banner

Родная зямля – крыніца натхнення

07 Апреля’21
1471

Узнагароды і падарункі атрымалі пераможцы рэспубліканскага конкурса пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю?”.

Конкурс у пачатку навучальнага года аб’явіў цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яго прымеркавалі да завяршэння трэцяга Года малой радзімы.

Удзельнікі з розных куткоў нашай краіны дасылалі на конкурс вершы, эсэ, апавяданні, нарысы і іншыя творчыя працы па прапанаваным тэмам. У сваіх творах канкурсанты павінны былі адлюстраваць дасягненні ў развіцці рэгіёнаў Беларусі, увасобіць пачуцці гонару за сваю малую радзіму і любоў да яе гераічнага мінулага і славутага цяперашняга часу.

Не засталіся ў баку і юныя свіслачане – адгукнуліся на прапанову прысвяціць цёплыя радкі роднай старонцы. Арганізатары конкурса адзначылі, што творчыя працы нашых удзельнікаў адпавядалі заяўленым тэмам, мелі грамадскую актуальнасць, адрозніваліся арыгінальнасцю, высокім мастацкім узроўнем і дасканаласцю мовы.

Вынікі конкурсу парадавалі не толькі вучняў, але і іх педагогаў, з якімі яны працавалі ў тандэме. І вельмі прыемна, што паспяхова.

Каштоўныя падарункі і дыпломы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пераможцам і прызёрам конкурсу ўрачыста ўручыла галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Свіслацкага райвыканкама Наталля Кухарчык.



Дыпломы пераможцаў атрымалі вучаніца СШ № 2 Лізавета Раецкая (настаўнік Ірына Пракаповіч) і гімназістка Ангеліна Таўканіца (настаўнік Інэса Семяняка). Тры дыпломы ІІ ступені адправіліся ў Грынкаўскі ДС БШ. За выдатныя дасягненні ў конкурсе тут заахвочаны Яна Шыманчук, Данііл Пекар і Карына Пекар (настаўнік Марына Савоська).


Таксама дыпломам ІІ ступені ўзнагароджана вучаніца Корнадзьскага ДС БШ Дзіяна Навошчык (настаўнік Вольга Лысевіч). Дыплом ІІІ ступені ўручылі вучаніцы гімназіі № 1 Вераніцы Андрушка (настаўнік Інэса Семяняка).

Творчыя працы нашых удзельнікаў будуць надрукаваны ў асобным зборніку, у які ўвойдуць лепшыя конкурсныя творы.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Учащиеся и коллектив Хоневичского ДС СШ включились в ежегодную акцию «Неделя леса»