У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі Маргарыта Канцэвіч правяла майстар-клас па вырабу выцінанак

10 Июля’26
358

Карціны, вышыванкі, выцінанкі

У раённым гісторыка-краязнаўчым музеі была адкрыта персанальная выстаўка Маргарыты Канцэвіч. У экспазіцыі – раннія карціны, выцінанка, вышытыя касцюмы і рушнікі. Гэта яе першая выстаўка на малой радзіме. Жыве і працуе Маргарыта зараз у Іўе. І вось па запрашэнню Свіслацкага музея прывезла свае вырабы ў горад, дзе нарадзілася і вырасла. Тут яна з адзнакай скончыла дзіцячую школу мастацтваў,  а потым удасканаліла майстэрства ў Гродзенскім коледжы мастацтваў. Атрымаўшы дыплом, паехала па размеркаванні ў Іўе, уладкавалася ў аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры  На новым месцы Маргарыту прынялі вельмі цёпла. Яе непасрэдны начальнік Ірына Смірнова стала для Рыты і мамай, і бабуляй, і сяброўкай, і дарадчыцай.  Працуе Маргарыта там майстрам ужо пяць гадоў. За гэты час асвоіла майстэрства вышыўкі, якую амаль немагчыма адрозніць ад машыннай. Хоць, шчыра кажучы, вучылася гэтай справе ўсяго… тыдзень. Адна бабулька паказала ёй першыя азы, і дзяўчына імгненна падхапіла іх. У яе руках літаральна ажываюць іголка з ніткаю, і ствараюца на рушніках, на бялюткіх сарочках  прыгожыя беларускія ўзоры. А калі бярэ ў рукі чысты ліст паперы і нажніцы, то нараджаюцца выцінанкі. Яе работы настолькі тонкія і далікатныя, што проста дзіва. Гэта падкрэслівалі ўсе наведвальнікі ее выстаўкі, пакідаючы цёплыя водгукі у кнізе.

“Дрэва жыцця” – пераемнасць пакаленняў

У рамках выстаўкі Маргарыта Канцэвіч правяла майстар-клас для наведвальнікаў аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дняўнога прабывання грамадзянаў цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. На адной пляцоўцы сустрэліся два пакаленні, дзве эпохі, і гэта сустрэча была невыказальна цёплай і шчырай. Сімвалічна і тое, што выцінанкай стала дрэва жыцця, сімвал, які ўвасабляе ўзаемасувязь усяго існага, бяссмерце, гармонію прыроды і чалавека,  а таксама вечнае абнаўленне жыцця, служыць сямейным абярэгам, адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў і адзінства роду. Таксама сімвалічна, што менавіта ў Год Беларускай жанчыны адбываюцца такія мерапрыемствы, якія падкрэсліваюць таленты нашых суайчынніц, іх прага падзяліцца сваім уменнем ствараць прыгажосць.

Трэба было бачыць, з якім натхненнем жанчыны з пасівелымі скронямі, браліся за нажніцы і паперу і выразалі “дрэва жыцця”.

На наступны дзень у музей на майстар-клас да Маргарыты Канцэвіч прыйшлі выхаванцы лагера “Пілігрым“ Дабравольскай сярэдняй школы. У выставачнай зале музея лунала такая ж цёплая атмасфера. Хлопчыкі і дзяўчынкі заўзята працавалі нажніцамі і ў выніку ў кожнага атрымалася прыгожая маленькая “фіранка”.

Выстаўка ў музеі прабудзе яшчэ тыдзень. Яе могуць наведаць усе жадаючыя.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара. 

Предыдущая статья

Урок безопасности для воспитанников Порозовского детсада