banner

У госці запрасіў «Восеньскі кірмаш»

22 Ноября’19
2750
Вясёлае гулянне на мінулым тыдні разгарнулася ў сценах ясляў-сада № 2 г. Свіслачы. Тут праходзіў «Восеньскі кірмаш».


Такое мерапрыемства ў дашкольнай установе ладзіцца ўжо шосты год запар. Гэта, можна сказаць, брэндавае свята дзіцячага садка, якое мае самую высакародную мэту – дапамагчы хворым дзецям. Усе сабраныя грашовыя сродкі пералічваюцца на рахунак беларускага дзіцячага хоспіса, які знаходзіцца каля Мінска ў Бараўлянах. На днях ён адзначыў сваё 25-годдзе. Такім чынам і дашкольная ўстанова зрабіла яму падарунак.    

Як і ўсе святы ў дзіцячым садку, «Восеньскі кірмаш» прайшоў з размахам.  У актавай зале размясціліся сапраўдныя гандлёвыя рады, дзе можна было набыць розныя прысмакi, посуд для гаспадаркi, чаравiкi і шмат іншых карысных рэчаў. Упрыгожвалi інтэр’ер залы восеньскія кампазіцыі з садавiны і агароднiны, вырабы з прыроднага матэрыялу, тканыя дываны, вышываныя ручнікі і прадметы сялянскага быту. 


З самага пачатку тэатралізаванай пастаноўкі гасцей свята, бацькоў выхаванцаў, захапілі яркія сцэны таргоў, якія праходзілі на кірмашах у далёкім мінулым. Гледачы  поўнасцю акунуліся ў тую атмасферу, дзе кожны прадавец па-свойму зазываў пакупнікоў,  выбіраючы для гэтага самыя розныя спосабы. 


Былі на кірмашы і знаёмыя беларускія персанажы: Лявон з жонкай, пацешны Несцерка, Ніканораўна з Хрыстафораўнай, а таксама наравісты конь. Гарманічна ўліваліся ў баталіі герояў выступленні выхаванцаў старэйшых груп дзіцячага садка. Беларускія вершы, песні і танцы кранулі гледачоў да глыбіні душы. На свяце дзеці змаглі прайсціся па гандлёвых радах, пагутарыць з прадаўцамі, а таксама пагуляць з вясёлымі героямі ў беларускія рухавыя гульні.


Вабіла гасцей і лялечная выстаўка. Якіх толькі цацак на ёй не было! Але галоўнае тое, як прыгожа яны ўсе былі апрануты. Убранне для кожнай з іх пашыла кастэлянка садка Наталля Калач. Асабліва захаплялі лялькі ў нацыянальных беларускіх касцюмах.


Ажывілася зала, калі ўнеслі румяныя бліны. Кожны жадаючы мог набыць іх у вялікай колькасці, а ўзамен пакінуць грошы для хворых дзетак бараўлянскага хоспіса. Сума невялікая, але, як адзначыла загадчык ясляў-сада Алена Качко, нават яна будзе дарэчы на розныя патрэбы ўстановы.


Мерапрыемства завяршылася добра вядомай развітальнай кампазіцыяй «Бывайце здаровы», якую выканалі разам і ўдзельнікі свята, і гледачы. А на памяць яшчэ засталіся незабыўныя ўражанні і цёплыя ўспаміны.

Сняжана ЖУРНЕВІЧ
Фото автора

Предыдущая статья

Как я был в роли учителя истории