Якута – унікальны чалавек, з дарам ад Бога не проста ствараць прыгажосць сваімі рукамі, а яшчэ і рабіць гэты свет дабрэйшым, чысцейшым і лепшым. Таму што сэрца яго да краёў напоўнена любоўю – той, якая ніколі не шукае карысці, не зайздросціць, не ганарыцца. А гэта найбольшая каштоўнасць, якой можа валодаць чалавек.

І гэта яшчэ не ўсе якасці Леаніда Якуты. Галоўная і, напэўна, самая важная – ён сапраўдны сем’янін, гаспадар, якіх пашукаць, самы любячы муж, лепшы ў свеце бацька і дзядуля. І да таго яшчэ неверагодна творчая асоба ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Як у адным чалавеку сумяшчаюцца ўсе гэтыя якасці – гэта загадка прыроды. Але ж што ёсць, тое ёсць!

Леанід быў адзіным у бацькоў. Яшчэ будучы малым хлопчыкам, любіў нешта змайстраваць, разабраць на “запчасткі”, каб потым скласці, як было, што спачатку не вельмі атрымлівалася. Але як падрос, любая справа давалася хлопцу проста і хутка. Шмат здольнасцяў перадалося ад дзеда, які ў свой час быў вядомым на ўсю акругу краўцом, у вайну шыў шынялі, а маці займалася “мядовай” справай – была пчаляром. 

Словам, рукі ў хлопца былі “заточаны” як мае быць. Убачыць якую-небудзь крывульку-дзеравяшку – і ў галаве нараджаецца ідэя, як зрабіць з яе нешта неверагодна прыгожае. І зробіць! А потым надумаў заняцца калекцыянаваннем. І дзень па дню ў хаце пачалі з’яўляцца самыя розныя гадзіннікі: ад наручных і будзільнікаў да гадзіннікаў з боем. Дарэчы, самы першы такі гадзіннік Леанід Іванавіч зрабіў сваімі рукамі, устанавіў па памяці таго, які калісьці быў у яго роднай хаце. Гэты шэдэўр з’яўляецца зараз яго гонарам, вісіць на сцяне сярод іншых старадаўніх гадзіннікаў. Усе яны ў рабочым стане, старанна адлічваюць звонкім боем гадзіны і прыносяць радасць гаспадарам.

Яшчэ адзін гонар калекцыянера – самавары. Іх тут амаль дваццаць. Блішчаць, як новенькія, а часам нават свецяцца рознымі колерамі (Леанід упрыгожыў іх святлодыёднай стужкай), вабяць вока старадаўнія падсвечнікі, кандэлябры. Яны нібы сышлі з паліц старажытніх палацаў разам з іншымі даўнейшымі рэчамі, якіх тут не пералічыць. І ў кожнай рэчы – сваё месца. І так усё прыгожа ўпісваецца ў агульны інтэр’ер – словамі не перадаць!  



Стараста – гэта прызванне

Леанід Іванавіч шмат гадоў працуе электраманцёрам у ваеннай часці. Гэта яго асноўная работа, і з ёю Іванавіч спраўляецца на выдатна. Акрамя таго… Цяжка пералічыць, на што здольныя яго рукі. Яны ў яго ўніверсальныя. Для іх няма немагчымага. Такія рукі прынята называць залатымі. Ну, калі так, то на “золата” Гасподзь не паскупіўся. Не адну прыгаршню насыпаў. І на рукі хапіла, і на сэрца…

У Поразаве Леанід Іванавіч карыстаецца вялікім аўтарытэтам. Нездарма ж выбралі яго старастам. Не было такога выпадку, каб ён адмовіў каму ў просьбе. Трэба замяніць праводку ў хаце якой бабулькі – калі ласка. Вырашыць справы з дастаўкай паліва – без праблем. Нешта паладзіць, прыбіць, змайстраваць – усё зробіць хутка і спраўна. Самыя розныя бягучыя пытанні Леанід Якута вырашае сумесна з мясцовай уладай. Старшыня сельвыканкама Віктар Акудовіч лічыць Леаніда Іванавіча сваёй правай рукой і ведае, што з ім любая праблема лёгкавырашальная. 



Таксама Леанід Іванавіч з’яўляецца дэпутатам Поразаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Гэта таксама шмат да чаго абавязвае. Да яго цягнуцца людзі, ён умее не проста выслухаць, а пачуць, што з’яўляецца вельмі важнай акалічнасцю. Леанід Якута – чалавек справы, і гэта вельмі цэняць людзі.

У сектары культуры і вольнага часу Леанід Іванавіч таксама свой чалавек. Вельмі актыўны ва ўсіх справах, творчая нотка ў ім гучыць ва ўвесь голас. Трэба паспяваць – спявае, патанчыць – танцуе, нешта змайстраваць для чарговага мерапрыемста – змайструе. 

 Вясёлы, завадны, таленавіты, надзелены шматграннымі здольнасцямі! Іншымі словамі, у гэтай сям’і што жонка, што муж – дасканалыя людзі.

Сустрэча з такімі заўсёды прыносіць вялікае задавальненне. У размове з імі губляецца адчуванне часу, і ў душы надоўга застаецца цеплыня ад падоранага імі святла.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара і з архіва сям'і Якутаў

Предыдущая статья

Максим Рыженков раскрыл детали и итоги участия в Генассамблее ООН