banner

Праект “Свіслацкай газеты” да Году народнага адзінства: Роднае Народнае. Партызанская клятва

30 Марта’21
1265
owhNcOaZMp0.jpg77 гадоў таму ў выніку наступальных баявых дзеянняў частак Савецкай арміі наш раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так скончыўся 1116-дзённы акупацыйны рэжым, устаноўлены гітлераўцамі на свіслацкай зямлі. У вячэрняй зводцы 17 ліпеня 1944 года Савінфармбюро паведаміла: «На паўночны захад ад Ваўкавыска часці Н-скага злучэння, развіваючы наступленне, авалодалі раённым цэнтрам Беластоцкай вобласці горадам Свіслач, а таксама з баямі занялі больш за 100 населеных пунктаў, у тым ліку такія, як «Бераставіца і чыгуначныя станцыі Андрэевічы, Рудаўка, Свіслач». У працяглых баях знішчана больш за 1000 варожых салдат і афіцэраў, 6 нямецкіх танкаў і 24 гарматы. Захоплена 11 гармат і 48 кулямётаў. Узята каля 200 палонных». Гэта кароткае паведамленне маскоўскага радыё стала магчымым пасля паспяховых дзеянняў армій франтоў, якія ў кровапралітных баях прасоўваліся на захад да дзяржаўнай мяжы. А да таго радаснага моманту, калі над Свіслаччынай узвіўся пераможны чырвоны сцяг, тут, у горане акупацыі, падрывалі моц фашыстаў падпольшчыкі і партызаны. Шмат іх было – групы, атрады, брыгады...

Масавае супраціўленне ворагу на Свіслаччыне, як і на ўсёй акупіраванай тэрыторыі Беларусі, пачалося ўжо з першых дзён вайны. Тут, у тыле ворага, засталіся адрэзаныя надыходам фашыстаў салдаты і афіцэры Чырвонай арміі, партыйныя і савецкія работнікі раёна. Яны і сталі арганізатарамі падпольных і партызанскіх груп. Да іх далучылася мясцовае насельніцтва. Шла сапраўды народная вайна. Якраз такая, пра якую спяваецца ў патрыятычнай песні «Свяшчэнная вайна» – гімне абароны Айчыны ў гады Вялікай Айчыннай. 

Як на смяротны бой з ворагам уставалі народныя мсціўцы на акупаванай Свіслаччыне? Вядома, што ўжо на другі дзень пасля нападу фашысцкай Германіі на СССР жыхары вёсак Сабалькі і Куклічы, былыя члены КПЗБ В. В. Янушка, С. К. Куцько, А. С. Саўко наладзілі сувязь з 37 сваімі таварышамі з вёсак Баравікі, Церахавічы, Дзешкаўцы, Мінічы, Масушыны, Навікі, Новы Двор, Лозы, Лаўрынавічы, Алісевічы, Рудня і Верашчакі. Быў створаны антыфашысцкі камітэт, кіраўніцтва якога даверылі В. В. Янушцы. Група пад яго кіраўніцтвам разгарнула актыўную дзейнасць. Збіралі зброю, вялі прапаганду сярод насельніцтва, наладжвалі сувязь з дзеючымі ў тыле ворага салдатамі і афіцэрамі Чырвонай арміі. Члены камітэта перадалі партызанам 9 кулямётаў, 158 вінтовак, 90 кг трацілу, 35 гранат і шмат іншай зброі. Спачатку ў лясах Белавежскай пушчы і іншых месцах раёна дзейнічалі разрозненыя партызанскія групоўкі. Партызаны займаліся шырокай агітацыяй сярод насельніцтва, барацьбой са здраднікамі, наладжвалі і падтрымлівалі сувязь з Вялікай зямлёй, збіралі каштоўныя звесткі аб дыслакацыі і перамяшчэнні войскаў праціўніка, праводзілі баявыя аперацыі.

