banner

Шлях да мары. Інтэрв’ю з кампазітарам Яўгенам Паплаўскім

15 Октября’19
1178
Напрыканцы верасня на сустрэчу з вучнямі і педагогамі Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў завітаў наш вядомы зямляк – кампазітар Яўген Паплаўскі. Мы скарысталіся магчымасцю сустрэцца з Яўгенам Уладзіміравічам, каб, па-першае, павіншаваць яго з нядаўнім юбілеем, а па-другое, зрабіць невялікае інтэрв’ю пра яго шлях да мастацтва.



– Яўген Уладзіміравіч, калі і адкуль пайшло ваша захапленне музыкай?

– З самага дзяцінства. У мяне была музычная сям’я. І тата, і мама вельмі прыгожа спявалі. Мой дзядзька Станіслаў Паплаўскі добра іграў на гармоніку, а я любіў пад яго акампанемент спяваць. А маці іграла на мандаліне – старадаўнім інструменце, як лічылася ў сям’і, італьянскага паходжання. У дзевяць гадоў я ўжо ведаў, што буду кампазітарам.

– Вельмі нетыповая для дзіцяці мара аб прафесіі.

– Так. На самой справе. Я не ведаў, якім шляхам гэта можа адбыцца, але быў у гэтым упэўнены. А ведаеце, што заахвочвала? Што кампазітар – свабодны чалавек. Ён працуе, калі яму хочацца. Можа пісаць музыку, а можа не пісаць (усміхаецца). А тут трэба ў школу хадзіць кожны дзень.

– А якімі былі вашы першыя музычныя інструменты?

– Самым першым, як памятаю, быў невялікі барабан. І я на ім адбіваў рытм. Па радыё гучала музыка, а я падыгрываў. Потым быў звычайны дзіцячы пасвісцёл, а затым у нас дома з’явіўся ўнікальны інструмент – блокфлейта. Адкуль яна ўзялася, я не памятаю, але гэта быў сапраўдны прафесійны інструмент. Іграць па-сапраўднаму на ёй я не ўмеў, але штосьці падбіраў, нейкую музыку. 

– А дзе атрымалі пачатковую музычную адукацыю?

– У Свіслацкай дзіцячай музычнай школе, па класе баяна ў Мікалая Андрэевіча Барэля. Школа ў тыя часы была ў будынку, дзе зараз размяшчаецца краязнаўчы музей. Тры разы на тыдзень ездзілі з Поразава. Дабіраліся па-рознаму: калі на аўтобусе, а часам на папутках на мяхах з бульбай ці бураках. Памятаю, аднойчы зімой быў моцны мароз за 30 градусаў і аўтобус вечарам на Поразава не пайшоў. З пошты я патэлефанаваў да бацькоў, і матуля дагаварылася, каб нам, дзецям, пераначаваць у гасцініцы. І толькі раніцай мы вярнуліся ў Поразава і пайшлі адразу ў школу.

– Выходзіць, любоў да музыкі праходзіла праз суровыя выпрабаванні?

– Так, але цягі да выканання ў мяне не было, хоць і добра валодаў інструментам. А вось да стварэння музыкі душа імкнулася. Аднойчы на акадэмічным канцэрце ў школе дырэктар Іван Андрэевіч Барэль кажа: «Мы ведаем, што ты складаеш музыку. А свае творы можаш паказаць?» Паказаў і быў накіраваны для ўдзелу ў першым абласным конкурсе юных кампазітараў.

– Вось як? Ну і якім быў вынік?

– Там адбылася вельмі цікавая гісторыя. Спачатку адыграў на баяне свае прэлюдыі і эцюды, а потым сеў за фартэпіяна і «ўрубіў па року». На падвядзенні вынікаў старшыня журы Віталь Радзівонаў устаў і сказаў: «Каб больш такіх не прывозілі!»

– Я так разумею, прызавога месца вам не далі?

– Аб чым вы! Якое месца! Едзем з Гродна аўтобусам, месяц лістапад, цемра за вокнамі, а ў дырэктара Поразаўскай музычнай школы-філіяла Аркадзя Каштана такі сумны твар. На ўсё жыццё запомніў.

