Горад з унікальнай спадчынай
Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года. Свята хутка набыло папулярнасць сярод беларусаў. Яно стала сімвалам культурнай самаідэнтыфікацыі нашага народа і пляцоўкай, дзе сустракаюцца творцы і чытачы, абмяркоўваюцца актуальныя пытанні моўных традыцый і спадчыны.
Сёлета мерапрыемства прысвечана некалькім значным датам: 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, 500-годдзю выхаду кнігі «Апостал» Францыска Скарыны, а таксама юбілеям выдатных дзеячаў нацыянальнай літаратуры.
Ліда – гэта не проста чарговая пляцоўка, якая прымае XXXII Дзень беларускага пісьменства. Гэта горад з унікальнай спадчынай – яго гісторыя налічвае амаль сем стагоддзяў. Славіцца райцэнтр сваімі архітэктурнымі помнікамі, у прыватнасці, замкам, які быў пабудаваны ў 1323 годзе. Горад не толькі багаты на гісторыю, але і з'яўляецца важным цэнтрам беларускай культуры, сярод яго ўраджэнцаў – выбітныя асобы. Сваё імя ў гісторыю Ліды і ўсёй краіны назаўжды ўпісаў Валянцін Таўлай – таленавіты паэт і літаратуразнавец, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі, разведчык, рэзідэнт партызанскага штаба на службе ў нямецкіх акупацыйных уладаў і кіраўнік антыфашысцкай агентурнай сеткі. У Лідзе ён вучыўся ў школе, пазней працаваў у рэдакцыях газет. На жаль, жыццё паэта абарвалася вельмі рана – у 33 гады. Сёння ў горадзе працуе Дом Валянціна Таўлая – філіял Лідскага дзяржаўнага гісторыка-мастацкага музея, а ў Дзень беларускага пісьменства гэтаму майстру слова і сапраўднаму патрыёту будзе адкрыты помнік.
Будзе насычана і цікава

Першыя выхадныя восенi ў Лiдзе абяцаюць стаць яркай падзеяй не толькі для лiдчан, але і для шырокай грамадскасці. Дзень пісьменства будзе насычаным і цікавым. Гасцей чакае разнастайная праграма. У горадзе збяруцца аматары літаратуры, пісьменнікi, вучоныя, журналісты і ўсе, хто шануе беларускае слова. Урачыстае адкрыццё свята, цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі і «Лідскія чытаннi» запланаваны на 6 верасня.
Міністэрства інфармацыі Беларусі арганізуе традыцыйны фестываль кнігі і прэсы, дзе госці змогуць азнаёміцца з навінкамі беларускага выдавецкага рынку, паўдзельнічаць у майстар-класах і літаратурных дэбатах. Для наведвальнікаў падрыхтаваны інтэрактыўныя зоны ад БРСМ, Беларускага саюза жанчын, бібліятэк і СМІ Гродзенскай вобласці, спартыўныя і дзіцячыя пляцоўкі, работа фудкортаў.
Адным з яскравых акцэнтаў у праграме стане серыя бясплатных пешаходных экскурсій, арганізаваных пры падтрымцы Нацыянальнага агенцтва па турызме. Мясцовыя гіды правядуць па старажытных вулачках, раскажуць пра архітэктуру, легенды горада і яго культурныя славутасці. Распрацаваны новы аўтобусна-пешаходны маршрут – «Месцы сілы на Лідчыне». Ён уключае шэраг аб'ектаў, размешчаных на тэрыторыі раёна: гісторыка-культурныя каштоўнасці, былыя сядзібы, мемарыялы, помнікі драўлянага дойлідства.
Трэба дадаць, што да свята Ліда абнавiлася і прыхарашылася. Напрыклад, на мясцовай пешаходнай вуліцы Замкавай стала на адну знакавую лакацыю больш: на бульвары князя Гедыміна з'явілася алея арт-лавак. У кожнай – сваё непаўторнае аблічча. Уражаннi гарантаваны.
Свята стане не толькі данінай павагі да гісторыі пісьменства, але і выдатнай магчымасцю пагрузіцца ў атмасферу беларускай культуры. Гасцей чакаюць тэматычныя пляцоўкі, выстаўкi, мабiльная экспазiцыя, інтэрактывы, горад майстроў, канцэрты, ваенна-гiстарычная рэканструкцыя, гастранамiчны фэст.
І гэта далёка не поўны спіс.
Нам ёсць што паказаць
Свае таленты прадэманструе ў Лiдзе i Свiслаччына. Нам ёсць што паказаць, чым прыцягнуць увагу гледача, чым ганарыцца. На Дні беларускага пiсьменства будзе красавацца поразаўская банкуха, якая ў 2019 годзе ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, а таксама вырабы майстроў аддзела рамёстваў i традыцыйнай культуры. На святочных пляцоўках выступяць творчыя калектывы Свiслацкай дзіцячай школы мастацтваў, народны фальклорны калектыў «Крынiчанька», народны вакальны калектыў ветэранаў працы «Спадчына», народны тэатр эстрадных мініяцюр «СуперСтар» i народны ансамбль музыкі і песні «Пушчанскiя напевы». На адной сцэне з баяністамі-гарманістамі з усёй вобласці сыграюць нашы музыканты-віртуозы Вiктар Барэль i Юрый Прасняк.

Дзень беларускага пісьменства нагадае нам пра важнасць захавання роднай мовы, павагу да сваіх традыцый і каштоўнасцей. Свята пройдзе, але ўражанне ад яго застанецца ў сэрцах людзей, якія любяць беларускае слова і захапляюцца прыгажосцю роднай культуры.

Іван ЛАМАШКЕВІЧ
|
Дарогі У кожнага свая дарога, Свая сцяжынка ці свой шлях Найперш да школьнага парога, А потым – і ў жыцця размах. Іх шмат прадстане перад намі, Ды толькі – па якой ісці, Каб крочыць вернымі шагамі, І як патрэбную знайсці? Калі ёсць мэта – быць сцяжыне, Галоўнае – не скрочыць убок, Да храма хай яна не згіне, Сюды нас кліча Творца-Бог. Шырокія жыцця сцяжыны, Але і многа ў іх спакус, Ды помні, што ты сын Айчыны, І не забудзь, што беларус. О вы дарожанькі-сцяжыны, Куды б нi клікалі вы нас, Хай толькі шлях той будзе мірны І каб у добры, добры час! |
Я – сын Прынямоння Купала і Колас Нібы ў адзін голас Праславілі нашу святую зямлю. Таму, можа, сёння Я, сые Прынямоння, Зямлю маіх продкаў, Як маці, люблю. Бо тут нарадзіуся І тут Пахрысціўся, Тут матчыну мову спасціг у буквары. Тут песняй салоўка Будзіў нас на золку, Зязюлькадарыла гады ў гушчары Тут з маці ў полі Лён сіні палолі, Спявала мне песні матуля штодня. Спеў з рэхам зліваўся, А я дзіваваўся Якая ж ты казка, Радзіма мая! |
Наталля ТУРКО