Дастаткова шырока распаўсюдзіўся партызанскі рух пад аховай нашых лясоў. Нямала сведчанняў-успамінаў, занатаваных на паперы, фотаматэрыялаў, рэчаў з партызанскіх зямлянак пакінута для нас, патомкаў. Сёння гэты скарб памяці захоўвае Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей.

Сваё пачэснае месца ў музейнай экспазіцыі займае ваенная гісторыя невялікай вёсачкі Сабалькі, якую ў саракавыя гады называлі «партызанскай гасцініцай». Чаму? З першых дзён акупацыі вёска апынулася ў віры вайны. Яе жыхары ратавалі ад варожага палону і смерці раненых байцоў і камандзіраў. Пастаянна аказвалі дапамогу партызанскім атрадам з Белавежскай пушчы, збіралі для іх зброю, пяклі хлеб, варылі гарачую ежу. Тут народныя мсціўцы адпачывалі пасля баёў з фашыстамі і доўгіх паходаў. За гасціннасць і ветлівасць, з якімі, нягледзячы на смяротную небяспеку і рызыку, сустракалі сабальчане партызан, тыя і называлі вёску «партызанскай гасцініцай».



Дарэчы, Вікенцій Янушка, арганізатар Поразаўскага падпольнага антыфашысцкага камітэта, што ўзнік у пачатку вайны, быў ураджэнцам Сабалькоў. У жніўні 1941-га Янушка стварыў і ўзначаліў партызанскую групу, якая ў верасні перарасла ў атрад Паддубнага (па падпольнай мянушцы камандзіра). Да жніўня 1942 года ў ім было 180 чалавек. Гэтыя народныя мсціўцы таксама адчувалі падтрымку Сабалькоў. Савецкі ўрад высока ацаніў ратны подзвіг жыхароў «партызанскай гасцініцы». Многія мясцовыя народныя змагары атрымалі ўзнагароды, у тым ліку і медаль «Партызану Айчыннай вайны».

Стойкімі былі беларускія партызаны. Як вядомы арганізатар партызанскага руху ў нашым раёне Мікалай Русак. У пачатку вайны з мясцовых актывістаў ён стварыў партызанскую групу, якая злучылася з партызанскім атрадам імя А. В. Суворава, затым – з партызанскай брыгадай «Савецкая Беларусь».



Мікалай Мікітавіч быў правадніком партызан па тэрыторыі Белавежскай пушчы, за што яго называлі «гаспадаром пушчы». Кажуць, за галаву Русака немцы давалі 10 тысяч марак. З лістапада 1943 года ён – у складзе разведвальна-дыверсійнай групы НКДБ СССР «Стойкія». Удзельнічаў у падрыве варожых эшалонаў, чыгуначных мастоў. Загінуў у баі з гітлераўцамі на хутары Даўнары. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У тым баі разам з Мікалаем Русаком загінуў і камандзір «Стойкіх» Іван Паваразнюк. Тыя, хто вырваўся з акружэння, працягвалі барацьбу з ворагам. А ўзначаліў групу Канстанцін Груздзеў. Пасля вайны свае ўспаміны ён склаў у кнігу «Салдаты партызанскага фронту», якая пабачыла свет у 1969 годзе, і прысвяціў у ёй Мікалаю Русаку асобную главу – «Гаспадар пушчы». Выданне ёсць і ў фондах раённага музея. Як і здымкі, якія сведчаць аб тым, што Канстанцін Груздзеў у 80-я гады не раз прыязджаў на Свіслаччыну, на зямлю, палітую крывёй яго баявых таварышаў, пабываў і на малой радзіме Мікалая Русака, у Дабраволі, сустрэўся са школьнікамі (згадзіцеся, удзельнікам той сустрэчы можна пазайздросціць). 

Актыўна змагаліся партызанскія атрады, не давалі фашыстам спакою. З рапарта 91-га батальёна паліцыі: «Партызаны маюць выдатную інфармацыю. Для перамяшчэння карыстаюцца калёсамі. Сяляне днём займаюцца звычайнай працай, а ўначы ваююць ці дапамагаюць партызанам». Уявіце толькі: у вёсцы Свянціца знаходзілася партызанская пякарня, якая рэгулярна забяспечвала атрады хлебам! Між тым партызанскія групы і атрады дзейнічалі ў Белавежскай пушчы і яе наваколлі ў вельмі цяжкіх умовах: мясцовыя жыхары фашыстамі высяляліся або знішчаліся, населеныя пункты спальваліся або ператвараліся ва ўмацаваныя гарнізоны.

