banner
Музеі: мінулае і сучаснае
16:18 23 Декабря’19
303
У Гродна прайшоў рэспубліканскі семінар для кіраўнікоў музеяў па тэме «Музейная педагогіка: інавацыі, практыка, перспектывы развіцця». 



У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, упраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вучоныя і кіраўнікі школьных музеяў.
Падчас семінара ўдзельнікі пазнаёміліся з асноўнымі напрамкамі развіцця музейнай справы на тэрыторыі Гродзеншчыны, новымі напрацоўкамі ў галіне музейнай педагогікі, сучасным станам школьных музеяў, іх актыўнай працай па музеефікацыі экспанатаў. Трэба адзначыць, што ў Гродзенскай вобласці за апошнія пяць гадоў ва ўстановах адукацыі было адкрыта больш за 40 музеяў розных профіляў, якія вядуць пошукавую працу па розных напрамках.

Акрамя таго, пачынаючы з 2018 года, у нашым рэгіёне рэалізуецца шмат цікавых праектаў па развіцці турыстычна-краязнаўчага патэнцыялу вобласці, далучэнні жыхароў краіны і замежных гасцей да вельмі багатай культурнай спадчыны нашай малой радзімы. Самым вядомым, без сумнення, з’яўляецца міжраённы праект «Да суседзяў», у рамках якога ствараюцца турыстычныя маршруты па найбольш знакамітых мясцінах кожнага раёна. Пры гэтым, трэба адзначыць, што музеі ўстаноў адукацыі абавязкова ўключаюцца ў спіс аб’ектаў для наведвання.

Таксама падчас семінара на базе ліцэя № 1 абласнога цэнтра прайшла выстава «Фестываль музеяў», дзе былі прадстаўлены лепшыя музейныя экспазіцыі Прынёманскага краю. Сярод іх была міні-інсталяцыя «Здабытае страчанае», якую прадстаўляла вучаніца 9 класа Дабравольскага ДС СШ Дар’я Лоскат разам са сваім кіраўніком, настаўніцай беларускай мовы Зояй Урбановіч.  

Уладзімір МІХАЛЬЧЫК

Предыдущая статья

В Свислочи "живые" елки в продаже от 11 рублей