– Гэта першая кампазітарская няўдача не адбіла ў вас жадання надалей ствараць музыку?

– Не, наадварот, вырашыў, што ствараць музыку буду абавязкова. Пасля школы паступіў у Гродзенскае музычнае вучылішча па класе баяна да Алега Іванавіча Аліфяровіча, вельмі цудоўнага педагога. Там прадоўжыў пісаць музыку, і ён адвёў мяне да таго ж Віталія Радзівонава, які выкладаў у нашым вучылішчы кампазіцыю. Мы па сённяшні дзень падтрымліваем з ім сяброўскія адносіны, тэлефануем адзін аднаму. Аднойчы я напомніў яму пра той конкурс, і ён мне сказаў: «Гэта быў мой самы вялікі педагагічны промах».

Віталій Канстанцінавіч – чалавек вельмі шчыры, адданы працы, надзвычайна адукаваны ў розных галінах. Ён стварыў у вучылішчы гурток, членамі якога былі вядомыя сёння не толькі на Беларусі дзеячы мастацтва: Андрэй Бандарэнка, Валерый Жывалеўскі, Уладзімір Захараў. Сваім выхаванцам Радзівонаў даваў намнога больш таго, што прапанавала праграма навучальнай установы. Мы слухалі розную музыку, абмяркоўвалі яе, спрачаліся, часам ледзь не біліся.

– Чым яшчэ запомніліся гады вучобы ў Гродне?

– Праз два гады вучобы я зразумеў, што эстрада – гэта не маё. У 16 гадоў поўнасцю перавярнуўся светапогляд: я пачаў цікавіцца жывапісам, гісторыяй, літаратурай, спрабаваў унікаць у класіку XVIII–XIX стагоддзяў. Мы слухалі сучасную музыку XX стагоддзя, знаёміліся з працамі і багаслоўскімі трактатамі Бярдзяева, Булгакава, Салаўёва, Белага і іншых. Слухалі заходнюю музыку, якую амаль нідзе не вывучалі. І пісалі сваю. Вучылішча я заканчваў са сваёй музыкай.

– На гэтым, спадзяюся, прыгоды на шляху да мары скончыліся?

– Не зусім так. Была яшчэ першая спроба паступлення ў Беларускую кансерваторыю, якая скончылася няўдачай. Колькасць месцаў на кампазіцыю была вельмі нязначнай, здаецца, пяць чалавек толькі набіралі. І я пайшоў у армію. Трапіў у «вучэбку» на вадзіцеля, а потым, калі даведаліся, што я маю музычную адукацыю, прапанавалі іграць у духавым аркестры. За паўгода, займаючыся па 6 гадзін у дзень, я дасканала асвоіў трамбон і іграў на ім складаныя п’есы. Наш дырыжор угаворваў мяне паступаць на ваенна-дырыжорскі факультэт Маскоўскай кансерваторыі, але я не ўяўляў сябе ваенным дырыжорам, я хацеў быць кампазітарам. 

Пасля арміі мая мара здзейснілася і я паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў клас кампазіцыі да Iгapa Лучанка. Пасля яе заканчэння стажыраваўся пад кіраўніцтвам Сяргея Сланімскага ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, браў удзел у майстар-класах Тон дэ Леюва. Але гэта ўжо зусім другая гісторыя… 


На жаль, час нашай размовы заканчваецца. Сустрэчу з Майстрам ужо чакаюць у актавай зале дзеці, бацькі і настаўнікі школы. Але я ўпэўнены, што гэта наша не апошняя сустрэча. Член Беларускага саюза кампазітараў, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Яўген Паплаўскі ўвесь час у творчым пошуку. І яшчэ не раз ён наведае і бацькоўскі дом у Поразава, і завітае на сустрэчу з маладымі талентамі ў Свіслацкую дзіцячую школу мастацтваў. І хто ведае, можа, зараз у яе сценах падрастаюць будучыя кампазітары, якія ў свой час таксама праславяць сваю малую радзіму так, як праславіў яе Яўген Паплаўскі.

Ігар БАЯРКІН
Фота аўтара

Предыдущая статья

В Свислочи начали отключать отопление