Так, лёс спаленых вёсак і партызанскі рух пераплецены адзін з адным. Бо ў попеле беларускіх населеных пунктаў вораг хацеў пахаваць актыўнасць партызан. Але эфект быў адваротным і нарадзіў клятву савецкіх партызан: «Я, грамадзянін вялікага Савецкага Саюза, верны сын гераічнага рускага народа, клянуся, што не выпушчу з рук зброі, пакуль апошні фашысцкі гад на зямлі не будзе знішчаны. За спаленыя гарады і вёскі, за смерць дзяцей нашых, за катаванні, гвалт і здзекі над маім народам я клянуся помсціць жорстка, бязлітасна і нястомна. Кроў за кроў! Смерць за смерць! Я прысягаю, што хутчэй памру ў жорсткім баі з ворагам, чым аддам сябе, сваю сям’ю і ўвесь савецкі народ у рабства вераломнага фашызму!»

Пасля выхаду «Свіслацкай газеты», дзе быў надрукаваны матэрыял навуковага супрацоўніка раённага гісторыка-краязнаўчага музея Людмілы Жук «Сожженные войной», у музей патэлефанаваў васьмідзесяцігадовы свіслачанін Георгій Іванавіч Кісялеўскі. Ён – ураджэнец вёскі Тушамлі. Разам са старэйшым братам Іванам, 1932 года нараджэння, які зараз жыве ў Мяльнова, яны – маленькія сведкі вогненнага лёсу гэтай пушчанскай вёсачкі.



Тушамлянцы ў даваенны час. Іван Кісялеўскі – першы злева ў першым радзе. 

З успамінаў братоў Івана і Георгія КІСЯЛЕЎСКІХ:
– Калі нас высялялі, па адной, па дзве падводы далі на гаспадара. Збірай сваю маёмасць – і каб праз пару часоў не было вас тут. Для дзяцей малых і старых людзей дзве машыны прыгналі. Жора яшчэ ў калысцы быў, яго з маткай у машыну, а Івану і Гандзі ўсё казалі: «Да таткі, да таткі ідзі». На воз, значыць. А ці сядзеш там?! Рэчы ж пагрузілі. Трэба было б пяшком побач ісці. Стаім мы ля машыны. Тут тата падышоў, хутка нас пад рукі пабраў – і ў кузаў. Немец вылаяўся, але нічога... Толькі сталі ад’язджаць машыны – ужо хутары гараць. Вароні Бор, Канюхова, Ціхаволя, Тушамля, Масева... Усё спалена было. Толькі Чола пакінулі, бо там немцы былі. Старэйшыя гаварылі: «Можа, нас на якія лепшыя землі павязуць». А другія плакалі, баяліся, што расстраляюць. Завязлі нас пад Поразава, скінулі на пожню, зжатае жыта, развярнуліся і паехалі. Што хочаш, тое і рабі. Пасядзелі, сонца ўжо стала заходзіць, пайшлі прасіцца ў людзей, каб хто прыняў малых дзяцей. Настаўніца адна кажа: «Я забяру вас». Нас у школу завялі, на пол палягалі. Вось і ўсё. А тых, хто падводамі з рэчамі ехаў, у другую вёску накіравалі. Тата знайшоў нас на наступны дзень і забраў да цёткі. У іх сям’я вялікая, а тут яшчэ мы... Куды дзявацца? Трэба было шукаць дзесьці месца. Тата знайшоў кватэру ў Гаркаўшчыне. Пакуль акупацыя была, там і жылі.

Падрыхтавала Наталля ТУРКО

Предыдущая статья

Lukashenko in favor of preserving strong presidential authority