banner

Якая мілагучная мова мая родная

09 Марта’16
2893

Якая мілагучная мова мая родная

Штогод, пачынаючы з 2000 года, у лютым ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы.

У гэты дзень усе мовы прызнаюцца роўнымі, таму што кожная з іх адпавядае прызначэнню чалавека і кожная прадстаўляе жывую спадчыну, да якой мы павінны сур’ёзна адносіцца і аберагаць. Таму што кожны народ – гэта непаўторная культура, гісторыя, традыцыі, уклад жыцця.
Разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтага дня, прайшлі і ў нас.

Свіслацкая дзіцячая бібліятэка ў рамках Міжнароднага дня роднай мовы падрыхтавала для сваіх чытачоў, вучняў 5 класаў СШ № 2 імя М. П. Масонава, цікавы ўрок пад назвай “Які гэта цуд – мова мая родная”.
Ці добра мы знаем сваю родную мову? На гэта пытанне змаглі даць адказ школьнікі падчас мерапрыемства, знаходзячы няправільнае слова ў прыказках і прымаўках пра нашу мову, разгадваючы загадкі, успамінаючы назву казкі па яе пачатку, вызначаючы аўтараў вершаў, перакладаючы рускія словы.
Гэты ўрок з’явіўся яшчэ адным доказам, што наша мова квітнее і развіваецца, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і перашкоды, якія былі на яе шляху. І цяпер яна займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.

Якая мілагучная мова мая роднаяУ Поразаўскай бібліятэцы-цэнтры краязнаўства з гэтай нагоды адбылася літаратурная гасцёўня “Родная мова – крыніца натхнення”, дзе прысутныя яшчэ раз успомнілі пра гістарычны шлях нашай мовы. Дзеці чыталі вершы М. Танка, П. Панчанкі, Н. Гілевіча, А. Пысіна, П. Макаля, М. Мятліцкага, Я. Сіпакова аб роднай мове, гучалі запісы песень “Мой родны кут”, “Спадчына”. На мерапрыемства была запрошана мясцовая паэтка Л. Лукша, якая чытала свае вершы, напісаныя на беларускай мове. Вучаніца 9 класа Дар’я Карповіч прачытала свой верш, які яна прысвяціла Поразава. Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава “Роднага слова гук чароўны”.

На базе Дварчанскага ДС СШ быў арганізаваны тыдзень беларускай мовы.
Вучні 5–6 класаў на гадзіне творчасці “Па старонках любімых кніг” з задавальненнем малявалі ілюстрацыі да беларускіх твораў, якія найбольш зацікавілі іх. Рашэннем красвордаў, чайнвордаў, разгадваннем крыптаграм, прысвечаных пісьменнікам, паэтам, моваведам, творам мастацкай літаратуры і літаратурным героям займаліся вучні 7–8 класаў. З вучнямі 9, 11 класаў былі праведзены віктарыны па мовазнаўству і літаратуразнаўству. Пераможцы ўзнагароджаны пахвальнымі лістамі.
Завяршыўся тыдзень святам  “Даражыць пявучым гукам кожным”. Вучні ўспаміналі словамі шчырай любові і ўдзячнасці Я. Купалу, Я. Коласа, Цётку, М. Багдановіча, чыталі іх вершы. Вучні 7 класа Дар’я Мархалюк і Аляксандр Славецкі паказалі тэатралізаваную пастаноўку на твор Я. Купалы “Сын і маці”. На свяце гучалі беларускія народныя песні, а таксама песні на вершы беларускіх паэтаў.

 

Людміла БАЛЫШ.

Предыдущая статья

Трудоголик ли вы?